Марка 12 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.
І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку.
У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў, каб атрымаць частку сваіх пладоў з вінаградніку.
Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым.
Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.
І зноў паслаў да іх іншага слугу, і яму камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы.
І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і таму разбілі галаву і зняважылі.
І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі.
І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.
Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.
Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, думаючы: «Ушануюць сына майго».
Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”.
Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: «Ён — спадкаемца! Пойдзем, заб’ём яго — і нашаю будзе спадчына».
І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку.
Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.
Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.
Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”».
Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»?
І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове.
І паслалі да Яго фарызеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў словах.
Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»
Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»
А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў».
А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».
Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў».
Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а тое, што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго.
Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго.
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:
І прыходзяць да Ісуса садуцэі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і аднавіць насеньне брату свайму”.
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму.
Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.
Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.
І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтаксама.
І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.
І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.
Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памёрла і жанчына.
Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».
Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай?
Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?
Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе.
Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў небе.
А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”?
Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: «Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»?
Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
Не ёсць Бог мёртвых, але жывых! Вы моцна памыляецеся».
І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?»
І адзін кніжнік, які чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»
Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”,
Ісус адказаў: «Першае такое: «Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Бог адзіны.
і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю тваёю”.
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі».
І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма».
Другое такое: «Любі бліжняга свайго як самога сябе». Большага за гэтыя прыказанні няма».
І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго.
І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Ён адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,
І любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры».
і любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, ды ўсімі сіламі ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».
І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго.
Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.
І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?
І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?
Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».
Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго.
Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.
І гаварыў ім у вучэньні Сваім: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку,
І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,
і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,
і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,
якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».
якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».
І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат.
І, сеўшы насупраць скарбоны, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.
І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць, кадрант.
І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.
І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу.
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.
Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».
Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».