2 царстваў 9 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, бо я зьяўлю міласэрнасьць яму дзеля Ёнатана?»
І сказаў Давід: «Ці няма яшчэ каго, хто застаўся з дому Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнафана».
А з дому Саўла [застаўся] адзін слуга на імя Цыва. І паклікалі яго да Давіда, і валадар сказаў яму: «Ці ты Цыва?» Ён сказаў: «Слуга твой».
У доме Саўлавым быў слуга, наймя Цыва; і гукалі яго да Давіда, і сказаў яму кароль: «Ці ты Цыва?» І тый сказаў: «Я, слуга твой».
І сказаў валадар: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я зьявіў яму міласэрнасьць Божую?» І сказаў Цыва валадару: «Яшчэ [застаўся] сын Ёнатана, хворы на ногі».
І сказаў кароль: «Ці няма яшчэ каго з дому Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую». І сказаў Цыва каралю: «Ё яшчэ Ёнафанёнак, кульгавы».
І сказаў яму валадар: «Дзе ён?» А Цыва сказаў валадару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, у Лёдэбары».
І сказаў яму кароль: «Ідзе ён?» І сказаў Цыва каралю: «Вось, ён у доме Махіра Аміеленка ў Лодэвару».
І валадар Давід паслаў па яго, і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Лёдэбару.
І паслаў кароль Давід, і ўзялі яго з дому Махіра Аміеленка, з Лодэвару.
І прыйшоў Мэфібашэт, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэфібашэт». Ён сказаў: «Вось слуга твой».
І прышоў Мефівошэф, сын Ёнафана Саўлянка, да Давіда, і паў на від свой, пакланіўся. І сказаў Давід: «Мефівошэфе!» І сказаў тый: «Во слуга твой».
І сказаў яму Давід: «Ня бойся, бо я зьяўлю табе міласэрнасьць дзеля Ёнатана, бацькі твайго, і я зьвярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есьці хлеб са стала майго заўсёды».
І сказаў яму Давід: «Ня бойся: я зраблю, зраблю табе ласку дзеля айца твайго Ёнафана; і зьвярну табе ўсі полі Саўлавы, айца твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за сталом маім».
І той пакланіўся, і сказаў: «Хто ж [ёсьць] слуга твой, што ты зьвярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я».
І пакланіўся, і сказаў: «Што такое слуга твой, што ты зьвярнуў увагу на такога мертвага сабаку, як я?»
І паклікаў валадар Цыву, слугу Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я перадаю сыну гаспадара твайго.
І гукнуў кароль Цыву, дзяцюка Саўлавага, і сказаў яму: «Усе, што належыла Саўлу а ўсяму дому ягонаму, я аддаў сыну спадара твайго.
І будзеш яму служыць на ральлі ты, і сыны твае, і слугі твае, і будзеш прынось [плады], і будзе хлеб у сына гаспадара твайго, і ён будзе есьці [яго]. І Мэфібашэт, сын гаспадара твайго, будзе есьці заўсёды хлеб са стала майго». А Цыва меў пятнаццаць сыноў і дваццаць слугаў.
Дык рабі яму зямлю ты а сынове твае а слугі твае, і дастаўляй плады яе, і будзе ў сына спадара твайго хлеб а ежа ягоная; Мефівошэф жа, сын спадара твайго, заўсёды будзе есьці за сталом маім». У Цывы было пятнанцацёх сыноў і дваццацёх слугаў.
І сказаў Цыва валадару: «Як загадаў гаспадар мой, валадар, слузе твайму, так і зробіць слуга твой». І Мэфібашэт еў са стала [Давіда], як адзін з сыноў валадара.
І сказаў Цыва каралю: «Подле ўсёга, што расказуе спадар мой кароль слузе свайму, зробе слуга твой». Мефівошэф еў за сталом, як адзін із сыноў каралёвых.
Мэфібашэт меў сына малога на імя Міха. І ўсе, што жылі ў доме Цывы, былі слугамі ў Мэфібашэта.
У Мефівошэфа быў малы сын, імям Міха. Усі, хто жыхарыў у доме Цывіным, былі слугамі Мефівошэфавымі.
І жыў Мэфібашэт у Ерусаліме, бо ён заўсёды еў са стала валадарскага. А быў ён кульгавы на абедзьве нагі.
І жыў Мефівошэф у Ерузаліме, бо ён еў заўсёды за сталом каралеўскім. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.