Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
Затым Езус пайшоў на Аліўную гару.
Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І, сеўшы, Ён вучыў іх.
А на сьвітаньні вярнуўся зноў у сьвятыню, і ўвесь народ падыйшоў да Яго, і Ён сеў і навучаў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
Тут прывялі кніжнікі і фарысэі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе на сярэдзіне,
кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
ды сказалі Яму: "Вучыцель, гэтую жанчыну злавілі толькі што на чужалостве.
Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
Майсей у законе загадаў нам такія каменаваць. Дык Ты што скажаш?"
Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Казалі ж гэта, зводзячы Яго, каб магчы абвінаваціць. А Езус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
Калі аднак не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: "Хто з вас бяз грэху, няхай першы кіне ў яе камень".
І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Пачуўшы гэта, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшых, ды застаўся толькі адзін Езус, і жанчына, стоячы на сярэдзіне.
Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
Падняўшыся, Езус сказаў ёй: "Жанчына, дзе ж твае вінавацелі? Ніхто цябе не асудзіў?"
Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
Адказалі яна: "Ніхто, Госпадзе". Дык Езус сказаў: "І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы".
Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
Затым зноў навучаў іх Езус і казаў: "Я — сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у поцемках, але будзе мець сьвятло жыцьця".
Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
Дык сказалі Яму фарысэі: "Ты сам аб сабе сьведчыш; сьведчаньне Тваё не праўдзівае".
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
У адказ Езус сказаў ім: "Хоць Я сьведчу пра сябе, праўдзівым ёсьць сьведчаньне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, скуль прыходжу або куды іду.
Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.
А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
А калі суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, які Мяне паслаў.
І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
Дый у законе вашым напісана, што сьведчаньне двух людзей ёсьць праўдзівае.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
Я даю сам аб сабе сьведчаньне, і сьведчыць аба Мне Айцец, які Мяне паслаў".
Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
Дык сказалі Яму: "А дзе ж Твой Айцец?" Адказаў Езус: "Вы ані Мяне ня ведаеце, ані Айца Майго. Бо калі б вы Мяне ведалі, зналі б і Айца Майго".
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
Гэтыя словы выказаў Езус, навучаючы ў сьвятыні пры скарбцу. І ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ не надыйшла пара Ягоная.
Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
І зноў сказаў ім Езус: "Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памрыцё ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсьці ня можаце".
Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
Дык казалі Юдэі: "Ці ж меўся б забіць сам сябе, бо кажа: Куды Я іду, вы ня можаце пайсьці?"
І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
Езус сказаў ім: "Вы — ад нізу, а Я — з вышыні, вы — з гэтага сьвету, а Я — не з гэтага сьвету.
Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што гэта Я, паўміраеце ў грахах вашых».
Дзеля таго Я вам сказаў, што памрыцё ў вашых грахах; бо калі не паверыце, што Я ёсьць, — памрыцё ў грахах вашых".
Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
Дык казалі Яму: "Хто Ты?" Сказаў ім Езус: "Адпачатны, і так вам гавару.
Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць, але Той, хто Мяне паслаў, годны веры, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю сьвету".
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
Аднак не зразумелі, што гаварыў пра Айца.
Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Сказаў ім тады Езус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсьць, ды што сам ад сябе нічога не раблю, але тое кажу, чаго Мяне навучыў Айцец.
І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
Той, хто Мяне паслаў, ёсьць са Мной і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю тое, што Яму падабаецца".
Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
Калі Ён гэта казаў, многія ўверылі ў Яго.
Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
Гаварыў затым Езус да Юдэяў, якія Яму ўверылі: "Калі вытрываеце ў слове Маім, станецеся праўдзіва Маімі вучнямі
І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
і пазнаеце праўду, а праўда вас асвабодзіць".
Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому ніколі не былі нявольнікамі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
Адказалі Яму: "Мы — патомства Абрагама, і мы ніколі не былі ў нічыёй няволі; як жа затым кажаш, што будзем свабодныя?"
Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
Адказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць, ёсьць нявольнік грэху.
Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
Але нявольнік не жыве ў доме вечна. Сын жа жыве вечна.
Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
Таму, калі Сын вас асвабодзіць, сапраўды свабоднымі будзеце.
Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
Ведаю, што вы — патомства Абрагама, але хочаце Мяне забіць, таму што словы Мае вам незразумелыя.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
Я гавару пра тое, што Я бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што вы бачылі ў айца вашага".
Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
У адказ сказалі Яму: "Бацькам нашым ёсьць Абрагам". Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сыны Абрагама, спаўнялі б чыны Абрагама.
А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
А вы хочаце цяпер Мяне забіць, чалавека, Які вам казаў праўду, якую чуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў!
Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
Але вы спаўняеце чыны айца вашага". Сказалі тады Яму: "Мы — ня дзеці, народжаныя ў чужалостве: аднаго маем Айца-Бога".
Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
Сказаў ім тады Езус: "Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і іду, і ня сам ад сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.
Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы ня можаце слухаць словы Мае.
Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
Вы — ад бацькі д'ябла, і жаданьне бацькі вашага выконваць хочаце. Ён — забойца ад пачатку і ў праўдзе ня вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусьню, гаворыць ад сябе, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
А як Я праўду кажу, ня верыце Мне.
Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне ня верыце?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
Хто з Бога, той словы Божыя слухае, а вы таму ня слухаеце, што вы ня з Бога".
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?»
У адказ сказалі Яму Юдэі: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?"
Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.
Адказаў ім Езус: "Я дэмана ня маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зьневажаеце.
Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
Я не шукаю сваёй славы, але ёсьць Той, хто шукае і судзіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі хто зьберажэ словы Мае, ня ўгледзіць сьмерці вечна".
Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе смерці на вякі.
Дык Юдэі сказалі Яму: "Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. І Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто зьберажэ словы Мае, не спазнае сьмерці вечна".
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
Ці Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. За каго Ты ўважаешся?"
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
Адказаў Езус: "Калі Я сам сябе слаўлю, хвала Мая — нішто. Але ёсьць Айцец Мой, каторы Мяне славіць, і аб каторым вы кажаце, што Ён — Бог ваш,
І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
але вы не спазналі Яго. Але Я Яго ведаю, і калі б сказаў, што Яго ня ведаю, быў бы падобным вам хлусам. Але ведаю Я Яго і словы Яго берагу.
Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
Абрагам, айцец ваш, узрадаваўся, калі ўбачыў дзень Мой, і ўбачыў, і ўсьцешыўся".
Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
Сказалі Яму Юдэі: "Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш, і бачыў Абрагама?"
Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
Сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым Абрагам быў, Я ёсьць".
Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.
Дык Юдэі хапілі камяні, каб каменаваць Яго, але Езус скрыўся і выйшаў са сьвятыні.