1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Анатоля Клышкi
Вернае слова: калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае.
Слушнае слова: калі хто імкнецца да епіскапства — добрай працы ён прагне.
Епіскапу належыць быць беззаганным, мужам аднае жонкі, цвярозым, разумным, сумленным, гасцінным, вучыцельным;
Дык біскуп павінен быць беззаганным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, сумленным, гасцінным, здольным навучаць;
не п’яніцаю, не задзіраю, не карыслівым, але далікатным, не сварлівым, не сквапным,
не п’яніцам, не забіякам, а прыязным, несварлівым, не срэбралюбцам;
добрым гаспадаром уласнага дому, які трымае ў паслухмянасці дзяцей з усякай пашанай, —
каб добра кіраваў домам, трымаў дзяцей у паслухмянасці з усёй годнасцю
бо калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай? —
(А алі хто ўласным домам кіраваць не ўмее, як ён будзе клапаціцца пра Божую царкву?);
не можа быць з нованавернутых, каб не ўзбіўся ў пыху і не трапіў на суд разам з д’яблам.
не новадалучаным, каб ён, надзьмуўшыся пыхаю, не падпаў пад суд, што і д’ябал.
Яму належыць мець добрае сведчанне ад тых, што навокал, каб не трапіў у пагарду і ў пастку д’ябла.
Трэба, каб ён меў і добрае сведчанне ад тых, хто звонку царквы, каб яму не ўпасці ў ганьбу і пастку д’ябла.
Таксама і дыяканы [хай будуць] паважныя, не двуязычныя, не прагавітыя да віна, не сквапныя да нажывы,
Таксама дыяканы павінны быць паважныя, не двудушныя, якія не надужываюць віна, не хцівыя,
якія захоўваюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
тыя, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, калі не будуць мець ніякай правіны, хай служаць.
Няхай жа і яны спярша будуць выпрабаваны, а пасля хай служаць, калі яны бездакорныя.
Падобна і жонкі — паважныя, не абмоўныя, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Таксама жанчыны павінны быць паважаныя, не паклёпніцы, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі сваімі і сваім домам.
Дыяканы няхай будуць мужамі адной жонкі, якія добра кіруюць сваімі дзецьмі і ўласнымі дамамі.
Тыя, што добра спаўняюць служэнне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасць у веры, якая ёсць у Хрысце Ісусе.
Бо тыя, хто добра паслужыў, набываюць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, якая ў Хрысце Ісусе.
Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
Гэта пішу табе, спадзеючыся хутка прыйсці да цябе.
Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаванне праўды.
А калі я запазнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў Божым доме, які ёсць Царква жывога Бога — слуп і падпора праўды.
Ды агульна прызнана, што вялікая таямніца пабожнасці: Бог аб’явіўся ў целе, засведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны народам, прыняты вераю ў свеце, узнесены ў славе.
І агульнапрызнана, вялікая таямніца пабожнасці: Хто1 з’явіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, стаў бачны Анёлам, пра Яго абвясцілі народам, у Яго ўверавалі ў свеце і Ён быў узнесены ў славе.