Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

Марка 12 Паводле Марка 12 разьдзел

1 І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.
2 У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў, каб атрымаць частку сваіх пладоў з вінаградніку.
3 Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.
4 І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і таму разбілі галаву і зняважылі.
5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.
6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, думаючы: «Ушануюць сына майго».
7 Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: «Ён — спадкаемца! Пойдзем, заб’ём яго — і нашаю будзе спадчына».
8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
10 Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою  вугла.
11 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»?
12 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх  гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І паслалі да Яго фарызеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў словах.
14 Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»
15 А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».
16 Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».
17 Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго.
18 І прыходзяць да Ісуса садуцэі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму.
20 Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.
21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.
22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памёрла і жанчына.
23 Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».
24 Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?
25 Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў небе.
26 Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: «Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»?
27 Не ёсць Бог мёртвых, але жывых! Вы моцна памыляецеся».
28 І адзін кніжнік, які чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»
29 Ісус адказаў: «Першае такое: «Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Бог адзіны.
30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі».
31 Другое такое: «Любі бліжняга свайго як самога сябе». Большага за гэтыя прыказанні няма».
32 І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Ён адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,
33 і любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, ды ўсімі сіламі ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».
34 Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.
35 І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?
36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».
37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,
39 і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,
40 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».
41 І, сеўшы насупраць скарбоны, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.
42 І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.
43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.
44 Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.