Мацьвея 14 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса.
 

Дык гаварыў ён паслугачам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды».
 

Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго.
 

Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе».
 

І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам.
 

Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду.
 

Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.
 

Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
 

Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі.
 

І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы.
 

І прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.
 

А вучні яго, прыступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу.
 

Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў.
 

І, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх.
 

Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў».
 

Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».
 

Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы».
 

Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды».
 

І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні — людзям.
 

І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў.
 

Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей.
 

І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей.
 

І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там заставаўся.
 

А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны.
 

А чацвёртай начной варце прыйшоў Ісус да іх, ідучы па моры.
 

А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі.
 

Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Бадрыцеся, гэта Я; не палохайцеся».
 

Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе».
 

А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса.
 

Але, адчуваючы моцны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»
 

А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму засумняваўся?»
 

І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер.
 

А тыя, што былі ў лодцы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы».
 

І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую.
 

І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных,
 

і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю вопраткі Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі.