Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

О, бяздумныя Галяты! Хто зачараваў не пакарацца праўдзе вас, перад вачыма якіх быў раней апісаны Ісус Хрыстос, [нібыта] ў вас укрыжаваны?
 
О неразумныя галаты, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста, хто зачараваў вас?

Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз слуханьне веры?
 
Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры?

Ці вы гэткія бяздумныя, што, пачаўшы духам, цяпер сканчваеце целам?
 
Ці вы такія неразумныя, каб распачатае Духам завяршыць цяпер целам?

Ці гэтулькі перацярпелі вы надарма? Дый каб жа надарма!
 
Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна!

Дык ці Той, Які дае вам Духа і робіць між вамі цуды, праз учынкі Закону [робіць] ці праз слуханьне веры?
 
Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць веры?

Як Абрагам паверыў Богу, і залічана яму за праведнасьць,
 
Так, Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.

гэтак і вы разумейце, што тыя, хто з веры, гэтыя ёсьць сыны Абрагама.
 
Дык ведайце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама.

А Пісаньне, прадбачачы, што з веры Бог апраўдвае паганаў, раней дабравесьціла Абрагаму: «У табе будуць дабраслаўлёныя ўсе народы».
 
І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: «У табе благаслаўлёныя будуць усе народы».

Так што тыя, хто з веры, дабраслаўляюцца разам з верным Абрагамам.
 
Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам.

Бо ўсе тыя, хто праз учынкі Закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе Закону, каб рабіць гэтае».
 
Тыя, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: «Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону».

А што Законам ніхто не апраўдаецца перад Богам, зразумела, бо: «Праведны з веры жыць будзе».
 
А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы з веры жыць будзе.

А Закон ня ёсьць з веры, але: «Чалавек, які спаўняе яго, жыць будзе ім».
 
Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы Закону, той жыць будзе дзякуючы ім.

Хрыстос адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшыся за нас праклёнам, бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве»,
 
Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,

каб дабраслаўленьне Абрагама ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа мы атрымалі праз веру.
 
каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.

Браты, па-чалавечаму кажу: нават чалавекам засьведчанага запавету ніхто не адкідае, ані не дадае [да яго].
 
Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не змяняе.

Абяцаньні ж былі сказаныя Абрагаму і насеньню ягонаму. Ня кажа: «і насеньням», як пра многіх, але як пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
 
Вось жа Абрагаму і ягонаму патомству былі дадзены абяцанні. Не сказана: «І нашчадкам», быццам многім, але як аднаму: «І патомству твайму», якім ёсць Хрыстус.

Я вось кажу тое, што запавет пра Хрыста, раней засьведчаны Богам, Закон, які стаўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не пазбаўляе сілы, каб зьнішчыць абяцаньне.
 
Таму кажу: Запавету, зацверджанага Богам, не адмяняе Закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, каб скасаваць абяцанне.

Бо калі спадчына праз Закон, дык ужо не праз абяцаньне; а Абрагаму Бог падараваў [яе] праз абяцаньне.
 
Калі ж спадчына з Закону, то не з абяцання. Абрагама ж адарыў Бог праз абяцанне.

Дык навошта Закон? Ён дадзены з прычыны парушэньняў, пакуль прыйдзе насеньне, пра якое дадзена абяцаньне, загаданае праз анёлаў рукою пасярэдніка.
 
Нашто тады Закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з’явіцца патомак, якому даручана абяцанне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасрэдніка.

Пасярэднік жа ня ёсьць пры адным, а Бог адзін.
 
Той, хто адзін, не мае пасрэдніка, а Бог адзін.

Дык ці Закон супраць абяцаньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі б быў дадзены закон, які можа ажыўляць, праўдзіва, праведнасьць была б з закону.
 
Ці ж Закон працівіцца абяцанням Божым? Канешне, не. Калі б дадзены быў Закон, які мог бы даць жыццё, то сапраўды, справядлівасць вынікала б з Закону.

Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць.
 
Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста.

А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля [атрыманьня] веры, якая мела адкрыцца.
 
Перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры.

Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры.
 
Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры.

А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем,
 
Калі ж прыйшла вера, мы ўжо непадуладныя выхаваўцу.

бо ўсе вы — сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.
 
Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста.

Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.
 
Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.

Няма ані Юдэя, ані Грэка; няма ані слугі, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
 
Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе.

А калі вы — Хрыстовыя, дык вы — насеньне Абрагама і паводле абяцаньня — спадкаемцы.
 
Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.