4 царстваў 11 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі Аталія, маці Ахазіі, убачыла, што сын ейны памёр, яна ўстала і выбіла ўсё насеньне валадарскае.
І як Афаля, маці Агазіна, абачыла, што сын ейны памер, устала й выгубіла ўсе каралеўскае насеньне.
Але Егашэва, дачка валадара Егарама, сястра Ахазіі, узяла Ёаша, сына Ахазіі, і выкрала яго спасярод забіваных сыноў валадара разам з карміцелькай ягонай, і схавала яго перад Аталіяй у пакоі спальным, і ня быў ён забіты.
Але Егошэва, дачка караля Ёрама, сястра Агазіна, узяла Ёаша Агазёнка й выкрала яго з памеж забіваных сыноў каралеўскіх, яго а няньку ягоную із спальні, і схавала яго ад Афалі, і ён не памер.
І хаваўся ён з ёй шэсьць гадоў у Доме ГОСПАДА, а Аталія валадарыла ў зямлі [Юды].
І быў ён ізь ёю ў доме СПАДАРОВЫМ схаваны шэсьць год, прымеж тога як Афаля гаспадарствавала ў зямлі.
А ў сёмы год Егаяда паслаў і ўзяў сотнікаў, і Керэтаў, і варту, і ўвёў іх да сябе ў Дом ГОСПАДА, і заключыў з імі запавет, і запрысягнуў іх у Доме ГОСПАДА, і паказаў ім сына валадара.
Але сёмага году паслаў Егояда, і ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў, і прывёў іх да дому СПАДАРОВАГА, і зрабіў змову зь імі, і ўзяў зь іх прысягу ў доме СПАДАРОВЫМ, і паказаў ім каралеўскага сына;
І загадаў ім, кажучы: «Гэта слова, якое вы маеце выканаць. Трэцяя частка вас, якія прыходзіце ў суботу, будзе вартаваць пры доме валадара,
І расказаў ім, кажучы: «Вось, што маеце зрабіць: трайціна з вас прыходзяць у сыботу і вартуюць у старожы дому каралеўскага,
трэцяя частка — пры браме Сур, і трэцяя частка — пры браме, якая за вартоўняй, і вартаваць Дом, каб не было пашкоджаньня.
Трайціна ля брамы Сур, і трайціна ля брамы адзаду ганцоў, — будзеце мець старожу дому Масах.
І дзьве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры Доме ГОСПАДА, пры валадару.
І дзьве часьці з вас, усі адыходзячыя ў сыботу, маюць мець старожу дому СПАДАРОВАГА каля караля.
І атачыце валадара кругом, і зброя вашая ў руцэ вашай. І хто ўвойдзе да шыхтоў, няхай будзе забіты. І будзеце вы з валадаром, калі ён уваходзіць і выходзіць».
І абступіце караля навокал, кажны із зброяю сваёю ў руццэ сваёй; а хто ўвыйшоў бы ў лад, хай памрэць. І будзьце ля караля, як ён выходзе й як уходзе».
І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў Егаяда сьвятар. І ўзяў кожны людзей сваіх, якія прыходзілі ў суботу і адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да Егаяды сьвятара.
І зрабілі сотнікі ўсе, што расказаў Егояда сьвятар, і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых і ў сыботу адыходзячых, і прышлі да Егояды сьвятара.
І сьвятар раздаў сотнікам дзіды і шчыты валадара Давіда, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА.
І раздаў сьвятар сотнікам дзіды а шчыты караля Давіда, што былі ў доме СПАДАРОВЫМ.
І стала варта, кожны са зброяй у руцэ сваёй ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікам і Домам вакол валадара.
І сталі ганцы, кажны із зброяю ў руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому, навокал караля.
І вывеў [Егаяда] сына валадара, і ўсклаў на яго карону, і [даў Каўчэг] Сьведчаньня. І паставілі яны яго валадаром, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні, і казалі: «Няхай жыве валадар!»
І вывеў ён каралеўскага сына, і ўзлажыў на яго карону, і даў яму сьветчаньне, і ўстанавілі яго за караля, і памазалі яго, і пляскалі ў ладкі а гукалі: «Хай жывець кароль!»
І пачула Аталія гоман народу, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА.
І пачула Афаля голас бягучага люду, і пайшла да люду, да дому СПАДАРОВАГА.
І ўбачыла, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні паводле звычаю, і князі, і трубы каля валадара, і ўвесь народ зямлі радуецца і трубіць у трубы. І разьдзёрла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова, змова!»
І бача, вось, кароль стаіць ля стаўпа, подле права, і князі й трубялі ля караля; і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы. І разьдзерла Афаля адзецьці свае, і закрычэла: «Змова! змова!»
А Егаяда сьвятар загадаў сотнікам і начальнікам войска, і сказаў: «Выведзіце яе з Дому за агароджу, а калі хто пойдзе за ёй, няхай памрэ ад мяча». Бо сьвятар сказаў: «Няхай яна ня будзе забітая ў Доме ГОСПАДА».
І расказаў Егояда сьвятар сотнікам, пастаноўленым над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе за лад; а хто пойдзе за ёю, забівайце мячом», бо, казаў сьвятар: «Хай не памрэць у доме СПАДАРОВЫМ».
І ўзлажылі рукі на яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уяжджаюць коні ў дом валадара, і там была яна забітая.
І налажылі рукі на яе, і яна прайшла — дарогаю, катораю вадзілі коні — да каралеўскага дому, і была забіта там.
І заключыў Егаяда запавет паміж ГОСПАДАМ і валадаром і народам, каб былі яны народам ГОСПАДА, і паміж валадаром і народам.
І ўчыніў Егояда змову памеж СПАДАРА й караля а люду, каб ён быў людам СПАДАРОВЫМ, і памеж караля й люду.
І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у дом Баала, і зруйнавалі яго, і ахвярнікі ягоныя і балваноў ягоных разьбілі ўшчэнт, а Маттана, сьвятара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І сьвятар [Егаяда] паставіў варту пры Доме ГОСПАДА.
І прышоў увесь люд зямлі да дому Вааловага, і разбурылі яго, аброчнікі ягоныя а абразы ягоныя чыста разьбілі, і Матфана, сьвятара Вааловага, забілі перад аброчнікам. І прызначыў сьвятар ураднікаў над домам СПАДАРОВЫМ.
І ўзяў ён сотнікаў, Керэтаў і варту, і ўвесь народ зямлі, і вывелі яны валадара з Дому ГОСПАДА, і павялі праз браму варты ў дом валадара, і ён сеў на пасадзе валадарскім.
І ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў а ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прышлі па дарозе пераз браму ганцоў да каралеўскага дому, і пасадзілі яго на пасадзе каралёў.
І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом у доме валадара.
І весяліўся ўвесь люд зямлі, і места супакоілася. А Афалі зрабілі сьмерць мячом ля каралеўскага дому.