1 Хачу вас, браты, навучыць пра духоўныя дары.
2 Бо вы ведаеце, калі вы былі яшчэ паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.
3 Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа сказаць: «Госпад Ісус», як толькі ў Духу Святым.
4 Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
5 І ёсць адрозненні ў служэнні, але той самы Госпад.
6 І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.
7 Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.
8 Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,
9 яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дар аздараўлення тым самым Духам,
10 іншаму чыніць цуды, іншаму — праракавання, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
11 Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.
12 Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
13 Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
14 А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
15 Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?
16 Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?
17 Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?
18 Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.
19 А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?
20 Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.
21 Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбная!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбныя!»
22 Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
23 ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,
24 а нашыя прыстойныя не патрабуюць нічога. Так Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,
25 каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
26 Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
27 Вы — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.
28 І адных Бог пастанавіў у Царкве па-першае — апосталамі, па-другое — прарокамі, па-трэцяе — настаўнікамі, нарэшце тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дар лячэння, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усялякіх моў.
29 А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
30 Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
31 Дабівайцеся дароў большых, а я вам пакажу шлях яшчэ дасканалейшы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Карынцянаў, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.