2 царстваў 21 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І стаўся голад у дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД сказаў: «На Саўле і на доме ягоным [цяжэе] кроў, бо ён забіў Гібэонцаў».
І была галадоў за дзён Давідавых тры гады, год пры годзе. І шукаў Давід віду СПАДАРОВАГА. І сказаў СПАДАР: «За Саўлу а кроў дому ягонага, бо ён зрабіў сьмерць Ґівеонянам».
І паклікаў валадар Гібэонцаў, і размаўляў з імі. А Гібэонцы не былі з сыноў Ізраіля, але з рэшты Амарэйцаў, і сыны Ізраіля запрысягліся [не забіваць] іх, але Саўл спрабаваў зьнішчыць іх з руплівасьці сваёй дзеля сыноў Ізраіля і Юды.
І гукнуў кароль Ґівеонян, і гукаў ізь імі, — Ґівеоняне ж ня із сыноў Ізраеля, але з астачаў Аморэяў; і сынове Ізраелявы прысяглі ім, але Саўла імкнуўся забіць іх із рупатлівасьці свае праз сыноў Ізраеля а Юды.
І сказаў Давід Гібэонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас перапрасіць, каб вы дабраславілі спадчыну ГОСПАДА?»
І сказаў Давід Ґівеонянам: «Што імне зрабіць вам і чым улашчыць вас, каб вы дабраславілі спадак СПАДАРОЎ?»
І Гібэонцы сказалі яму: «Ня трэба нам ані срэбра, ані золата ад Саўла або ад дому ягонага, і ня трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраіля». І сказаў [Давід]: «Што вы скажаце, я зраблю вам».
І сказалі яму Ґівеоняне: «Ня надабе нам срэбра ані золата ад Саўлы альбо ад дому ягонага, і ня нядабе нам, каб рабілі сьмерць каму ў Ізраелю». Ён сказаў: «Што ж вы скажаце? я зраблю вам».
І сказалі яны валадару: «Ад таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер выгубіць нас, каб не засталося нікога з нас у межах Ізраіля,
І сказалі яны каралю: «Таго чалавека, каторы губіў нас, і каторы маніўся вынішчыць нас і ня даць нам застацца нійдзе ў граніцах Ізраеля, —
няхай будуць дадзены нам сем чалавек з сыноў ягоных, і мы іх павесім перад ГОСПАДАМ у Гіве Саўла, [ранейшага] выбранца ГОСПАДА». І валадар сказаў: «Я дам вам».
Хай дадуць нам сямёх чалавекаў із сыноў ягоных, і мы засілім іх перад СПАДАРОМ у Ґівеі Саўлавай, абранца СПАДАРОВАГА». І сказаў кароль: «Я дам».
Але пашкадаваў валадар Мэфібашэта, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі [перад] ГОСПАДАМ паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўла.
І пажалеў кароль Мефівошэфа, сына Ёнафана Саўлянка, дзеля прысягі імям СПАДАРОВЫМ, што была меж іх, меж Давіда й Ёнафана Саўлянка.
І ўзяў валадар двух сыноў Рыцпы, дачкі Аі, якіх яна нарадзіла Саўлу, Армона і Мэфібашэта, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх яна нарадзіла Адрыэлю, сыну Барзілая з Мэхолы.
І ўзяў кароль двух сыноў Рыцпы Аянкі, каторая нарадзіла Саўлу Армона а Мефівошэфа, і пяцёх сыноў Меравы Саўлянкі, каторых яна нарадзіла Адрыелу Вэрзылёнку зь Меголы,
І [Давід] аддаў іх у рукі Гібэонцаў, і яны павесілі іх на гары перад абліччам ГОСПАДА. І загінулі гэтыя сямёра разам, і былі яны забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю.
І аддаў іх у рукі Ґівеонян, і яны засілілі іх на гары перад СПАДАРОМ. І загінулі ўсі сямёх разам; ім зрабілі сьмерць першых дзён жніва, з пачатку жніва ячменю.
А Рыцпа, дачка Аі, узяла лахманы і разаслала іх на скале, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на іх дождж з неба, і не дазваляла сядаць на іх птушкам паднебным удзень і зьвярам палявым уначы.
І ўзяла Аянка зрэбніну, і разаслала яе сабе на скале, ад пачатку жніва аж да тога часу, пакуль не паліліся на іх воды зь неба, і не давала птушкам нябёсным садзіцца на іх удзень і зьвяром палявым ночы.
І было паведамлена Давіду пра тое, што рабіла Рыцпа, дачка Аі, наложніца Саўла.
І наказалі Давіду, што зрабіла Рыцпа Аішка, мамошка Саўлава.
І пайшоў Давід, і ўзяў у гаспадароў Ябэшу Гілеадзкага косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, якія тыя здабылі патаемна з плошчы ў Бэт-Шане, дзе іх былі там павесіўшы Філістынцы, калі забілі Філістынцы Саўла ў Гільбоа.
І пайшоў Давід, і ўзяў косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у жыхараў Явішу Ґілеадзкага, каторыя ўкралі іх із вуліцы Веф-Шану, ідзе іх засілілі Пілішчане, як забілі Пілішчане Саўлу ў Ґілвоа.
І перанёс ён адтуль косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, і сабралі косткі павешаных.
І ўзьнёс ён стуль косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага; і зьберлі косьці засіленых.
І пахавалі косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, у зямлі Бэн’яміна ў Цэлі, у магіле Кіша, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў валадар. І быў упрошаны Бог, [каб зьлітаваўся] над зямлёй.
І пахавалі косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у зямлі Веняміновай, у Цэле, у гробе Кіша, айца ягонага. І зрабілі ўсе, што расказаў кароль, і ўмолены быў Бог узглядам краю просьле гэтага.
І была зноў вайна Філістынцаў супраць Ізраіля. І пайшоў Давід і слугі ягоныя з ім, і ваявалі з Філістынцамі. І Давід быў змучаны.
І была ўзноў вайна ў Пілішчан із Ізраелям. І зышоў Давід а служцы ягоныя зь ім, і ваявалі зь Пілішчанмі; і Давід прыстаў.
І Ішбі з Нову, які быў з нашчадкаў Рафы, і дзіда ягоная важыла трыста сыкляў медзі, і ён быў падперазаны новым [мячом], казаў, што заб’е Давіда.
Тады Ішвібеноб, адзін із патомкаў Рэфаімаў, а вага ягонае дзіды трыста сыкляў вагі медзі, і каторы паперазаўшыся быў новым мячом, і гукаў праз забіцьцё Давіда.
Але дапамог [Давіду] Абішай, сын Цэруі. І ўдарыў ён Філістынца, і забіў яго. І людзі Давіда запрысяглі яго, кажучы: «Ужо больш ня пойдзеш з намі ваяваць, каб не патух сьветач Ізраіля».
Але яму памог Авішай Цэруёнак, і паразіў Пілішчаніна, і зрабіў яму сьмерць. Тады прысяглі яму людзі Давідавы, кажучы: «Наперад ня выйдзеш ты з намі на вайну, каб ня згас сьветач Ізраеля».
І сталася пасьля гэтага, і зноў была вайна ў Гобе супраць Філістынцаў. І Сіббэхай з Хушу забіў Сафа, які з нашчадкаў Рафы.
І было просьле гэтага, што была йзноў вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Сыбехай Гушанін забіў Сара, аднаго з патомкаў Рэфаімаў.
І яшчэ была вайна супраць Філістынцаў у Гобе. І Эльханан, сын Яарэ-Арэгіма з Бэтлеему, забіў Галіята з Гату, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.
І была яшчэ вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Елганан, сын Яара-Орэґіма Бэтлеемскага, забіў Ґоляфа Ґафяніна, у каторага дзяржаньне дзіды было, як навой у ткачоў.
І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў вялізарны чалавек, які меў па шэсьць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, разам дваццаць чатыры пальцы, які таксама нарадзіўся ў Рафы.
І была яшчэ вайна ў Ґафе, ідзе быў адзін чалавек вялікага росту, што меў па шэсьць палцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з патомкаў Рэфаімаў.
І ён зьневажаў Ізраіля, і забіў яго Ёнатан, сын Шаммы, брата Давіда.
І зьневажаў Ізраеля, і забіў яго Ёнафан, сын Шымея, брата Давідавага.
Гэтыя чатыры нарадзіліся ў Рафы з Гату. І яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.
Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Ґафе, і яны загінулі ад рукі Давіда а служцоў ягоных.