Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя,
 

з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю,
 

намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою.
 

Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня;
 

Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,
 

Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас.
 

А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.
 

Дзеля гэтага і кажа: «Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям».
 

А «ўзыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што ён спачатку зыходзіў у прадонныя месцы зямлі?
 

Зыйшоўшы, Ён ёсьць і Той, Які ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё.
 

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі
 

дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага,
 

пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае,
 

каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману,
 

але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ў-ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава, — Хрыстос,
 

з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові.
 

Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго,
 

з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга.
 

Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю.
 

Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,
 

калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —
 

каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях,
 

а абнавіцца духам розуму вашага
 

і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды.
 

Дзеля гэтага, адкінуўшы хлусьню, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму.
 

Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не заходзіць у гневе вашым;
 

і не давайце месца д’яблу.
 

Хто краў, няхай больш не крадзе, а лепш працуе, робячы добрае рукамі сваімі, каб меў што даць таму, хто мае патрэбу.
 

Аніякае благое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць.
 

І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаныя на дзень адкупленьня.
 

Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і блюзьнерствы няхай будуць аддаленыя ад вас разам з усім ліхім.
 

Будзьце ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, прабачаючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце прабачыў вам.