Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Потым падышлі да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Ерузаліма, кажучы:
«Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:
“Шануй бацьку твайго і маці”, і таксама: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
Вы ж кажаце: “Той, хто скажа бацьку або маці: “Дар ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
той можа не шанаваць бацькі свайго ці маці сваю”. Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.
Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
“Гэты народ набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і шануе Мяне языком, але сэрца іх далёка ад Мяне;
ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія”».
І, склікаўшы людзей, казаў ім: «Слухайце і разумейце:
не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».
Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, выкарчавана будзе.
Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».
А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідаецца вонкі?
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.
Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзненні.
Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.
І вось, жанчына хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе».
А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».
Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля».
А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»
Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам».
А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».
Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.
І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сядзеў там.
І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Ісуса, і Ён аздаравіў іх,
так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя аздараўляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.
Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».
І кажуць Яму вучні Яго: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»
І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».
І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.
І, узяўшы сем хлябоў і рыбу і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.
І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў.
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у межы Магдаліна.