Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Потым падышлі да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Ерузаліма, кажучы:
Тады прыйшлі да яго кніжнікі і фарызэі з Ерузаліму, кажучы:
«Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
Чаму твае вучні пераступаюць установу старшых? Бо не абмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:
Ён-жа адказваючы сказаў ім: Чаму і вы пераступаеце прыказаньне Божае дзеля вашай установы? Бо сказаў Бог:
“Шануй бацьку твайго і маці”, і таксама: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
«Паважай бацьку і матку» (Вых. 20:12), і: «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ» (Вых. 21:17).
Вы ж кажаце: “Той, хто скажа бацьку або маці: “Дар ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
А вы кажаце: Хто-б сказаў бацьку або матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца»,
той можа не шанаваць бацькі свайго ці маці сваю”. Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.
той ня будзе паважаць бацьку свайго або маткі сваей. І скасавалі вы прыказаньне Божае дзеля вашай установы.
Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
Крывадушнікі, добра прарочыў аб вас Ізаій (Із. 29:13), кажучы:
“Гэты народ набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і шануе Мяне языком, але сэрца іх далёка ад Мяне;
«Народ гэты паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне;
ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія”».
дарэмна-ж яны пакланяюцца мне, вучачы навук і чалавечых прыказаньняў».
І, склікаўшы людзей, казаў ім: «Слухайце і разумейце:
І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: Слухайце і зразумейце.
не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».
Ня тое апаганьвае чалавека, што ўваходзіць у рот, але тое апаганьвае чалавека, што з рота выходзіць.
Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
Тады вучні ягоны, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?
А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, выкарчавана будзе.
Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец мой нябесны, будзе вырвана з коранем.
Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».
Пакіньце іх! Яны сьляпыя і павадыры сьляпых. Калі-ж сьляпы сьляпога вядзе, то абодва ўваляцца ў яму.
А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
А Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Растлумач нам гэтую прыповесьць.
А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?
Ён-жа сказаў: Няўжо і вы яшчэ без зразуменьня?
Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідаецца вонкі?
Ці-ж вы не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у рот, ідзе ў жывот і выкідаецца вон?
А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.
А тое, што выходзіць з рота, з сэрца ідзе — і гэта апаганьвае чалавека.
Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзненні.
Бо з сэрца ідуць благія думкі, забойствы, чужалоствы, распуствы, зладзействы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
Вось гэта апаганьвае чалавека, але есьці неабмытымі рукамі не апаганьвае чалавека.
І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.
І Езус, выйшаўшы адтуль, пайшоў у староны Тыру і Сыдону.
І вось, жанчына хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе».
І вось жанчына Канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала, кажучы яму: Зжалься нада мною, Пане, Сыне Давіда! Дачку маю цяжка мучыць нячысты!
А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».
Ён не адказаў ёй ні слова. І падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго: Адпусьці яе, бо крычыць за намі.
Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля».
Ён-жа, адказаўшы, сказаў: Я пасланы толькі да авец, якія згінулі з дому Ізраіля.
А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»
Але яна прыйшла і пакланілася яму, кажучы: Пане, памажы мне.
Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам».
Ён адказаўшы сказаў: Ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам.
А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».
Але яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць з крошак, якія падаюць з стала іхных гаспадароў.
Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.
Тады Езус у адказ сказаў ей: О жанчына, вялікая твая вера, няхай табе станецца, як ты хочаш! І аздаравела дачка яе ад тае гадзіны.
І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сядзеў там.
І калі Езус адыйшоў адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора і , узыйшоўшы на гару, сядзеў там.
І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Ісуса, і Ён аздаравіў іх,
І падыйшло да яго многа грамадаў, маючы з сабой нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх і многа іншых; і клалі іх ля ног ягоных і аздаравіў іх,
так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя аздараўляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.
так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачы, кульгавых ходзячы, сьляпых відзячы і вялічалі Бога Ізраільскага.
Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».
Езус-жа, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў: Шкада мне грамады, бо ўжо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а не хачу іх адпусьціць галодных, каб не аслабелі ў дарозе.
І кажуць Яму вучні Яго: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»
І сказалі яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?
І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».
І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны-ж адказалі: Сем і некалькі рыбак.
І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.
І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.
І, узяўшы сем хлябоў і рыбу і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.
І ўзяўы сем хлябоў і рыбы і ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.
І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў.
І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, набралі сем поўных кашоў.
А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у межы Магдаліна.
І адпусьціўшы грамаду, увайшоў у лодку і прыбыў у ваколіцы Мэгэдану.