Біблія » Пераклады » Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

Марка 12 Паводле Марка 12 разьдзел

Прыпавесць аб бунтоўных вінаградарах

1 І пачаў Ён казаць ім прыповесцямі: «Насадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і здаў у арэнду вінаградарам, і выехаў.
2 І ў пэўны час паслаў да вінаградараў раба, каб узяў у вінаградараў ад уражаю вінаградніка;
3 А тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
4 І зноў паслаў да іх іншага раба, і таго ранілі ў галаву і зняважылі.
5 Тады паслаў наступнага; і таго забілі, і многіх іншых яшчэ забілі.
6 Яшчэ аднаго ён меў: любаго сына свайго; паслаў яго апошнім да іх, кажучы: «Пасаромяцца яны майго сына!»
7 А тыя вінаградары разважалі між сабою: «Гэта спадкаемец; пойдзем заб’ём яго і спадчына будзе наша».
8 І скапіўшы яго, яны забілі і выкінулі яго за вінаграднік.
9 «Што зробіць з імі гаспадар вінаградніка, калі сам пойдзе?» — запытаўся Ісус. І яны адказалі: «Прыйдзе і пакарае, і здасць вінаграднік іншым».
10 «Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: "Камень, які адкінулі будаунікі, зрабіўся новым падмуркам вугла";
11 Ад Госпада зрабілася гэта і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
12 І стараліся яны схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што супроць іх прывёў Ён прыпавесць. І пакінуўшы Яго, адышлі.

Аддавайце кесарава кесару, а Богу Божае

13 Тады ўздумалі некаторыя з фарысеяў ды ірадыян, злавіць Яго на слове.
14 І тыя кажуць Яму: «Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на асобу чалавека, а праўдзіва настаўляеш на Божую дарогу; ці можна даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?»
15 Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў».
16 Яны прынеслі. І Ён кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Тыя ж адказалі Яму: «Кесарава».
17 І сказаў ім Ісус: «Кесарава аддавайце кесару, а Божае Богу». І вельмі здзіўляліся Яму.

Спрэчка пра ўваскрэсенне

18 І прыходзяць да Яго садукеі, што не верылі ўваскрашэння, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: "Калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку без дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату".
20 Было сем братоў: і першы ўзяў жонку, і паміраючы не пакінуў патомства;
21 І другі ўзяў яе, і памёр не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
22 І сямёра не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памёрла і жонка.
23 Па ўваскрэсенні [калі ўваскрэснуць] каму з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі жонкай яе.»
24 Сказаў ім Ісус: «Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце, ні Пісання, ані сілы Божай?
25 Бо калі ўстануць з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Майсеевай Кнізе пра купіну, як сказаў яму Бог, прамаўляючы: "Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якава"?
27 Ён не ёсць Бог мёртвых, але жывых; вы вельмі памыляецеся.»

Найбольшая запаведзь

28 І падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, Яго трапны адказ, і спытаўся зноў, спакушаючы: «Якая запаведзь першая з усіх?»
29 Адказаў Ісус: «Першая: "Слухай Ізраіль! Госпад, наш Бог, ёсць Госпад адзіны;
30 І любі Госпада, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і усёю сілай сваёю."
31 І вось другая: "Любі свайго бліжняга, як самога сябе." Няма іншай запаведзі больш за гэтыя.»
32 І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўніку! Праўдзіва сказаў Ты, што Ён адзіны і няма другога, акрамя Яго:
33 І любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — больш за ўсё, і за ўсе цэласпаленні і ахвяры».
34 Ісус убачыўшы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Царства Божага». І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Чый Сын Хрыстос

35 І азваўшыся ў перапынку між навучаннямі ў храме, сказаў Ён: «Як жа кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?
36 Сам Давід сказаў Святым Духам: "Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч Мяне, аж пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў да Тваіх ног."
37 Сам Давід кажа, што Ён — Госпад: дык як жа Ён тады сын Давідаў?» І вялікі натоўп ахвотна слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы Ён казаў: «Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгай вопратцы і каб віталі іх на рынках,
39 і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на банкетах,
40 тыя, што праядаюць удовіны дамы і для выгляду доўга моляцца; тыя атрымаюць цяжэйшы прысуд».

Удовіна лепта

41 І сеўшы насупроць скарбніцы, Ён назіраў, як натоўп кідае медзь ў яе. І многія багацеі шмат укідалі.
42 І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, гэта значыць кадрант.
43 І паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, што ўкідалі ў скарбніцу;
44 Бо ўсе ад сваіх лішкаў укідалі, яна ж пры недастатку сваім, усё, што мела на жыццё, укінула».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Марка Святое Дабравесце, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.