Нээміі 10 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Тыя, што прыклалі пячаткі: Нээмія-Тыршата, сын Гахаліі, і Сэдэкія,
Даніэль, Гіннэтон, Барух,
Маазія, Білгай, Шэмая; гэта сьвятары.
І лявіты: Ешуа, сын Азаніі, Біннуй з сыноў Хэнадада, Кадміэль,
і браты іхнія: Шэванія, Годыя, Келіта, Пэлая, Ханан,
Заккур, Шэрэвія, Шэванія,
Галовы народу: Парош, Пахат-Мааў, Элям, Затту, Бані,
Мэшэзабэль, Цадок, Яддуа,
І іншы народ, сьвятары, лявіты, прыдзьвернікі, сьпевакі, нэтынэі і ўсе, якія аддзяліліся ад народаў зямлі [гэтай] дзеля Закону Божага, жонкі іхнія і дочкі іхнія, усе, якія маглі разумець,
далучыліся да братоў сваіх, слаўных сваіх, і абавязаліся клятваю і прысягаю хадзіць паводле Закону Божага, які быў дадзены праз рукі Майсея, слугі Божага, і захоўваць, і спаўняць усе прыказаньні ГОСПАДА, Госпада нашага, і прысуды Ягоныя, і пастановы Ягоныя,
І не аддаваць дочак нашых народам зямлі гэтай, і дочак іхніх ня браць для сыноў нашых,
і калі народы зямлі гэтай прывязуць у суботу тавары або ўсялякае збожжа, каб продаць, ня браць у іх у суботу або ў дзень сьвяты, і пакінуць [сяўбу] ў сёмы год, і [дараваць] усе даўгі.
І прынялі мы для сябе прыказаньне, каб даваць ад кожнага трэцюю частку сыкля на служэньне ў Доме Бога нашага,
на хлябы пакладныя, на штодзённую ахвяру хлебную і на штодзённае цэласпаленьне, на суботы, на маладзікі, на сьвяты, на рэчы сьвятыя і на ахвяры за грэх, каб перамольваць за Ізраіля, і на ўсякую працу ў Доме Бога нашага.
І кінулі мы жэрабя пра ахвяраваньне дроваў, сьвятары, лявіты і народ, каб прыносіць іх у Дом Бога нашага ў вызначаны час, з году ў год, паводле дамоў бацькоў нашых, каб спальваць іх на ахвярніку ГОСПАДА, Бога нашага, як напісана ў Законе.
І мы [прысягнулі] прыносіць пяршыны зямлі нашай і пяршыны ўсіх пладоў усіх дрэваў, з году ў год, у Дом ГОСПАДА,
і першародных сыноў нашых і са скаціны нашай, як напісана ў Законе, першародных валоў нашых і авечак нашых прыводзіць у Дом Бога нашага для сьвятароў, якія служаць у Доме Бога нашага.
і пачаткі цеста нашага, і дароў нашых, і плод усіх дрэваў, віна і алею прыносіць для сьвятароў у каморы Дому Бога нашага, і дзесяціны зямлі нашай [прыносіць] для лявітаў, і гэтыя лявіты будуць браць дзесяціны ў-ва ўсіх гарадах працы нашай.
І сьвятар, сын Аарона, будзе пры лявітах, калі лявіты будуць браць дзесяціны, і лявіты дадуць дзесяціну з дзесяцінаў у Дом Бога нашага, у каморы дому скарбніцы;
бо ў гэтыя каморы будуць прыносіць сыны Ізраіля і сыны Левія дары збожжа, віна і алею; і там [таксама] начыньне, якое асьвячонае, сьвятары, якія служаць, прыдзьвернікі і сьпевакі. І мы не пакінем Дому Бога нашага!