1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».
Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.
Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,
А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,
ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,
ня п’яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.
павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;
А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?
бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?
[Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.
не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д’яблам.
Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.
Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д’ябальскіх.
Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,
Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,
якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,
І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.
і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.
Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.
Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,
Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;
бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.
каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
І, прызнана ўсімі — вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.