Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць.
Дзеці, слухайцеся ў Госпадзе бацькоў вашых, бо гэта праведна.
«Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
«Шануй бацьку твайго і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем:
«каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі».
«каб добра табе было і ты доўга жыў на зямлі».
І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым.
І вы, бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, а выхоўвайце іх у вучэнні і настаўле́нні Гасподнім.
Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста,
Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх па плоці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэрца вашага, як Хрыста,
не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы,
слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы волю Божую ад душы,
з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям,
шчыра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям,
ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны.
ведаючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, тое ж атрымае ад Госпада.
І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча.
І вы, гаспадары, рабіце ім тое самае, стрымлівайце суровасць, ведаючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асобы.
Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго.
Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў магутнасці сілы Яго;
Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
апранíцеся ва ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыявала;
бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.
бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных.
Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць.
Дзеля гэтага вазьміце ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці,
Так што станьце, падпераза́ўшы сябе ісцінай і апрануўшы браню праведнасці,
і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой,
і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабраве́сціць мір;
і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога.
а перш за ўсё вазьміце шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе распа́леныя стрэлы злога;
І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае.
і шлем спасення вазьміце, і меч духоўны, які ёсць слова Божае;
Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых
усякаю малітваю і прашэннем маліцеся ва ўсякую пару́ духам і пра гэта дбайце з усёй цярплівасцю і прашэннем за ўсіх святых
і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля,
і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — вуснамі маімі з адвагаю не́сці тайну дабраве́сця,
дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць.
паслом якога я з’яўляюся ў аковах, каб я адважна прапаведаваў, як мне і належыць.
А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе,
А каб і вы ведалі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паведаміць вам Ціхік, узлю́блены брат і верны ў Госпадзе служыцель,
якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
якога я і паслаў да вас дзеля таго, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы.
Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста.
Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн
Благадаць з усімі, хто любіць Госпада нашага Іісуса Хрыста непарушна. Амінь.