Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,
 
А да Пасхі і свята праснакоў заставалася два дні. Дык першасвятары і кніжнікі шукалі, як Ісуса схапіць хітрасцю і забіць.

але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».
 
Казалі аднак: «Толькі не ў святочны дзень, каб не дайшло да замяшання ў народзе».

І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.
 
І, калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага, і ўзлягаў за сталом, прыйшла жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку нардавага, і, разбіўшы алябастр, выліла Ісусу на галаву.

І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?
 
А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: «Нашто было марнаваць гэты алеек?

Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.
 
Можна было гэты алеек прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.

А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
 
А Ісус бараніў: «Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.

Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.
 
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.
 
Яна, што мела, зрабіла: алейкам цела Маё прыгатавала на пахаванне.

Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
 
Сапраўды кажу вам: ва ўсім свеце, дзе толькі будзе прапаведана Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».

І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
 
А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.

Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.
 
Яны, пачуўшы, вельмі ўзрадаваліся і абяцалі яму, што дадуць яму грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў прыдатны час выдаць.

І ў першы дзень Праснакоў, калі заколваюць пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»
 
У першы дзень праснакоў, калі  прыносіцца ў ахвяру Пасха, кажуць Яму вучні Яго: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці Пасху?»

І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
 
І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: «Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце за ім.

І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?'”
 
І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: дзе месца супакою, дзе б разам з Маімі вучнямі мог бы з’есці Пасху?»

І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».
 
Ён вам пакажа вялікую святліцу прыбраную; вось там прыгатуйце месца нам».

І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
 
Дык адправіліся вучні Яго ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.

І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.
 
І, калі настаў вечар, прыходзіць туды з дванаццаццю.

І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».
 
І, калі ўзлеглі і елі, гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».

Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»
 
Яны пачалі засмучацца і адзін за адным сталі гаварыць Яму: «Ці гэта не я?»

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.
 
Ён гаворыць ім: «Адзін з дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.

Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».
 
Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек не быў народжаны».

І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».
 
І, калі яны елі, Ісус узяў хлеб, і, блаславіўшы, паламаў, і даў ім, і гаворыць: «Бярыце, гэта ёсць Цела Маё».

І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
 
І, узяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.
 
І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца».

Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».
 
Сапраўды кажу вам: «Не буду піць ужо з гэтага плода вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае ў Валадарстве Божым».

І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
 
І, адгаварыўшы гімн, узняліся на гару Аліўную.

І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”,
 
І гаворыць ім Ісус: «Вы ўсе згоршыцеся, як напісана: «Удару пастыра, і разбягуцца авечкі»,

але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
 
але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».

А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».
 
А Пётра кажа Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але я не».

І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
 
І гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы певень прапяе, тройчы зрачэшся Мяне».

Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.
 
Але ён тым мацней сцвярджаў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не зракуся». Падобна і ўсе яны казалі.

І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
 
І прыходзяць у сяло, якое завецца Гетсэмань, і гаворыць Ён вучням Сваім: «Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся».

І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
 
І бярэ з сабою Пётру, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».
 
І кажа ім: «Сумная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце».

І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.
 
І, крыху адышоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.

І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»
 
І казаў: «Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, пранясі міма Мяне гэты келіх; але не як Я хачу, але як Ты!»

І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?
 
І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сплючых. Дык гаворыць Пётры: «Сімоне, ты спіш? Не змог бы ты хоць гадзіну патрываць?

Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».
 
Чувайце і маліцеся, каб не трапіць ў згаршэнне: бо дух руплівы, а цела хворае».

І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.
 
І, адышоўшы, зноў маліўся тымі самымі словамі.

І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
 
І вярнуўся зноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя, і не ведалі, што Яму адказаць.

І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
 
Ды трэці раз прыходзіць і гаворыць ім: «Спіце ўжо і адпачываеце? Даволі! Надышла гадзіна: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
 
Падыміцеся, пойдзем, вось ужо блізка той, хто Мяне выдае».

І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
 
І, калі Ісус яшчэ гаварыў, хутка падышоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і палкамі ад першасвятароў і кніжнікаў ды старшыняў.

А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».
 
Здраднік жа Яго даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асцярожна».

І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.
 
І, калі падышоў, зараз жа прыступіўся да Ісуса і гаворыць: «Раббі!», і пацалаваў Яго.

Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.
 
Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.

А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.
 
А адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсёк яму вуха.

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.
 
І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Як на разбойніка выйшлі з мечамі і палкамі, каб схапіць Мяне.

Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».
 
Штодзень быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не ўзялі Мяне, але няхай здзейсніцца Пісанне».

І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
 
І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,
 
І адзін юнак, адзеты толькі посцілкай па клубах, ішоў за Ім, і яго схапілі,

але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.
 
але ён выкруціўся з посцілкі і голы ўцёк ад іх.

І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.
 
І прывялі Ісуса да першасвятара, і сабраліся ўсе першасвятары, старшыні і кніжнікі.

І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.
 
Пётра ж здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.

А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.
 
А першасвятары ды ўся рада шукалі сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць, але не знаходзілі.

Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.
 
Бо многія фальшыва сведчылі супраць Яго, але іх сведчанні не сыходзіліся.

І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
 
І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сведчылі супраць Яго, кажучы:

«Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную бажніцу гэтую, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”».
 
«Мы чулі, як Ён казаў: «Я развалю гэтую святыню, пабудаваную рукамі, а праз тры дні збудую іншую, якая будзе нерукатворнай».

Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.
 
Але і іх сведчанні не сыходзіліся.

І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
 
І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса: «Чаму нічога не адказваеш на тое, у чым яны Цябе абвінавачваюць?»

А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»
 
Ісус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасвятар спытаўся Яго, кажучы: «Ці Ты Хрыстос, Сын Бога Бласлаўлёнага?»

А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».
 
Ісус сказаў яму: «Я ёсць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч Магутнасці ды прыходзіць на аблоках нябесных».

Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
 
І першасвятар, раздзіраючы шаты свае, гаворыць: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі?

Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
 
Вы чулі блюзнерства; што вы думаеце?» І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты смерці.

І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Прароч!» І паслугачы білі Яго па шчоках.
 
І некаторыя пачалі на Яго пляваць і, засланіўшы твар Яго, біць Яго кулакамі, крычучы на Яго: «Праракуй!» І слугі давалі Яму поўхі.

І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара
 
І калі Пётра быў на панадворку, на нізе, прыходзіць адна са служак першасвятара

і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»
 
і, убачыўшы Пётру, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэта»

Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.
 
Але ён запярэчыў, кажучы: «Ані я не ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш». І выйшаў вонкі ў прысенак, і запяяў певень.

І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».
 
І служка, калі ўбачыла яго, пачала  зноў казаць тым, што навокал: «Гэта адзін з іх».

А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».
 
А ён ізноў адрокся. І неўзабаве тыя, што там стаялі, кажуць Пётры: «Ты сапраўды з іх, бо ты — з Галілеі».

А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».
 
А ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце».

І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.
 
І адразу зноў запяяў певень. Тады Пётра ўспомніў словы, якія яму казаў Ісус: «Раней, чым двойчы запяе певень, ты тройчы зрачэшся Мяне», і пачаў плакаць.