Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.
І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у граніцы Юдэі па той бок Ярдану
І за Ім следам ішлі вялікія натоўпы, і там аздаравіў іх.
І пайшлі за ім вялікія грамады і ён іх аздаравіў там.
Потым падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Ці дазволена чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?»
І прыступілі да яго фарызэі і прабуючы яго, сказалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-колечы прычыны пакінуць сваю жонку?
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ці не чыталі вы, што Той, Хто стварыў напачатку “мужчыну і жанчыну, стварыў іх”, —
Ён, адказваючы, сказаў ім: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай? І сказаў:
і сказаў: “Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адзіным целам”.
«Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і матку і прыстане да жонкі сваей і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
Значыць іх ужо не двое, але адно цела. Дык, што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае».
І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
Яны кажуць Яму: «Дык чаму Майсей пастанавіў, каб давалі ліст разводны і выпраўлялі?»
Кажуць яму: Дыу чаму-ж Майсей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
Ён гаворыць: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага дазволіў вам Майсей пакідаць жонку вашу; напачатку ж не было так.
Сказаў ім: Бо Майсей дзеля закамянеласьці сэрца вашага пазволіў вам кідаць вашыя жанкі, але ад пачатку ня было гэтак.
Але кажу вам, што, хто выпраўляе жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, і жэніцца з іншаю, — чужаложыць. І хто з разведзенай ажаніўся — чужаложыць».
А я вам кажу, што хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, і ўзяў другую, чужаложыць; і хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
Кажуць Яму вучні Яго: «Калі такі абавязак чалавека перад жонкай, то лепш не жаніцца».
Кажуць яму вучні ягоны: Калі так стаіць справа чалавека з жонкай, ня варта жаніцца.
Ён сказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтую навуку, а толькі тыя, каму дадзена.
Ён сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
Бо ёсць еўнухі, што такімі з улоння маці нарадзіліся, і ёсць еўнухі, якіх такімі людзі зрабілі, ды ёсць еўнухі, што самі сябе спаклалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее».
Бо ёсьць еўнухі, каторыя нрадзіліся такімі з лона маткі, і ёсьць еўнухі, каторых людзі гэтак зрабілі еўнухамі дзеля каралеўства нябеснага. Хто можа паняць, няхай пайме.
Аднойчы прывялі да Яго дзяцей, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім.
Тады прыняслі да яго дзетак, каб узлажыў на іх рукі і памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
Тады Ісус гаворыць: «Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».
Але Езус сказаў ім: Пусцеце дзетак і не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне, бо гэтакіх ёсьць каралеўства нябеснае.
І пасля таго, як усклаў на іх рукі, адышоў.
І калі ўзлажыў на іх рукі, адыйшоў адтуль.
І вось, нехта, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік добры, што мне добрага зрабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
І вось адзін, прыступіўшы, сказаў яму: Вучыцель добры! Што я маю чыніць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
Ісус сказаў яму: «Што Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, як толькі адзін Бог. А калі хочаш увайсці ў жыццё, спаўняй прыказанні».
Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне аб добрым? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захавай прыказаньні.
Той кажа: «Якія?» А Ісус сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,
Сказаў яму: Якія? А Езус сказаў: Не забівай, не чужалож, ня сьведч фальшыва,
шануй бацьку і маці і любі блізкага свайго, як сябе самога».
паважай бацьку твайго і матку тваю, і любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Кажа Яму юнак: «Усё гэта выконваў я ад маленства свайго. Чаго ж мне яшчэ не хапае?»
Кажа яму дзяцюк: Усяго гэтага я пільнаваўся ад моладасьці маей, чаго мне яшчэ не стае?
Гаворыць яму Ісус: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі, прадай, што маеш і дай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь і ідзі за мною.
Калі юнак пачуў гэтае слова, адышоў сумны, бо меў вялікую маёмасць.
Калі-ж пачуў дзяцюк слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікія маемасьці.
А Ісус сказаў Сваім вучням: «Сапраўды кажу вам: багацею цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.
А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, што багатаму трудна ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
Ізноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».
І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
І, пачуўшы гэта, вучні вельмі дзівіліся і казалі: «Хто тады можа збавіцца?»
Пачуўшы-ж гэтае, вучні многа дзівіліся, кажучы: Дык хто можа быць збаўлены?
А Ісус, зірнуўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».
А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
Тады, адказваючы, Пётра сказаў Яму: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табой. Дык што ж будзе нам?»
Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшлі за Мною, у новым жыцці, калі засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы Сваёй, засядзеце на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за мною, у адраджэньні, калі Сын чалавечы засядзе на троне сваей славы, і вы будзеце сядзець на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.
І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або зямлю дзеля імя Майго, у сто разоў болей атрымае і ўспадкаеміць жыццё вечнае.
І кожны, хто-б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля імені майго, устораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
Многія-ж першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.