4 царстваў 9 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І прарок Элісэй паклікаў аднаго з сыноў прарокаў, і сказаў яму: «Падперажы сьцёгны твае і вазьмі пасудзіну з алеем у руку тваю, і ідзі ў Рамот Гілеадзкі.
А Елісэй прарока гукнуў аднаго із сыноў прароцкіх і сказаў яму: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі гэтую судзіну з аліваю ў руку сваю, і пайдзі да Рамофу Ґілеадзкага.
І прыйдзеш туды, і ўбачыш Егу, сына Язафата, сына Німшы, і ўвойдзеш, і возьмеш яго спасярод братоў ягоных, і ўвядзеш яго ва ўнутранны пакой.
І як прыйдзеш туды, выглядзі там Егу, сына Ясапата Німшанка, і ўвыйдзі, і кажы яму ўстаць із памеж братоў ягоных, і ўвядзі яго да нутранога пакою;
І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву ягоную, і скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД: "Я памазваю цябе на валадара Ізраіля"”. І адчыніш дзьверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі».
І вазьмі судзіну з алеям, і вылі на галаву яму, і скажы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’". І адчыні дзьверы, і ўцячы, і ня длякайся».
І пайшоў у Рамот Гілеадзкі той юнак, слуга прарока.
І пайшоў дзяцюк, дзяцюк прароцкі, да Рамофу Ґілеадзкага;
І ён прыйшоў, і вось, сядзелі начальнікі войска. І ён сказаў: «Маю для цябе, князь, слова». І сказаў Егу: «Для каторага з нас?» А ён сказаў: «Для цябе, князь».
І ўвыйшоў, і вось, сядзяць вайводцы. І сказаў: «У мяне слова да цябе, вайводца». І сказаў Егу: «Да каго з усіх нас?» І сказаў ён: «Да цябе, вайводца».
І ён устаў, і ўвайшоў у дом, і [юнак] выліў алей на галаву ягоную, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазваю цябе на валадара для народу ГОСПАДА, для Ізраіля.
І ўстаў ён, і ўвыйшоў у дом. І выліў алей на галаву яму, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я памазаў цябе за караля над людам СПАДАРОВЫМ, над Ізраелям;
І ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, і адпомсьціш за кроў слугаў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх слугаў ГОСПАДА, якія [загінулі] ад рукі Езабэлі.
І ты паразіш дом Агавоў, спадара свайго, і Я памшчуся за кроў слугаў Сваіх прарокаў і за кроў усіх слугаў СПАДАРОВЫХ із рукі Езэвелі.
І загіне ўвесь дом Ахава, і Я вынішчу ў Ахава тых, якія мочацца на сьцяну, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілі.
І загіне ўвесь дом Агавоў, і выгублю ўв Агава нават тога, што мочыцца на сьцяну, і замкнёнага, і засталага ў Ізраелю.
І Я зраблю з домам Ахава так, як [зрабіў] з домам Ерабаама, сына Навата, і з домам Баашы, сына Ахіі.
І аддам дом Агавоў, як дом Еровоама Невацёнка, і як дом Ваашы Агіёнка.
А Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээль, і ня будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзьверы, і ўцёк.
А Езэвель зьядуць сабакі на полю Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе». І адчыніў дзьверы, і ўцёк.
А Егу выйшаў да слугаў гаспадара свайго, і яны сказалі яму: «Ці з мірам? Навошта прыходзіў да цябе гэты шаленец?» І ён сказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і прамову ягоную».
І вышаў Егу да служцоў спадара свайго, і сказалі яму: «Ці супакой? чаго прыходзіў гэты шалёны да цябе?» І сказаў ім: «Вы знаеце гэтага чалавека й мову ягоную».
Але яны адказалі: «Няпраўда! Раскажы нам!» І ён сказаў: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: "Я памазваю цябе на валадара для Ізраіля"”».
І сказалі: «Няпраўда, скажы нам». І сказаў ён: «Так а так ён сказаў імне, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Памазаў цябе за караля над Ізраелям’"».
І яны ўзялі пасьпешліва плашчы свае, і разаслалі перад ім на прыступках, і затрубілі ў рог, і сказалі: «Егу валадарыць!»
І пабарзьдзілі яны, і ўзялі кажны адзецьце свае, і падаслалі яму на найвышшым уступцу, і затрубілі ў трубу, і сказалі: «Загаспадарстваваў Егу!»
І Егу, сын Язафата, сына Німшы, зрабіў змову супраць Ярама. А Ярам і ўвесь Ізраіль баранілі Рамот Гілеадзкі супраць Хазаэля, валадара Сірыі.
І паўстаў Егу, сын Ясапата Німшанка, супроці Ёрама; Ёрам жа сьцярог у Рамофе Ґілеадзкім, ён а ўвесь Ізраель ад Газаеля, караля Арамскага.
І вярнуўся Ярам валадар, каб лекаваць у Езрээлі раны, якія зрабілі яму Сірыйцы ў бітве супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі душы вашыя са мною, няхай ніхто не выходзіць з гораду, каб занесьці вестку ў Езрээль».
Але кароль Ёрам зьвярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ран, каторыя яму задалі Арамляне, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. І сказаў Егу: «Калі гэта будзе вашаю думкаю, хай ніхто ня выходзе зь места, каб ісьці накаэаць у Ізрэелю».
І сеў Егу на калясьніцу, і паехаў у Езрээль, бо Ярам ляжаў там, а Ахазія, валадар Юды, зыйшоў адведаць Ярама.
Дык Егу сеў на цялежкі й паехаў да Ізрэелю, бо Ёрам ляжаў там. І Агазя, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама.
І вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрээлі, убачыў дружыну Егу, як ён ішоў, і сказаў: «Бачу дружыну». Ярам сказаў: «Вазьмі коньніка і пашлі насустрач ім, і няхай ён скажа: “Ці з мірам [едзеце]?”»
І вартаўнік стаяў на вежы ў Ізрэелю, як ён ехаў, і сказаў: «Я бачу аддзел». І сказаў Ёрам: «Вазьмі коньніка, і пашлі наўпярэймы ім, і хай скажа: "Ці мір?"».
І паехаў коньнік насустрач яму, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам [едзеш]?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь за мною». І вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыйшоў да іх пасланец, але не вяртаецца».
І выехаў коньнік наўпярэймы яму, і сказаў: «Гэтак кажа кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною». І наказаў вартаўнік, і сказаў: «Прыехаў пасланец да іх, але не зварачаецца».
І [Ярам] паслаў другога коньніка. І той пад’ехаў да іх, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам?”» А Егу сказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь за мною».
І паслалі другога коньніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: «Гэтак кажя кароль: "Ці мір?"» І сказаў Егу: «Што табе да міру? павярніся за імною».
І вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыйшоў ён да іх, але не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Німшы, бо ён шалёна езьдзіць».
І наказаў вартаўнік, сказаўшы: «Прыехаў да іх, і не зварачаецца, а язда, як Егу Німшанка, бо ён едзе, як палёны».
І Ярам сказаў: «Запрагай [калясьніцу]!» І запрэглі калясьніцу ягоную, і Ярам, валадар Ізраіля, і Ахазія, валадар Юды, кожны ў калясьніцы сваёй, выехалі насустрач Егу, і спаткалі яго на полі Набота з Езрээлю.
І сказаў Ёрам: «Запрагай». І запрэглі цялежкі ягоныя. І выехаў Ёрам, кароль Ізраельскі, і Агазя, кароль Юдэйскі, кажны на цялежках сваіх. І выступілі наўпярэймы Егу, і стрэліся зь ім на дзелі Навофа Ізрэеляніна.
І сталася, калі Ярам убачыў Егу, ён сказаў: «Ці з мірам ты, Егу?» Той сказаў: “Што [значыць] “з мірам”, калі [працягваецца] распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва ейнае».
І як абачыў Ёрам Егу, то сказаў: «Ці мір Егу?» І сказаў: «Што за мір, пакуль бязулства маці твае Езэвелі і чысьленыя чары ейныя?»
І павярнуў Ярам руку сваю, і кінуўся ўцякаць, і сказаў Ахазіі: «Здрада, Ахазія!»
І павярнуў Ёрам рукі свае, і ўцякаў, і сказаў Агазі: «Ашука, Агазя!»
А Егу нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж плячыма ягонымі, і страла прайшла праз сэрца ягонае, і ён схіліўся на калясьніцу сваю.
А Егу напяў лук рукою сваёю, і стрэліў Ёраму ў міжыкрылы, і прайшла страла пераз сэрца ягонае, і ўкляк на цялежках сваіх.
І сказаў [Егу] Бідкару, збраяносцу свайму: «Вазьмі і кінь яго на поле Набота з Езрээлю! Бо ўзгадай, што я і ты ехалі ўдвух за Ахавам, бацькам ягоным, Ахавам, і ГОСПАД узлажыў на яго цяжар:
І сказаў Егу Бідкару, каралеўскаму ахвіцэру: «Падыймі й кінь яго на дзялёнку поля Навофа Ізрэеляніна; бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух адзаду Агава, айца ягонага, і як СПАДАР праказаў празь яго гэта прароцтва:
“Учора Я бачыў кроў, кроў Набота і кроў сыноў ягоных, кажа ГОСПАД. І Я адплачу табе на гэтым полі, кажа ГОСПАД”. І цяпер вазьмі і кінь яго на поле гэтае паводле слова ГОСПАДА».
"Запраўды, кроў Навофаву а кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, — агалашае СПАДАР, — і адплачу табе на гэтым полю". Дык падыймі й кінь яго на дзель, подле слова СПАДАРОВАГА».
А Ахазія, валадар Юды, убачыў [гэта], і ўцякаў шляхам на Бэт-Гаган. І дагнаў яго Егу, і сказаў: «Гэтага таксама забіце!» І [паранілі] яго ў калясьніцы ягонай на ўзгорку Гур, які пры Іблеаме, але ён уцёк у Мэгіддо і там памёр.
Агазя, кароль Юдэйскі, абачыўшы гэта, уцякаў па дарозе да садовага дому. І пагнаўся за ім Егу, і сказаў: «І яго паразіце на цялежках». Гэта было на ўзгор’ю Ґур, каторае ля Іўлеаму. І ўцёк ён да Меґіда; і памер там.
І слугі ягоныя прывезлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда.
І завезьлі яго на цялежках слугі ягоныя да Ерузаліму, і пахавалі яго ў гробе ягоным, з айцамі ягонымі, у месьце Давідавым.
У адзінаццатым годзе Ярама, сына Ахава, Ахазія стаў валадаром Юды.
Адзінанцатага году Ёрама Агавёнка загаспадарстваваў Агазя ў Юдэі.
І ўвайшоў Егу ў Езрээль, а Езабэль пачула [пра гэта], і падмалявала сабе вочы, і аздобіла галаву, і выглядала праз вакно.
І прыбыў Егу да Ізрэелю. Езэвель жа, пачуўшы, наруменіла від свой, і прыбрала галаву сваю, і глядзела далоў з акна.
І калі Егу ўваходзіў праз браму, яна сказала: «Ці з мірам ты, Зімры, які забіў гаспадара свайго?»
Як Егу ўехаў у браму, яна сказала: «Ці мір, о Зымру, убіўца спадара свайго?»
І Егу ўзьняў аблічча сваё ў бок вакна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры эўнухі.
І ўзьняў ён від свой к акну, і сказаў: «Хто з імною, хто?» І выглянулі далоў да яго два-тры легчанцы.
І ён сказаў: «Скіньце яе!» І скінулі яе, і крывёй ейнаю залілася сьцяна і коні, якія тапталі яе.
І сказаў ён: «Выкіньце яе». І выкінулі яе. І пырснула кроў ейная на сьцяну а на коні, і растапталі яе.
І ўвайшоў [Егу], і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую, і пахавайце яе, бо яна — дачка валадара».
І прышоў Егу, і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце да гэнае праклятае і пахавайце яе, бо яна дачка каралеўская».
І выйшлі, каб пахаваць яе, і не знайшлі нічога, толькі чэрап, ногі і далоні рук.
І пайшлі пахаваць яе, але не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа а ног а далоняў рук.
І вярнуліся, і расказалі яму. І ён сказаў: «Такое слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ільлю з Тэшбы, кажучы: “На полі Езрээль сабакі будуць есьці цела Езабэлі.
І зьвярнуліся, і азнаймілі яму. І сказаў ён: «Гэткае было слова СПАДАРОВА, што Ён праказаў слугою Сваім Ільлёю Фішвянінам, сказаўшы: "На полю Ізрэельскім зьядуць сабакі цела Езэвеліна;
І парэшткі Езабэлі будуць, як гной, на абліччы поля ў Езрээлі, так што ня можна будзе сказаць: "Гэта Езабэль"”».
І будзе труп Езэвелін, як гной на зьверху поля дзелі Ізрэельскае, ажно ніхто ня скажа: ’Гэта Езэвель’"».