1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Старога не дакарай, а напамінай, як бацьку; малодшых, як братоў;
старых жанчын, як матак; малодшых як сёстраў, з найбольшай скромнасьцяй.
Удоваў паважай тых, што існа ёсьць удовамі.
Калі-ж якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, дык яны самперш няхай вучацца шанаваць уласны дом і, у свой чарод, аддаваць належнае бацьком, гэта бо падабаецца Богу.
Праўдзівая ўдава і асамотненая хай надзеецца на Бога, трываючы ў малітаўных просьбах днямі й начамі
раскошніца-ж — за жыцьця ўжо труп.
І гэта загадвай ім, каб былі беззаганные.
Калі-ж хто аб сваіх, асабліва хатніх, не клапоціцца, той выракся веры і горшы за паганіна.
Да ўдоваў можна залічаць не малодшых, як шасьцідзесяцігодню, катора была жонкаю аднаго мужа,
ведамая з добрых учынкаў, узгадаваньня дзяцей, гасьціннасьці, умываньня ног сьвятым, успамогі бедным, руплівасьці аб кажнай добрай справе.
Маладых-жа ўдоваў не прымай, бо яны шуканьнем выгад аддаляюцца ад Хрыстуса, хочуць замуж,
падлягаючы асуду, бо ломяць першую прысягу веры;
да таго-ж празь бязьдзейнае гуляцтва прывучаюцца бадзяцца ад дому да дому зь цікавасьцю й балбатнёю чаго і нясьлед.
Хочу вось-жа, каб малодшыя выходзілі замуж, радзілі дзяцей, былі гаспадынямі добрымі і не давалі праціўніку ніякай прычыны да абгавору:
некаторыя бо ўжо зьвіхнуліся й пайшлі ў сьляды шатана.
Хто зь верных мае ўдовы (сваячкі), хай іх успамагае, каб не абцяжалі Эклезіі, якая магла б выстарчальней успамагаць тых, што зьяўляюцца існымі ўдовамі.
Прэзьбітэры за дастойнае правадніцтва заслужваюць на падвойнуючэсьць, асабліва працуючые словам і навукай.
Пісаньне бо кажа: «Не закілзвай вала малоцячага» (Паўт. Пр. 25:4) і: «Годзен работнік свае заплаты» (Мат. 10:10).
Абвінавачаньне проці прэзьбітэра прымай не іначай, як толькі пры двух, ці трох сьветках.
Тым, што грэшаць, напамін давай перад усімі, каб і другіе баяліся.
Перад Богам і Езусам Хрыстусам ды выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта бесстаронна, нічога ня робячы з ўпярэджаньнем да аднае стараны.
Рук на нікога захутка не ўскладай ды не бяры ўдзелу ў грахох чужых. Захавай сябе чыстым.
Дый ня пі яшчэ ўсё аднае толькі вады, але ўжывай крыху й віна дзеля твайго жывата ды частых тваіх недамаганьняў.
Грахі некаторых людзей яўные і проста вядуць да асуду, у іншых-жа адкрываюцца потым.
Такжасама і добрые ўчынкі ёсьць яўныя, а калі й не, укрыцца ня могуць.