Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя,
і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі.
А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым,
ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка.
Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці.
Дык ня будзьце супольнікамі іх.
Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла,
бо плод Духа ёсьць у-ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе.
Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу,
і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце.
Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць.
Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло,
таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос».
Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,
выкупляючы час, бо дні злыя.
Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада.
І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,
гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых,
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду,
бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела.
Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім.
Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе,
каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове,
каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.
Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць.
Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву.
Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго.
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам.
Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву.
Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.