Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Тады прыйшлі да яго кніжнікі й фарызэі з Ерузаліму й сказалі:
Чаму твае вучні нарушаюць установу старшых? Ня мыюць бо рук, як ядуць хлеб.
Ён-жа сказаў ім у адказ: А чаму-ж і вы нарушаеце прыказанне Божае дзеля вашае установы? Бо-ж сказаў Бог:
«Паважай бацьку і матку» (Выйсь. 20:12), і: «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, хай сьмерцю ўмрэ» (Выйсь. 21:17).
А вы гаворыце: «Хто-б сказаў бацьку ці матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца»
той можа й не шанаваць бацькі свайго й маткі свае. Гэтак скасавалі вы прыказанне Божае вашаю ўстановаю.
Крывадушнікі, добра аб вас прарочыў Ізай (29:13), кажучы:
«Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх далёка ад мяне;
дарэмнаж яны чэсьць мне аддаюць, вучачы навук і прыказанняў чалавечых».
І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: слухайце і зразумейце.
Ня тое апаганвае чалавека што ўваходзіць у вусны, але тое апаганвае чалавека, што выйходзіць з вуснаў.
Тады вучні ягоныя, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?
Ён-жа ў адказ кажа ім: Усякая расьціна, каторай не пасадзіў Айцец мой нябесны будзе выкаранена.
Пакінце іх: яны сьляпыя і правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму.
У адказ яму адазваўся Пётр: Раз’ясьні нам прыповесьць гэту.
А ён ім: Няўжэ і вы яшчэ без зразумення?
Ціж вы ня ўцеелі таго, што ўсё ўваходзячае ў вусны, прайходзіць у жывот і выкідаецца вон?
А выйходзячае з вуснаў — з сэрца йдзе; і гэта апаганвае чалавека.
З сэрца бо йдуць благія думкі, душагубства, распусства, зладзейства, крывапрысягі блюзнерствы.
Вось што апаганвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганвае чалавека.
І, выйшаўшы адтуль, пайшоў Езус у староны Тыру і Сыдону.
І вось жанчына Хананэйка, што йшла з тых ваколіц, крычма яго маліла: Зжалься нада мною, Усеспадару, Сыне Давіда, дачку маю цяжка мучыць нячысты:
Ён не адказаў ёй ні слова. А падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго, кажучы: Адпраў яе, бо крычыць усьлед за намі.
Ён-жа ў вадказ ім кажа: Я пасланы толькі да авец, загінуўшых з дому Ізраэля.
Адыж яна, збліжыўшыся, ўпала яму да ног, молячы: Усеспадару, памажы мне.
Ён адзываецца ў адказ: Не гадзіцца браць хлеб дзяцей ды кідаць шчанятам.
Але яна наставала: Так, Спадару, адыж і шчанята ядуць крошкі, што падаюць із стала іхніх гаспадароў.
Тады Езус ёй адказвае: О, жанчына, вялікая вера твая, хай-жа станецца табе, як ты хочаш! І аздаравела дачка ейная ад тае гадзіны.
І адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Езус да Галілейскага мора і, ўступіўшы, на гару, сеў там.
І назбіралася к яму багата народу, маючы з сабою нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх ды шмат іншых; клалі іх ля ног ягоных і аздараўляў іх
так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачых, кульгавых ходзячых, сьляпых відзячых і вялікомілі Бога Ізраэлявага.
Езус-жа, прыклікаўшы сваіх вучняў, сказалі: Шкада мне грамады, ўжо бо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а ня хочу іх адпусьціць галодных, каб не паслабелі ў дарозе.
І гавораць яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?
І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны кажуць: Сем і некулькі рыбак.
І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.
І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.
І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, назбіралі сем кашоў поўных.
Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку ды прыбыў у ваколіцы Магэдану.