Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

Да Гебраяў 3 Ліст да Гебраяў 3 разьдзел

1 Дык вось, браты святыя, удзельнікі нябеснага паклікання, пазнайце Пасланца і Першасвятара вызнання нашага, Ісуса,
2 бо Ён верны Таму, Хто Яго паставіў, як і Майсея, ва ўсім доме Яго.
3 Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнанні з домам той, хто яго збудаваў.
4 Кожны дом, вядома, кімсьці пабудаваны, а вось Той, Хто ўсё стварыў, ёсць Бог.
5 І Майсей, вядома, верны быў ва ўсім доме Яго, як слуга, на сведчанне таго, што павінна было быць сказаным.
6 Хрыстос жа — як Сын у доме Сваім. Дом жа Яго — мы, калі захаваем цвёрдую веру і ўслаўленне надзеі аж да канца.
7 Таму вось што кажа Дух Святы: «Сёння, калі пачуеце голас Яго,
8 не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтавання, як у дзень спакушэння ў пустыні,
9 дзе спакушалі Мяне бацькі вашы выпрабаваннем, хоць і бачылі справы Мае
10 на працягу сарака гадоў. Таму вось разгневаўся Я на гэта пакаленне і сказаў: заўсёды блукаюць яны сэрцам; не пазналі яны шляхоў Маіх.
11 Дык пакляўся Я ў гневе Маім: не ўвойдуць яны ў супачынак Мой».
12 Глядзіце, браты, каб не было між вас выпадкам ліхога сэрца няверуючага, што адступіцца ад Бога жывога,
13 але заахвочвайце самі сябе штодня, пакуль трывае гэтае «сёння», каб не зацвярдзеў хто з вас праз падман граху.
14 Бо супольнікамі Хрыста сталіся мы, калі толькі пачатак існавання аж да канца цвёрда захаваем,
15 дакуль гаворыцца: «Сёння, калі пачуеце голас Яго, не рабіце цвёрдымі сэрцаў вашых, як у час таго ўзбунтавання».
16 Хто ж гэта тыя, хто, слухаючы, абураліся? Ці не ўсе, што выйшлі з Егіпта праз Майсея?
17 На каго ж гневаўся Ён на працягу сарака гадоў? Ці не на тых, што саграшылі, чые косці параскіданы па пустыні?
18 А каму ж гэта пакляўся, што не ўвойдуць у супачынак Яго, калі не тым, што не паверылі?
19 І бачым, што не змаглі ўвайсці праз недаверства.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Гебраяў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.