Да Эфэсянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць дастойна пакліканьня, якім вы пакліканыя,
Дык малю вас я, вязень у Госпадзе, жыць годна паклікання, якім вы былі пакліканы,
з усёй пакорай розуму і ціхасьцю, з доўгацярплівасьцю, церпячы адзін аднаго з любоўю,
з усёю пакорамудрасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, падтрымліваючы адзін аднаго ў любові,
намагаючыся захаваць еднасьць духа ў саюзе супакою.
стараючыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру:
Адно Цела і адзін Дух, як вы і пакліканыя да аднае надзеі вашага пакліканьня;
адно Цела і адзін Дух, як вы і былі закліканы ў адной надзеі вашага паклікання;
Адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,
адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэнне;
Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх вас.
адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і праз усіх і ва ўсіх [нас].
А кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.
Кожнаму ж з нас была дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.
Дзеля гэтага і кажа: «Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям».
Таму Пісанне кажа: «Узышоўшы на вышыню, Ён павёў у палон палонных і даў дары людзям».
А «ўзыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што ён спачатку зыходзіў у прадонныя месцы зямлі?
А «ўзышоў» — што значыць, як не тое, што Ён і зышоў [спярша] у прадонныя часткі зямлі?
Зыйшоўшы, Ён ёсьць і Той, Які ўзыйшоў вышэй за ўсе нябёсы, каб споўніць усё.
Той, Хто зышоў, ёсць і Тым, Хто ўзышоў найвышэй над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі
І Ён Сам паставіў каго Апосталамі, каго прарокамі, каго дабравеснікамі, каго пастырамі і настаўнікамі
дзеля ўдасканальваньня сьвятых на справу служэньня, на будаваньне Цела Хрыстовага,
дзеля ўдасканалення святых на патрэбы служэння, на будову Цела Хрыстова,
пакуль усе дойдзем да еднасьці веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры ўзросту поўні Хрыстовае,
пакуль мы ўсе не прыйдзем да адзінства веры і пазнання Сына Божага, у чалавека дасканалага, у меру ўзросту паўнаты Хрыстовай,
каб мы не былі больш немаўлятамі, якіх хістае і захапляе ўсякі вецер вучэньня ў хітрыках чалавечых, у подступе хітрага падману,
каб мы ўжо не былі малымі дзецьмі, якіх кідае хвалямі і носіць па крузе ўсялякім ветрам вучэння ў чалавечым жульніцтве, у падступстве, каб звесці ў зман,
але каб, кажучы праўду ў любові, узрасталі ў-ва ўсім у Таго, Які ёсьць Галава, — Хрыстос,
але, трымаючыся праўды ў любові, ва ўсім узрасталі ў Таго, Хто ёсць Галава, Хрыстос;
з Якога ўсё Цела, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі дапамогі, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага члена, расьце дзеля будаваньня самога сябе ў любові.
з Якога ўсё Цела, злучанае і звязанае кожным суставам праз дзейнасць у сваю меру кожнай часткі, здзяйсняе рост Цела для стварэння самога сябе ў любові.
Дык кажу гэта і сьведчу ў Госпадзе, каб вы больш не хадзілі, як іншыя народы ходзяць, у марнасьці розуму свайго,
Дык гэта кажу і сведчу ў Госпадзе: каб вы ўжо не хадзілі, як і язычнікі ходзяць у марнасці свайго розуму,
з зацемненым разуменьнем, адлучаныя ад жыцьця Божага праз няведаньне, якое ў іх праз скамяненьне сэрца іхняга.
будучы запамарочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцця Божага з-за ўласцівага ім няведання, з-за акамянеласці іх сэрца;
Яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся бессаромнасьці, каб рабіць усякую нячыстасьць з хцівасьцю.
яны, зрабіўшыся нячулымі, аддаліся распусце, каб рабіць у прагнасці ўсялякую нечысціню.
Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,
Але вы не так навучыліся Хрысту,
калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —
калі сапраўды вы чулі Яго і ў Ім былі навучаны, — бо праўда ў Ісусе, —
каб адкінуць вам ранейшы лад жыцьця старога чалавека, які зьнішчаецца ў манлівых пажаданьнях,
зняць з сябе ранейшыя паводзіны старога чалавека, які псуецца ад пажадлівасцяў падману,
а абнавіцца духам розуму вашага
і абнаўляцца духам вашага розуму,
і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды.
і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасці і святасці праўды.
Дзеля гэтага, адкінуўшы хлусьню, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы члены адзін аднаму.
Таму, адкінуўшы хлусню, кажыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.
Гневайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не заходзіць у гневе вашым;
Гневайцеся, але не грашыце: няхай не заходзіць сонца пры вашай разгневанасці,
і не давайце месца д’яблу.
і не давайце месца д’яблу1.
Хто краў, няхай больш не крадзе, а лепш працуе, робячы добрае рукамі сваімі, каб меў што даць таму, хто мае патрэбу.
Хто крадзе, няхай больш не крадзе, а лепш хай працуе, зарабляючы сваімі рукамі дабро, каб мог успамагчы таму, хто мае патрэбу.
Аніякае благое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў веры, каб ласку давала тым, што слухаюць.
Ніякае гнілое слова няхай не зыходзіць з вашых вуснаў, а толькі добрае для ўладкавання патрэбы [веры], каб яно давала ласку [Божую] тым, хто слухае.
І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаныя на дзень адкупленьня.
І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы былі адзначаны пячаткаю на дзень выкупу.
Усякая горыч, і ярасьць, і гнеў, і крык, і блюзьнерствы няхай будуць аддаленыя ад вас разам з усім ліхім.
Усялякая горыч, лютасць, гнеў, крык і лаянка няхай будуць узяты ад вас разам з усялякай злосцю.
Будзьце ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, прабачаючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце прабачыў вам.
[І] будзьце адзінда аднаго добрымі, міласэрнымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.