2 царстваў 14 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І зразумеў Ёаў, сын Цэруі, што сэрца валадара [прыхілілася] да Абсалома.
 
І ведаў Ёаў Цэруёнак, што сэрца каралёва нахінулася да Аўсалома.

І паслаў Ёаў у Тэкоа, і прывёў адтуль мудрую жанчыну, і сказаў ёй: «Удай, што ты ў жалобе і апраніся ў адзеньне жалобнае, і не намашчайся алеем, і будзеш як жанчына, якая шмат дзён у жалобе па памерлым.
 
І паслаў Ёаў да Фекоі, і ўзяў стуль мудрую жонку, і сказаў ёй: «Прыдайся плачучай, і надзень жалобнае адзецьце, і ня мажся алеям, але будзь як жонка, што мела даўгі час жалобу па памерлым;

І пойдзеш ты да валадара, і скажаш яму словы гэтыя». І ўлажыў Ёаў словы ў вусны ейныя.
 
І прыйдзеш да караля, і будзеш гукаць яму подле гэтага слова. І Ёаў улажыў словы ў вусны ейныя.

І казала жанчына з Тэкоа валадару, і ўпала на аблічча сваё, і пакланілася [яму], і сказала: «Дапамажы, валадару».
 
І сказала жонка Фекоянка каралю, і пала відам сваім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Ратуй, каролю!»

І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Я — удава, а муж мой памёр.
 
І сказаў ёй кароль: «Чаго табе?» І сказала яна: «Я ўдава, муж мой памер;

І мела служка твая двух сыноў, і яны пасварыліся ў полі, і не было [нікога], хто б іх разьвёў, і адзін ударыў другога, і той памёр.
 
І ў нявольніцы тваёй два сыны; яны абодва павадзіліся ў полю, і ня было каму разбараніць іх, і выцяў адзін другога, і забіў яго.

І вось, уся сям’я паднялася супраць служкі тваёй, і сказалі: “Аддай забойцу брата, і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якога ён забіў. І зьнішчым спадкаемцу”. І яны затушаць зьнічку маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на абліччы зямлі».
 
І вось, паўстала ўся радня на служэбку тваю і кажуць: "Аддай убіўцу брата свайго; мы заб’ем яго за душу брата ягонага, каторага ён забіў, і спадкаемцу загубім таксама". Дык яны згасяць засталую жарыну маю, што засталася, каб не пакінуць мужу майму імені а патомства на відзе зямлі».

І сказаў валадар жанчыне: «Вяртайся ў дом твой, а я загадаю адносна цябе».
 
І сказаў кароль жонцы: «Ідзі супакойна двору, а я дам расказаньне празь цябе».

І жанчына з Тэкоа сказала валадару: «На мне, гаспадару мой, валадар, віна і на доме бацькі майго, а валадар і пасад ягоны не вінаваты».
 
І сказала жонка Фекоянка каралю: «На імне, спадару мой, каролю, гэтае бяспраўе а на доме айца майго, кароль жа а пасад ягоны хай будзе бязь віны».

І сказаў валадар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне, і ён ужо ня будзе чапляцца да цябе».
 
І сказаў кароль: «Таго, хто будзе гукаць на цябе, прывядзі да мяне, і ён болей не зачэпе цябе».

І сказала яна: «Узгадай, валадару, на ГОСПАДА, Бога твайго, каб мсьціўца за кроў не павялічваў зьнішчэньне і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД, не спадзе нават волас [з галавы] сына твайго на зямлю».
 
Яна сказала: «Успомні, каролю, СПАДАРА, Бога свайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў, каб згубіць а зьнішчыць сына майго». І сказаў: «Жыў СПАДАР! не спадзець і волас сына твайго на зямлю».

І сказала жанчына: «Ці можа служка твая прамовіць да гаспадара майго, валадара, слова?» Ён сказаў: «Кажы».
 
І сказала жонка: «Калі ласка, хай кажа нявольніца твая слова спадару майму, каралю».

І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш [рабіць] супраць народу Божага? Бо калі валадар сказаў слова гэтае, ён абвінаваціў сябе, бо валадар не вяртае выгнанца свайго.
 
Ён сказаў: «Кажы». І сказала жонка: «Чаму ты так думаеш супроці люду Божага? Кароль, кажучы гэтае слова, ёсьць як вінны, бо не зварачае выгнаньніка свайго.

Бо сьмерцю мы памром, і мы быццам вада, разьлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць. Але Бог ня [хоча] загубіць душу, і Ён думае, каб ня быў на выгнаньні выгнанец.
 
Мы напэўна памрэм і будзем як вада, вылітая на зямлю, каторую нельга зьберці; але Бог ня хоча загубіць душу, і думае думы, каб не адапхнуць ад Сябе адапхнёнага.

І вось, я прыйшла сказаць гаспадару майму, валадару, слова гэтае, бо гэты народ палохае мяне. І сказала служка твая: “Скажу я валадару, можа, ён выканае слова служкі сваёй.
 
Дык цяпер я прышла сказаць каралю, спадару свайму, гэтае слова, бо люд палохае мяне; і сказала нявольніца твая: "Пагутару я з каралём, можа ён зробе подле слова служэбкі свае.

І выслухае валадар, каб вызваліць служку сваю з рукі таго, хто хоча зьнішчыць мяне і сына майго і [пазбавіць] спадчыны Божай”.
 
Бо кароль выслухае, вывальне служэбку сваю з рукі чалавека, што хоча зьнішчыць мяне разам із сынам маім із спадку Божага".

І сказала служка твая: “Няхай слова гаспадара майго, валадара, суцешыць мяне. Як анёл Божы гаспадар мой, валадар, які выслухае тое, што добрае, і тое, што ліхое”. Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе з табою!»
 
І сказала нявольніца твая: "Хай будзе слова спадара майго, караля, на пацеху імне, бо, як ангіл Божы, так спадар мой, кароль, і можа выслухаць і добрае і ліхое. І СПАДАР, Бог твой, будзе з табою"».

І адказаў валадар, і сказаў жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, пра што я цябе спытаю». І сказала жанчына: «Гавары, гаспадару мой, валадар».
 
І адказаў кароль, і сказаў жонцы: «Не ўтаі ад мяне, калі ласка, справы, праз каторую я папытаю ў цябе». І сказала жонка: «Кажы, калі ласка, спадару мой, каролю!»

І сказаў валадар: «Ці не рука Ёава з табой у-ва ўсіх гэтых [словах]?» І адказала жанчына, і сказала: «Як жывая душа твая, гаспадару мой, валадар! Нельга [ўхіліцца] ані ўправа, ані ўлева ад усяго, пра што кажа гаспадар мой, валадар. Бо слуга твой Ёаў загадаў мне, і ён улажыў у вусны служкі тваёй усе словы гэтыя.
 
І сказаў кароль: «Ці ня рука Ёвава з табой у вусім гэтым?» І адказала жонка, і сказала: «Хай жывець душа твая, спадару мой, каролю; ані направа, ані налева нельга адхінуцца ад тога, што сказаў спадар мой, кароль; бо слуга твой Ёаў расказаў імне, і ён улажыў у вусны нявольніцы гэтыя словы.

Каб прыповесьцю зьмяніць выгляд гэтай справе, слуга твой Ёаў зрабіў гэта, але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што [адбываецца] на зямлі».
 
Каб зьмяніць выгляд гэтае справы, зрабіў слуга твой Ёаў гэта; але спадар мой мудры, як мудры ангіл Божы, каб ведаць усе, што на зямлі».

І сказаў валадар Ёаву: «Вось, калі ласка, зрабі гэтую справу, і ідзі, і прывядзі юнака Абсалома».
 
І сказаў кароль Ёаву: «Вось жа, я зрабіў гэтую справу, пайдзі ж, зьвярні дзяцюка Аўсалома».

І Ёаў упаў на аблічча сваё на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў валадара, і сказаў Ёаў: «Сёньня даведаўся слуга твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар, бо выканаў ты слова слугі твайго».
 
І паў Ёаў відам на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў караля, і сказаў: «Цяпер ведае слуга твой, што прыдбаў ласку ў ваччу тваім, спадару мой, каролю, бо кароль учыніў подле слова слугі свайго».

І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гешур, і прывёў Абсалома ў Ерусалім.
 
І ўстаў Ёаў, і пайшоў да Ґешуру, і прывёў Аўсалома да Ерузаліму.

І сказаў валадар: «Няхай вернецца Абсалом у дом свой, але аблічча майго ён ня ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, але аблічча валадара ня ўбачыў.
 
І сказаў кароль: «Хай ён зьвернецца да дому свайго, а віду майго ня бача». І зьвярнуўся Аўсалом да дому свайго, а віду каралеўскага ня бачыў.

А прыгажэйшага ад Абсалома не было нікога ў-ва ўсім Ізраілі, які так быў слаўны. Ад ног да галавы не было ў ім заганы.
 
І падобнага да Аўсалома ня было харашуна ў вусім Ізраелю, і гэгулькі хваленага; ад падашвы нагі аж да цемені галавы ягонае ня было ў ім заганы.

А калі стрыг ён галаву сваю, а стрыг ён яе звычайна штогод, бо [валасы] былі цяжкія, і мусіў стрыгчыся, валасы галавы ягонай важылі дзьвесьце сыкляў вагі валадарскай.
 
Як ён стрыг галаву сваю, — а стрыг ён яе кажнага году, бо яна цяжарыла яго, — то валасы з галавы ягонае важылі дзьвесьце сыкляў подле вагі каралеўскае.

І нарадзілася Абсалому тры сыны і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.
 
І радзіліся ўв Аўсалома тры сыны й адна дачка, наймя Тамара; яна была жонка пазорная.

І сядзеў Абсалом у Ерусаліме два гады, але аблічча валадара ня бачыў.
 
І жыў Аўсалом у Ерузаліме два гады, і віду каралёвага ня бачыў.

І паслаў Абсалом да Ёава, каб паслаў яго да валадара, але ён не хацеў прыйсьці да яго. І паслаў ён другі раз, але той не хацеў прыйсьці.
 
І паслаў Аўсалом па Ёава, каб паслаць яго да караля; але тый ня зычыў прыйсьці да яго. Паслаў і другім наваратам, але тый ня зычыў прыйсьці.

І сказаў ён слугам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаў побач з маім, і [расьце] на ім ячмень. Ідзіце і спаліце яго агнём». І слугі Абсалома спалілі поле агнём.
 
І сказаў слугам сваім: «Бачыце часьць поля Ёававага ля майго, і ў яго там ячмень; пайдзіце, выпаліце яго цяплом». І выпалілі слугі Аўсаломавы часьць поля цяплом.

І ўстаў Ёаў, і прыйшоў у дом Абсалома, і сказаў: «Чаму слугі твае спалілі поле маё агнём?»
 
І ўстаў Ёаў, і прышоў да Аўсалома да дому, і сказаў яму: «Чаму цяплом выпалілі слугі твае часьць поля майго?»

І сказаў Абсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў да цябе, кажучы: “Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да валадара, кажучы яму: "Навошта я вярнуўся з Гешуру? Лепш было мне там [жыць]"”. І цяпер [дапамажы]мне ўбачыць аблічча валадара. Калі я ў чым вінаваты, няхай ён заб’е мяне».
 
І сказаў Аўсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў па цябе, кажучы: "Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да караля сказаць: ’Нашто я прышоў з Ґешуру? Валей бы імне яшчэ заставацца там. Я хачу бачыць від каралёў. Калі ёсьць у імне бяспраўе, то забі мяне’"».

І пайшоў Ёаў да валадара, і паведаміў яму гэта. І паклікаў ён Абсалома, і той прыйшоў да валадара, і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад абліччам валадара. І пацалаваў валадар Абсалома.
 
І пайшоў Еаў да караля, і азнайміў яму. І гукнуў Аўсалома; ён прышоў да караля, і паў відам сваім на зямлю перад каралём; і пацалаваў кароль Аўсалома.