1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».
Слушнае слова: калі хто імкнецца да епіскапства — добрай працы ён прагне.
Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,
Дык біскуп павінен быць беззаганным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, сумленным, гасцінным, здольным навучаць;
ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,
не п’яніцам, не забіякам, а прыязным, несварлівым, не срэбралюбцам;
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.
каб добра кіраваў домам, трымаў дзяцей у паслухмянасці з усёй годнасцю
А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?
(А алі хто ўласным домам кіраваць не ўмее, як ён будзе клапаціцца пра Божую царкву?);
[Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.
не новадалучаным, каб ён, надзьмуўшыся пыхаю, не падпаў пад суд, што і д’ябал.
Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.
Трэба, каб ён меў і добрае сведчанне ад тых, хто звонку царквы, каб яму не ўпасці ў ганьбу і пастку д’ябла.
Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,
Таксама дыяканы павінны быць паважныя, не двудушныя, якія не надужываюць віна, не хцівыя,
якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
тыя, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.
Няхай жа і яны спярша будуць выпрабаваны, а пасля хай служаць, калі яны бездакорныя.
Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.
Таксама жанчыны павінны быць паважаныя, не паклёпніцы, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,
Дыяканы няхай будуць мужамі адной жонкі, якія добра кіруюць сваімі дзецьмі і ўласнымі дамамі.
бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
Бо тыя, хто добра паслужыў, набываюць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, якая ў Хрысце Ісусе.
Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
Гэта пішу табе, спадзеючыся хутка прыйсці да цябе.
каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.
А калі я запазнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў Божым доме, які ёсць Царква жывога Бога — слуп і падпора праўды.
І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
І агульнапрызнана, вялікая таямніца пабожнасці: Хто1 з’явіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, стаў бачны Анёлам, пра Яго абвясцілі народам, у Яго ўверавалі ў свеце і Ён быў узнесены ў славе.