Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І, склікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
 

А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сімон, якога завуць Пётрам, і Андрэй, брат яго, і Якуб, сын Зебядзееў, ды Ян, брат яго;
 

Піліп і Баўтрамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб, сын Алфееў, і Тадэй,
 

Сімон Кананіт і Юда Іскарыёт, які Яго выдаў.
 

Гэтых дванаццаць паслаў Ісус, загадваючы ім ды кажучы: «На шлях паганаў не ўступайце і ў гарады самарыцянаў не ўваходзьце.
 

Але перш ідзіце да загубленых авечак дому Ізраэля.
 

А ідучы, прапаведуйце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
 

Хворых аздараўляйце, памерлых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
 

Не майце ў капшуках вашых ані золата, ані срэбра, ані медзі,
 

ані торбы ў дарогу, ані дзвюх тунік, ані пасталоў, ані кія. Бо працаўнік варты пракорму свайго.
 

А ў які горад або вёску зойдзеце, спытайцеся, хто ў ім прыстойны, ды там заставайцеся аж да свайго адыходу.
 

Уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: “Супакой дому гэтаму”.
 

І, калі дом той будзе варты, сыйдзе супакой ваш на яго. А калі не будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.
 

А калі б хто вас не прыняў ды не слухаў слоў вашых, выйшаўшы вон з дома або з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
 

Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чым таму гораду.
 

Вось жа, пасылаю Я вас, нібы авечак сярод ваўкоў; дык будзьце разважлівымі, як змеі, і нявінныя, як галубы.
 

Сцеражыцеся людзей; бо павядуць вас на суды і ў сінагогах лупцаваць вас будуць.
 

І за Мяне павядуць вас да намеснікаў і да ўладароў на сведчанне ім і паганам.
 

А калі вас выдаваць будуць, не думайце, як і што гаварыць, бо ў той час будзе дадзена вам, што сказаць.
 

Бо не вы будзеце тымі, што гавораць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
 

І выдасць на смерць брат брата, а бацька — сына; і паўстануць сыны на бацькоў, і да смерці іх спрычыняцца.
 

І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 

Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Бо сапраўды кажу вам: не пройдзеце да канца гарадоў Ізраэля, аж прыйдзе Сын Чалавечы.
 

Вучань не вышэй за настаўніка, ані паслугач не вышэй за гаспадара свайго.
 

Хопіць для вучня, каб быў як настаўнік яго, а для паслугача — як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх яго.
 

Дык не бойцеся іх. Бо няма нічога скрытага, што не было б выяўлена, і нічога таемнага, што не стала б вядомым.
 

Тое, што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
 

І не бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы забіць не могуць. Але бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у пекле.
 

Ці ж не за ас прадаюць двух вераб’ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без ведама Айца вашага.
 

Нават і валасы вашы на галаве ўсе палічаны.
 

Дык не бойцеся, вы намнога важнейшыя за вераб’ёў.
 

Дык вось, кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у небе.
 

А хто Мяне зрачэцца перад людзьмі, зракуся таго і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у небе.
 

Не думайце, што Я прыйшоў прынесці супакой на зямлю. Не супакой прыйшоў Я прынесці, але меч.
 

Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад бацькі яго, дачку ад маці яе, сынавую ад свекрыві яе.
 

І ворагі чалавеку хатнія яго.
 

Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, той не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, той не варты Мяне.
 

І хто не прымае крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
 

І хто знойдзе душу сваю, той згубіць яе, а хто аддасць душу сваю за Мяне — знойдзе яе.
 

Хто прымае вас — Мяне прымае, а хто Мяне прымае — прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
 

Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае.
 

І хто хаця б напіцца дасць кубак халоднай вады аднаму з гэтых найменшых толькі за імя вучня, сапраўды кажу вам: не страціць ён узнагароды сваёй».