Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Малю тады вас я, вязень Госпадаў, паступайце годна покліку, якім вы пакліканы:
 
Дык малю вас я, вязень у Госпадзе, жыць годна паклікання, якім вы былі пакліканы,

із шчырай пакорай і лагоднасьцю ды паўстрымнасьцяй, адзін другога церпячы з любасьцю,
 
з усёю пакорамудрасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, падтрымліваючы адзін аднаго ў любові,

стараючыся захаваць адзінства духа ў згоднай сулуцы.
 
стараючыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру:

Адно бо цела, адзін дух, як і пакліканы вы да аднае надзеі покліку вашага.
 
адно Цела і адзін Дух, як вы і былі закліканы ў адной надзеі вашага паклікання;

Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.
 
адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэнне;

Адзін Бог і Айцец усіх, што над усімі, і праз усіх, ды ў ва ўсіх нас.
 
адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і праз усіх і ва ўсіх [нас].

Кожнамуж з нас дадзена ласка водле меры Хрыстусавага дару.
 
Кожнаму ж з нас была дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.

Таму і сказана: Узыйходзячы у высь, паланіў палон, даў людзям дары (Пс. 67:19).
 
Таму Пісанне кажа: «Узышоўшы на вышыню, Ён павёў у палон палонных і даў дары людзям».

А штож абазначае ўзыйшоў, як ня тое, што перш Ён быў і зыйшоў у прадонне зямлі?
 
А «ўзышоў» — што значыць, як не тое, што Ён і зышоў [спярша] у прадонныя часткі зямлі?

Зыйшоўшы — гэта тойжа самы ўзыйшоўшы вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць.
 
Той, Хто зышоў, ёсць і Тым, Хто ўзышоў найвышэй над усе нябёсы, каб напоўніць усё.

І тойжа самы паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, а шчэ іншых пастырамі й вучыцелямі.
 
І Ён Сам паставіў каго Апосталамі, каго прарокамі, каго дабравеснікамі, каго пастырамі і настаўнікамі

Для дасканалення сьвятых на дзела служэння, на будаванне цела Хрыстуса;
 
дзеля ўдасканалення святых на патрэбы служэння, на будову Цела Хрыстова,

аж пакуль усе мы ня дойдзем да адзінства веры ды да поўнага пазнання Сына Божага, да мужа дасканалага на меру поўнаўзросту Хрыстусавага;
 
пакуль мы ўсе не прыйдзем да адзінства веры і пазнання Сына Божага, у чалавека дасканалага, у меру ўзросту паўнаты Хрыстовай,

каб мы ня былі ўжо малалеткамі хістанымі, й захаплянымі ўсякім ветрам вучэння хітрунскае блуклівае чмуты людзкое;
 
каб мы ўжо не былі малымі дзецьмі, якіх кідае хвалямі і носіць па крузе ўсялякім ветрам вучэння ў чалавечым жульніцтве, у падступстве, каб звесці ў зман,

але шчыраю любасьцю ўзрасталі ў ва ўсім у Таго, каторы ёсьць галавою — у каб мы ня былі ўжо малалеткамі хістанымі, й захаплянымі ўсякім ветрам вучэння хітрунскае блуклівае чмуты людзкое;а;
 
але, трымаючыся праўды ў любові, ва ўсім узрасталі ў Таго, Хто ёсць Галава, Хрыстос;

зь якога ўсё цела, сустаўленае ды споенае ўсякімі ўзаемаспаможнымі вязямі, згодна з адпаведным дзеяннем кажнага чэлеса, бярэ прырост на будаванне самога сябе ў любасьці.
 
з Якога ўсё Цела, злучанае і звязанае кожным суставам праз дзейнасць у сваю меру кожнай часткі, здзяйсняе рост Цела для стварэння самога сябе ў любові.

Кажу восьжа вам і Богам сьветчу, каб вы ўжо не паступалі, як паступаюць пагане ў пустадумсьцьве свайго розуму,
 
Дык гэта кажу і сведчу ў Госпадзе: каб вы ўжо не хадзілі, як і язычнікі ходзяць у марнасці свайго розуму,

з думкамі замарочанымі, далёкія ад жыцьця Божага празь нявуцтва іх ды ачарсьцьвеласьць сэрца;
 
будучы запамарочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцця Божага з-за ўласцівага ім няведання, з-за акамянеласці іх сэрца;

яны, ачманеўшы, аддаліся распусьце, дапушчаючыся прагавіта ўсякай нечысьці.
 
яны, зрабіўшыся нячулымі, аддаліся распусце, каб рабіць у прагнасці ўсялякую нечысціню.

Але вы ня гэтак пазналі Хрыстуса,
 
Але вы не так навучыліся Хрысту,

калі аб Ім чулі ды ў Ім навучыліся — водле праўды, якая ёсьць у Езусе —
 
калі сапраўды вы чулі Яго і ў Ім былі навучаны, — бо праўда ў Ісусе, —

пазбыцца разам з ранейшым жыцьцём старога чалавека, тлеючага ў зманных похацях,
 
зняць з сябе ранейшыя паводзіны старога чалавека, які псуецца ад пажадлівасцяў падману,

а абнавіцца духам розуму вашага
 
і абнаўляцца духам вашага розуму,

й прыадзецца ў новага чалавека, на Божую падобу створанага ў справядлівасьці ды сьвятасьці праўды.
 
і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасці і святасці праўды.

Дзеля гэтага, адкінуўшы ману, гаварэце кажны праўду свайму бліжняму, мы бо адзін другому чэлесы.
 
Таму, адкінуўшы хлусню, кажыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.

Гневайцеся, але не грашэце! Хай сонца не зайходзіць над гневам вашым;
 
Гневайцеся, але не грашыце: няхай не заходзіць сонца пры вашай разгневанасці,

І не давайце месца дзьяблу.
 
і не давайце месца д’яблу1.

Хто краў, хай больш не крадзе, а лепш хай працуе, творачы рукамі сваімі дабро, каб меў што даць патрабуючаму.
 
Хто крадзе, няхай больш не крадзе, а лепш хай працуе, зарабляючы сваімі рукамі дабро, каб мог успамагчы таму, хто мае патрэбу.

Ніякая мова агідная хай ня выйходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрая для збудавання ў веры, каб сталася ласкаю для слухаючых.
 
Ніякае гнілое слова няхай не зыходзіць з вашых вуснаў, а толькі добрае для ўладкавання патрэбы [веры], каб яно давала ласку [Божую] тым, хто слухае.

І ня смуцеця Святога Духа Божага, якім вы назначаны на дзень адкуплення.
 
І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы былі адзначаны пячаткаю на дзень выкупу.

Усякая горыч, гнеў і люць, і сварка, і лаенне мусяць быць выкаранены з-пасярод вас разам з усякаю злосьцю;
 
Усялякая горыч, лютасць, гнеў, крык і лаянка няхай будуць узяты ад вас разам з усялякай злосцю.

а будзьце адзін да другога ласкавымі, спагаднымі, міласэрнымі, выбачаючымі адзін другому, як і Бог у Хрыстусе вам выбачыў.
 
[І] будзьце адзінда аднаго добрымі, міласэрнымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.