Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Сказаў жа і да вучняў Сваіх: «Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную.
Казаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты, каторы меў аканома, але на яго данесьлі яму, што растрачвае маёмасьць ягоную.
І, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць”.
І, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта (я) чую пра цябе? дай справаздачу пра аканомства тваё: бо (ты) больш ня можаш гаспадарыць.
Сказаў сам у сабе аканом: “Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромеюся.
Тады аканом сказаў сам сабе: што (мне) рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне аканомства? капаць ня магу, жабраваць саро́млюся;
Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня”.
ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі буду адхілены ад аканомства.
І, паклікаўшы даўжнікоў пана свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: “Колькі ты вінен пану майму?”
І, паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго кожнага паасобку, казаў першаму: сколькі (ты) вінен гаспадару майму?
Той сказаў: “Сто мер алею”. І сказаў яму: “Вазьмі напісанае табою і, сеўшы, хутчэй напішы пяцьдзясят”.
Ён жа сказаў: сто мер алею. І сказаў яму: вазьмі тваю распіску і, сеўшы, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
Пасьля другому сказаў: “А ты колькі вінен?” Той сказаў: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі напісанае табою і напішы: восемдзясят”.
Потым сказаў другому: а ты колькі вінен? Ён жа сказаў: сто мер пшаніцы. І кажа яму: вазьмі тваю распіску і напішы: восемдзясят.
І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім.
І пахваліў гаспадар няправеднага аканома, што (той) дагадліва ўчыніў, бо сыны веку гэтага дагадлівей за сыноў сьвятла ў родзе сваім.
І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты.
І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб калі кончыце (жыцьцё), (яны) прынялі вас у вечныя сялібы.
Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны.
Верны ў найменшым і ў многім верны, а няверны ў найменшым і ў многім няверны.
Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
Дык вось калі (вы) у няправедным багацьці ня былі верныя, хто вам даверыць сапраўднае?
І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае?
І калі ў чужым (вы) ня былі верныя, хто вам дасьць вашае?
Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне».
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе нянавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе рупліва служыць, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Чулі ўсё гэтае і фарысэі, якія былі срэбралюбцамі, і насьміхаліся з Яго.
Чулі ж гэта ўсё і хварысэі, якія былі срэбралюбівымі, і сьмяялісь зь Яго.
І Ён сказаў ім: «Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам.
Але Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што ў людзей высокае, тое агіда перад Богам.
Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго.
Закон і Прарокі — да Яана; з таго часу Каралеўства Бога дабравесьціцца, і кожны сілаю ўваходзіць у яго.
Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыска з Закону загіне.
Лягчэй жа небу і зямлі зьнікнуць, чым зьнікнуць (хоць) адной рысачцы з Закону.
Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць.
Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, той пералюбадзейнічае; і ўсякі, хто бярэ ў жоны разьведзеную з мужам, пералюбадзейнічае.
Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся.
Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і бісон і кожны дзень раскошна банкетаваў.
А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах,
І быў адзін убогі, імем Лазар, які ляжаў ля варот ягоных, пакрыты струпамі.
і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя.
І прагнуў наесьціся крошак, што падалі са стала багацея; прытым і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы ягоныя.
І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны.
І сталася: памёр убогі, і быў аднесены Ангеламі на лано́ Абрагамавае; памёр і багацей, і пахавалі яго;
І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
і ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на лоне ягоным.
і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”.
І ён, загаласіўшы, сказаў: тата Абрагаме! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб (ён) абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і астудзіў язык мой, бо (я) мучуся ў полымі гэтым.
Але Абрагам сказаў: “Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар — ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.
Сказаў жа Абрагам: дзіця! прыпомні, што ты (ужо) атрымаў добрае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар гэтак жа благое; цяпер жа тут (ён) суцяшаецца, а ты пакутуеш;
І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць”.
ды да таго ўсяго між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас ня пераходзяць.
Сказаў жа ён: “Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго,
(Ён) жа сказаў: дык прашу цябе, тата, каб (ты) паслаў яго ў дом бацькі майго.
бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў”.
Бо ў мяне пяць братоў: хай (ён) засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае мейсца мучэньня.
Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць”.
Кажа яму Абрагам: у іх ёсьць Масей і Прарокі, няхай слухаюць іх.
Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца”.
Ён жа сказаў: не, тата Абрагаме, але калі хто з умершых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Сказаў жа яму [Абрагам]: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”».
Тады (Абрагам) сказаў яму: калі Масея і Прарокаў ня слухаюць, нават калі б хто (і) з умершых уваскрос, ня павераць.