Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Эклезіяста 11 Эклезіяста 11 разьдзел

1 Пускай хлеб свой па вадзе, таму што праз шмат дзён знойдзеш яго.
2 Давай частку сямі, і нават васьмі, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.
3 Калі хмары будуць напоўненыя дажджом, яны выльлюць [яго] на зямлю, і калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, на месцы, дзе ўпадзе, там і застанецца.
4 Хто назірае за ветрам, ня будзе сеяць, і хто глядзіць на хмары, ня будзе жаць.
5 Калі ты ня ведаеш, які шлях ветру і як [паўстаюць] косткі ва ўлоньні цяжарнай, падобна ня ведаеш дзеяў Бога, Які робіць усё.
6 Раніцаю сей насеньне тваё, і ў вечары не спыняй рукі тваёй, бо ты ня ведаеш, з чаго будзе больш карысьці, з аднаго ці з другога, ці з абодвух будзе аднолькава добра.
7 Салодкае сьвятло, і добра вачам бачыць сонца.
8 Бо калі шмат гадоў жыве чалавек, няхай радуецца з іх усіх, і няхай памятае пра дні цемры, бо будзе іх шмат. Усё, што надыйдзе — марнасьць.
9 Радуйся, юнача, у маладосьці сваёй, і няхай сэрцу твайму будзе добра ў дні юнацтва твайго, і хадзі шляхамі сэрца твайго і паводле таго, што бачаць вочы твае, і ведай, што за ўсё гэта Бог прывядзе цябе на суд.
10 І прыбяры смутак з сэрца твайго, і аддалі ліхоцьце ад цела твайго, бо маладосьць і цёмнасьць валасоў — марнасьць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эклезіяста, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023