Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Пасьля гэтага адыйшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, значыцца, Тыбэрыядзкага.
 
Пасьля Езус пайшоў на другі бок мора Галілейскага або Тыбэрыядзкага.

І ішоў за Ім шматлікі натоўп, бо бачылі знакі, якія Ён учыняў адносна нядужых.
 
І ішоў за ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, дакананыя над хворымі.

І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
 
Затым Езус узыйшоў на гару і сеў там са сваімі вучнямі.

А была блізка Пасха, сьвята юдэйскае.
 
А збліжалася Пасха, сьвяточны дзень Юдэйскі.

Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзеўшы, што вялікі натоўп ідзе да Яго, кажа Філіпу: «Дзе мы купім хлеба, каб яны пад’елі?»
 
Калі Езус падняў вочы і ўбачыў вялікі натоўп людзей, які ішоў да Яго, сказаў Філіпу: "Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад'есьці?"

Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
 
А гаварыў, каб выспрабаваць іх, бо сам ведаў, што меў зрабіць.

Адказаў Яму Філіп: «Ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць нешта».
 
Адказаў яму Філіп: "Дзьвесьце дынараў ня хопіць, каб купіць ім хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху".

Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
 
Сказаў Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра:

«Тут ёсьць адзін хлопчык, які мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы; але што гэта для такога мноства?»
 
"Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў, і дзьве рыбы, але што гэта на такое мноства?"

Ісус сказаў: «Скажыце людзям узьлегчы». Было ж на тым месцы шмат травы. Тады ўзьлеглі мужчыны лікам каля пяці тысячаў.
 
Сказаў ім Езус: "Загадайце людзям сесьці". А было на тым месцы многа травы. І так села мужчын каля пяці тысяч.

І ўзяў Ісус хлябы, і, падзякаваўшы, раздаў вучням, а вучні — тым, якія ўзьляглі, падобным чынам і рыбы, колькі хто хацеў.
 
Тады Езус узяў хлябы, склаў падзяку і раздаў седзячым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.

Калі ж яны насыціліся, Ён кажа вучням Сваім: «Зьбярыце кавалкі, якія засталіся, каб нічога не прапала».
 
А калі наеліся, загадаў вучням сваім: "Зьбярыце кавалкі, каб не змарнаваліся".

Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі.
 
Дык сабралі кускі з пяці хлябоў ячменных і налажылі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.

Людзі ж, убачыўшы знак, які ўчыніў Ісус, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, Які прыходзіць у сьвет».
 
Людзі ж тыя, бачачы знак, учынены Езусам, казалі: "Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў сьвет".

Ісус жа, даведаўшыся, што яны маюць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго валадаром, ізноў адыйшоў на гару адзін.
 
А Езус, даведаўшыся, што меліся прыйсьці, каб ўзяць Яго і абвясьціць каралём, адыйшоў сам адзін на гару.

Калі надыйшоў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора
 
А калі зьвечарэла, вучні Ягоны спусьціліся да мора

і, увайшоўшы ў човен, паплылі на другі бок мора ў Капэрнаум. І было ўжо цёмна, і Ісус не прыйшоў да іх.
 
і, улезшы ў лодку, паплылі на другі бераг у Кафарнаўм. Ужо сьцямнела, а Езус не вяртаўся да іх.

А мора хвалявалася, бо дзьмуў моцны вецер.
 
А мора пачало хвалявацца, бо дуў моцны вецер.

Праплыўшы каля дваццаці ці трыццаці стадыяў, яны бачаць Ісуса, Які ідзе па моры і ўжо недалёка ад чаўна, і спалохаліся.
 
Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадыяў, убачылі Езуса, ідучага па моры і падыходзячага да лодкі, і спалохаліся.

Ён жа кажа ім: «Гэта Я, ня бойцеся!»
 
Але Езус сказаў ім: "Гэта Я, ня бойцеся".

Яны хацелі ўзяць Яго ў човен, і адразу човен прыстаў да берагу, да якога плылі.
 
Дык хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз жа прыплыла да берагу, да якога яны плылі.

На заўтра натоўп, які стаяў на другім баку мора, убачыў, што там не было другога чаўна, апрача аднаго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Ягоныя.
 
Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна, ды што Езус ня сеў у лодку са сваімі вучнямі, але вучні адплылі самі;

Другія ж чаўны прыплылі з Тыбэрыяды, паблізу ад таго месца, дзе елі хлеб, за які дзякаваў Госпад.
 
іншыя ж лодкі прыплылі з Тыбэрыяды да месца, дзе спажывалі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.

Калі натоўп убачыў, што там няма ані Ісуса, ані вучняў Ягоных, дык увайшлі ў чаўны і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса.
 
Калі затым народ убачыў, што там няма Езуса, ані вучняў Ягоных, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Езуса.

І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»
 
І, знайшоўшы Езуса за морам, сказалі Яму: "Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?"

Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі знак, але таму, што елі хлеб і наеліся.
 
У адказ сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але што вы елі хлеб і наеліся.

Працуйце ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
 
Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая прычыняецца да жыцьця вечнага, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім палажыў пячаць сваю Айцец Бог".

Тады сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб рабіць справы Божыя?»
 
Сказалі тады Яму: "Што маем рабіць, каб спаўняць справы Божыя?"

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ёсьць справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
 
А Езус адказаў ім і сказаў: "Гэта справа Божая, каб верылі ў Таго, каго Ён паслаў".

Тады яны сказалі Яму: «Які тады зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?
 
Тады сказалі Яму: "Дык што за знак учыніш, каб мы ўбачылі і ўверылі Табе? Што зробіш?

Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есьці”».
 
Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: "Хлеб з неба даў ім да яды".

Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба,
 
Сказаў тады ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба.

бо хлеб Божы ёсьць Той, Які зыходзіць з неба і дае жыцьцё сьвету».
 
Бо хлеб Божы, ёсьць той, які з неба зыйшоў і дае жыцьцё сьвету".

Тады сказалі Яму: «Госпадзе! Давай нам заўсёды такі хлеб».
 
Затым сказалі Яму: "Госпадзе, дай нам заўсёды гэтага хлеба".

Ісус жа сказаў ім: «Я ёсьць хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе смагнуць ніколі.
 
Сказаў ім Езус: "Я — хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе чуць голаду, і хто верыць у Мяне, ніколі смагнуць ня будзе.

Але Я сказаў вам, што вы бачылі Мяне, і ня верыце.
 
Казаў жа Я вам, што і бачылі Мяне, і ня верыце.

Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч.
 
Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і тога, хто да Мяне прыходзіць, ня выкіну прэч.

Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Бо Я зыйшоў з неба, не каб сваю волю чыніць, але волю Таго, хто Мяне паслаў.

А гэта ёсьць воля Айца, Які паслаў Мяне, каб з таго, што Ён Мне даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё ў апошні дзень.
 
А воля Таго, які Мяне паслаў, каб Я нічога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень.

Гэта ж ёсьць воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень».
 
Гэта воля Айца Майго, каб кожны, хто глядзіць на Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень".

Тады Юдэі пачалі наракаць на Яго, бо Ён сказаў: «Я ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў»,
 
Дык наракалі Юдэі на Езуса, што Ён сказаў: "Я — хлеб, які зыйшоў з неба",

і гаварылі: «Ці ж Ён не Ісус, сын Язэпаў, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я зыйшоў з неба”?»
 
ды казалі: "Ці ж гэта ня Езус, сын Язэпа, якога бацьку і маці ведаем? Дык як жа можа Ён казаць: "Зыйшоў з неба"?"

Тады адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце між сабою.
 
У адказ сказаў ім Езус: "Не наракайце між сабой.

Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

Напісана ў Прарокаў: “І будуць усе навучаны Богам”. Дык кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
 
Напісана ў прарокаў: "І будуць усе вучнямі Бога". Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

Не таму, што нехта бачыў Айца, акрамя Таго, Які ў Бога, Ён бачыў Айца.
 
Ня значыць гэта быццам хто Айца бачыў, бо толькі Той, хто ад Бога, Той бачыў Айца.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

Я — хлеб жыцьця.
 
Я — хлеб жыцьця.

Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.
 
Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.

Хлеб жа, які з неба зыходзіць, такі, што той, хто будзе есьці яго, не памрэ.
 
А гэта хлеб, які з неба зыходзіць, каб кожны, хто яго есьці будзе, не памёр.

Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто будзе есьці хлеб гэты, жыць будзе на вякі. Хлеб жа, які Я дам, ёсьць Цела Маё, якое Я аддам за жыцьцё сьвету».
 
Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто б еў гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць цела Маё, (якое Я аддам) за жыцьцё сьвету".

І спрачаліся між сабою Юдэі, кажучы: «Як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?»
 
Дык спрачаліся Юдэі між сабою і казалі: "Як жа Ён можа нам даць цела сваё на яду?"

Тады сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі ня будзеце есьці Цела Сына Чалавечага і піць Кроў Ягоную, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.
 
Сказаў затым ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі вы ня будзеце есьці цела Сына Чалавечага ды ня будзеце піць крыві Ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.

Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
 
Хто есьць цела Маё і п'е кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

Бо Цела Маё сапраўды ёсьць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.
 
Бо цела Маё сапраўды ёсьць ежа, а кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.

Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, у-ва Мне ёсьць, і Я ў ім.
 
Хто есьць цела Маё ды п'е кроў Маю, у-ва Мне прабывае, а Я ў ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе праз Мяне.
 
Як Мяне паслаў жывы Айцец і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, будзе жыць Мною.

Гэта і ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, жыць будзе на вякі».
 
Гэта хлеб, які з неба зыйшоў, не такі, які бацькі вашыя елі і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, будзе жыць вечна".

Гэта гаварыў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнауме.
 
Гэта казаў, навучаючы ў сынагозе ў Кафарнаўме.

Многія з вучняў Ягоных, якія чулі гэта, казалі: «Жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?»
 
Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, казалі: "Жорсткае гэта слова. Хто яго слухаць можа?"

Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць адносна гэтага, сказаў ім: «Ці гэта вас згаршае?
 
А Езус, ведаючы, што наракалі на гэта вучні Ягоныя, сказаў ім: "Гэта вас горшыць?

А калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
 
А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, узыходзячага туды, дзе перш быў?

Дух ажыўляе, а цела не прыносіць аніякай карысьці. Словы, якія Я вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё.
 
Дух ёсьць тым, хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць Духам і жыцьцём.

Але ёсьць некаторыя сярод вас, якія ня вераць». Бо Ісус ад пачатку ведаў, што ёсьць тыя, якія ня вераць, і хто выдасьць Яго.
 
Аднак ёсьць між вамі такія, што ня вераць". Бо ведаў Езус ад пачатку, хто ў гэта ня верыць і хто меў Яго выдаць.

І сказаў: «Дзеля гэтага і сказаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім».
 
І казаў далей: "Дзеля таго і сказаў вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня дадзена Айцом Маім".

З таго часу многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
 
Ад той хвіліны многа вучняў Ягоных адыйшло ды ўжо з Ім не хадзілі.

Тады Ісус сказаў Дванаццаці: «Ці ня хочаце і вы зыйсьці?»
 
Дык спытаўся Езус Дванаццацёх: "Ці і вы маніцеся пакінуць Мяне?"

Адказаў тады Яму Сымон Пётар: «Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
 
Адказаў тады Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, да каго ж пойдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага.

І мы паверылі, і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога».
 
Мы ж уверылі і пераканаліся, што Ты — Хрыстос, Сьвяты Божы".

Адказаў ім Ісус: «Ці ня вас дванаццаць Я выбраў? Але адзін з вас — д’ябал».
 
Адказаў ім Езус: "Ці не Дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д'ябал".

Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, хоць быў адзін з Дванаццаці.
 
А гаварыў пра Юду Сымонавага Іскарыёта, ён хоць быў адным з Дванаццаці, але меў Яго выдаць.