Да Эфэсянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
І вас мяртвых праступкамі й грахамі вашымі,
І вас, мёртвых у вашых правінах і грахах,
ў якіх вы калісь звычаем гэтага сьвету жылі, згодна з уладаю князя сіл паветра, духа, што дзее цяпер у сынох бунту.
у якіх вы некалі жылі паводле звычаю гэтага свету, паводле князя ўлады ў паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорлівасці,
Між тымі й мы ўсе калісь жылі у нашых похацях цялесных, выконваючы прымхі цела і прыродных нахілаў, будучы з натуры дзяцьмі гневу, як і другія.
між якіх і мы ўсе некалі жылі ў пажадлівасцях нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі з прыроды дзецьмі гневу, як і астатнія, —
Але Бог, багаты міласэрдзям дзеля вялікае любасьці свае, якою умілаваў нас,
але Бог, багаты на міласэрнасць, з-за Сваёй вялікай любові, якою Ён палюбіў нас,
мяртвых праступкамі ажывіў нас разам з Хрыстусам — ласкаю ды збаўлёныя —
і нас, мёртвых ад грахоў, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкаю вы ўратаваны —
і разам з гробу збудзіў ды ў небе асадзіў у Хрыстусе;
і ўзнёс з Ім і пасадзіў з Ім у нябёсах у Хрысце Ісусе,
каб у наступных вякох аказаць мог багацьце свае ласкі з дабраты свае да нас у Хрыстусе Езусе.
каб выявіць у наступных вяках бязмернае багацце Сваёй ласкі ў дабрыні да нас у Хрысце Ісусе.
Вы бо ласкаю збаўлёныя празь веру; і-то не ад вас: бо (і яна) дар Божы —
Бо ласкаю вы ўратаваны праз веру, і гэта не ад вас — гэта дар Божы,
не за учынкі, каб ніхто не хваліўся.
не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
Бо мы стварэнні ягоныя, у Хрыстусе Езусе, стварэнні для добрых дзел, загадзе Богам празначаных для нашага выконвання.
Бо мы Яго тварэнне, створанае ў Хрысце Ісусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі.
Памятайце, восьжа, што вы, калісь пагане целам, празываныя «неабразанцамі» ад так званага абразання рукатворнага на целе,
Таму памятайце, што вы, некалі язычнікі целам, якіх называюць неабрэзанымі так званыя абрэзаныя на целе абразаннем рукатворным, —
былі тады бяз Хрыстуса, адлучаныя ад правоў ізраельскага грамадзянства, чужыя запаветным абяцанням, без надзеі і бяз Бога на гэтым сьвеце.
што вы былі ў той час без Хрыста, адчужаныя ад грамадства Ізраіля і чужыя для запаветаў абяцання, не мелі надзеі і былі бязбожнікі ў свеце.
Цяпер-жа ў Хрыстусе Езусе вы, калісь далёкія, сталіся блізкімі крывёю Хрыстуса.
Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што некалі былі далёка, сталі блізкімі крывёю Хрыстоваю.
Ён бо — ёсьць мір-згода нашая, што ўтварыў з двух адно, скрышыўшы сьцяну перапоны варожасьці ў целе сваім:
Бо Ён ёсць наша прымірэнне, Той, Хто абодвух зрабіў адным і разбурыў Сваім целам сцяну перагародкі, што стаяла між імі — варажнечу,
сказаваў закон цьвёрдых наказаў прыказанняў, каб із двух зрабіць у сабе аднаго новага чалавека, ладзячы мір-згоду,
скасаваўшы закон запаведзяў з пастановамі, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, усталяваўшы мір,
і пагадзіў з Богам абодвых у вадным целе праз крыж, умарыўшы ім варожасьць.
і прымірыць з Богам абодвух у адным Целе праз крыж, забіўшы на ім варажнечу.
Ён, прыйшоўшы, дабравесьціў супакой вам, далёкім і блізкім;
І, прыйшоўшы, Ён дабравесціў мір вам — тым, хто быў далёка, і мір тым, хто быў блізка;
праз Яго бо і адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.
таму што праз Яго мы — і тыя і другія — маем доступ у адным Духу да Бацькі.
Дык вы ўжо ня чужынцы й ня прыходжыя, а суграмадзяне сьвятых і дамашнія ў Бога,
Дык вы ўжо не чужыя і не прышэльцы, а суграмадзяне святым і дамашнія для Бога,
асталяваныя на фундаманце Апосталаў і Прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсьць сам Хрыстус.
угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем — Сам Хрыстос Ісус,
На Ім уся будыніна, стройна споеная, вырастае ў Святыню Божую,
на Якім уся пабудова, складаючыся, вырастае ў святы храм у Госпадзе,
на якой і вы будуецеся на прыбытак Бога ў Духу.
у Якім і вы ўладкоўваецеся разам у жыллё Божае Духам.