Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

1 царстваў 5 1-я царстваў 5 разьдзел

1 А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.
2 І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
3 І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.
4 І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.
5 Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.
6 І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.
7 І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.
8 І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.
9 Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе — жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.
10 І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.
11 І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца на сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і народ наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.
12 І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга царстваў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002