4 царстваў 6 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказалі сыны прарокаў Элісэю: «Вось, месца, у якім мы перад абліччам тваім жывем, цеснае для нас.
 
І сказалі сыны прароцкія Елісэю: «Вось жа, месца, ідзе мы жывем пры табе, цеснае нам;

Няхай мы пойдзем да Ярдану і возьмем адтуль кожны па адным бервяне, і зробім сабе месца на пражываньне». Ён сказаў: «Ідзіце!»
 
Пойдзем жа аж да Ёрдану, і возьмем стуль кажны па адным бярне, і зробім сабе месца жыць». Ён сказаў: «Пайдзіце».

І сказаў нехта: «Ідзі таксама і ты са слугамі тваімі». І ён адказаў: «Пайду».
 
І сказаў адзін: «Зрабі ласку, пайдзі й ты із слугамі сваімі». І сказаў ён: «Пайду».

І пайшоў ён з імі. І прыйшлі яны да Ярдану, і секлі дрэвы.
 
І пайшоў ізь імі, і прышлі да Ёрдану, і рэзалі дзервы.

І сталася, калі адзін сек бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён, і сказаў: «Аёй, гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»
 
І як адзін спушчаў бярно, сякіра ягоная звалілася ў ваду. І закрычэў ён, і сказаў: «Ах, спадару мой! а яна пазычаная».

І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўвалілася?» І той паказаў яму месца. І адсек ён [кавалак] дрэва, і ўкінуў туды, і выплыла сякера.
 
І сказаў чалавек Божы: «Ідзе, ідзе яна звалілася?» Ён паказаў яму месца. І адсек ён дзерва, і кінуў туды, і ўсплыла сякіра.

І ён сказаў: «Вазьмі яе!» І той выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе.
 
І сказаў ён: «Вазьмі сабе». Ён выцягнуў руку сваю і ўзяў яе.

А валадар Сірыі ваяваў з Ізраілем. І радзіўся ён са слугамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».
 
Кароль Арамскі пайшоў вайною на Ізраялян і радзіўся із служцамі сваімі, кажучы: «У такім а такім месцу будзе табар мой».

А паслаў чалавек Божы да валадара Ізраіля, кажучы: «Сьцеражыцеся пераходзіць у тым месцы, бо там заляглі Сірыйцы».
 
І паслаў чалавек Божы да караля Ізраельскага, кажучы: «Сьцеражыся праходзіць гэным месцам, бо там Арамляне заляглі».

І валадар Ізраіля паслаў [людзей] у тое месца, пра якое сказаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго, і ўсьцярог сябе так ня раз і ня два.
 
І пасылаў кароль Ізраельскі на тое месца, праз каторае наказаў чалавек Божы яму і перасьцерагаў яго; і ўсьцярогся там, не аднойчы ані двойчы.

І ўстрывожылася сэрца валадара Сірыі дзеля гэтай справы. І склікаў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Чаму вы не паведамляеце мне, хто [здраджвае] нас валадару Ізраіля?»
 
І затрывожылася сэрца караля Арамскага з гэтага стацьця, і гукнуў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Ці ня скажаце імне, хто з нашых із каралём Ізраельскім?»

І сказаў адзін са слугаў ягоных: «Ніхто, гаспадару мой, валадар, бо прарок Элісэй, які ў Ізраілі, паведамляе валадару Ізраіля словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».
 
І сказаў адзін із служцоў ягоных: «Не, спадару мой, каролю, а Елісэй прарока, каторы ў Ізраеля, наказуе каралю Ізраельскаму словы, што ты гукаеш у спальні сваёй».

І ён сказаў: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Вось, [ён] у Датане».
 
І сказаў ён: «Пайдзіце й паглядзіце, ідзе ён; я пашлю й вазьму яго». І наказалі яму, кажучы: «Вось, ён у Дофане».

І паслаў ён туды коней, калясьніцы і моцную дружыну ваяроў. І прыйшлі яны ўначы, і атачылі горад.
 
І паслаў туды коні а цялежкі а шмат войска. І прышлі ночы, і абступілі месца.

І ўстаў рана слуга чалавека Божага, і выйшаў, і вось, войска вакол гораду, коні і калясьніцы. І сказаў [Элісэю] юнак ягоны: «Аёй, гаспадару мой! Што будзем рабіць?»
 
І ўстаў паслугачы чалавека Божага нараніцы, і вышаў, і вось, войска абступае месца, і коні, і цялежкі. І сказаў яму маладзён ягоны: «Бяда! спадару мой, што маем рабіць?»

А ён сказаў: «Ня бойся. Болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».
 
І сказаў ён: «Ня бойся, бо тых, што з намі, болей, чымся тых, што зь імі».

І маліўся Элісэй, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы ягоныя, і ён убачыць». І адкрыў ГОСПАД вочы юнаку, і ён убачыў, і вось, гара поўная коней і калясьніцаў вогненных вакол Элісэя.
 
І маліўся Елісэй, і сказаў: «СПАДАРУ! адчыні, прашу, яму вочы, і ён абача». І адчыніў СПАДАР вочы паслугачаму, і ён абачыў, і вось, уся гара напоўнена коньмі а цялежкамі агнянымі навокал Елісэя.

І калі Сірыйцы зыходзілі да яго, Элісэй маліўся да ГОСПАДА і сказаў: «Дакраніся да народу гэтага сьлепатою!» І ўдарыў іх [Госпад] сьлепатою, паводле слова Элісэя.
 
Як зышлі да яго Арамляне, Елісэй памаліўся СПАДАРУ і сказаў: «Паразь люд гэты нявісносьцяй». І Ён паразіў іх нявісносьцян, подле слова Елісэявага.

І сказаў ім Элісэй: «Гэта ня тая дарога і ня той горад. Ідзіце за мною, і я завяду вас да чалавека, якога вы шукаеце». І ён завёў іх у Самарыю.
 
І сказаў ім Елісэй: «Гэта ня тая дарога і ня тое месца; ідзіце за імною, я завяду вас да тога чалавека, каторага вы шукаеце». І прывёў іх да Самары.

І сталася, калі прыйшлі яны ў Самарыю, сказаў Элісэй: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы іхнія, каб бачылі». І адкрыў ГОСПАД вочы іхнія, і яны ўбачылі, і вось, яны пасярод Самарыі.
 
Як яны прышлі да Самары, Елісэй сказаў: «СПАДАРУ! адчыні вочы гэтых, каб яны бачылі». І адчыніў СПАДАР вочы ім, і абачылі, і вось, у сярэдзіне Самары.

І сказаў валадар Ізраіля Элісэю, калі ўбачыў іх: «Ці маю, забіваючы, забіць іх, бацька мой?»
 
І сказаў кароль Ізраельскі Елісэю, абачыўшы іх: «Ці не пабіць, пабіць іх, войча мой?»

Але [Элісэй] сказаў: «Не забівай. Ці ж мячом тваім і лукам тваім ты ўзяў іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і няхай ідуць да гаспадара свайго».
 
І сказаў ён: «Не забівай, ціж мячом сваім а лукам сваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Пастаў хлеб і ваду перад відам іхным; хай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго».

І справіў ім [валадар] вялікае частаваньне, і яны елі і пілі, і ён выправіў іх, і яны пайшлі да гаспадара свайго. І ўжо дружыны Сірыйцаў не прыходзілі больш у зямлю Ізраіля.
 
І прыгатаваў ім вялікую чэсьць, і яны елі й пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі болей аддзелы Арамскія да зямлі Ізраелявае.

І сталася пасьля таго, што Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і аблёг Самарыю.
 
І было просьле тога: зьбер Вен-Гадад, кароль Арамскі, увесь табар свой, і ўзышоў, і аблёг Самару.

І быў голад вялікі ў Самарыі, бо вось, аблягалі яе. І галава асла [каштавала] восемдзясят срэбнікаў, а чвэрць каба галубячага лайна — пяць срэбнікаў.
 
І была вялікая галадоў у Самары, як яны аблягалі яе, аж галаву аслову прадавалі па асьмідзясят сыкляў срэбра і чацьвертую часьць каба галубінага памёту — па пяць срэбра.

І сталася, калі валадар Ізраіля абыходзіў муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, валадар!»
 
І было: кароль Ізраельскі праходзіў па сьцяне, і жонка загукала да яго, кажучы: «Ратуй, спадару мой, каролю!»

І сказаў ён: «Калі ня выратуе цябе ГОСПАД, як я выратую цябе? З гумна або з тоўчні?»
 
І сказаў ён: «Калі не паможа табе СПАДАР, з чаго я памагу табе? ці з току, ці з таўчэльні?»

І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра”.
 
І сказаў ёй кароль: «Што табе?» І сказала: «Гэтая жонка казала імне: "Дай свайго сына, зьямо яго сядні, а сына майго зьямо заўтра".

І зварылі мы сына майго, і зьелі яго, і на другі дзень я сказала ёй: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго”, але яна схавала сына свайго».
 
І зварылі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй назаўтрае: "Дай свайго сына, і зьямо яго". Але яна схавала сына свайго».

І сталася, калі пачуў валадар слова жанчыны, ён разьдзёр шаты свае. А ён абыходзіў муры, і народ глядзеў, і вось, зрэбніца пад сподам на целе ягоным.
 
І было, як пачуў кароль словы жончыны, разьдзер адзецьці свае, — а ён праходзіў па сьцяне, — і абачыў люд, і вось, пад сподам зрэб’е на целе ягоным.

І сказаў ён: «Няхай гэта і гэта зробіць мне Бог і яшчэ дадасьць, калі галава Элісэя, сына Шафата, застанецца на ім сёньня!»
 
І сказаў: «Хай тое зробе імне Бог і павяліча, калі застанецца галава Елісэя Шафацёнка на ім сядні».

А Элісэй сядзеў у доме сваім, і старшыні сядзелі з ім. І валадар паслаў перад абліччам сваім чалавека, але перш, чым пасланец увайшоў да [Элісэя], ён сказаў старшыням: «Ці вы бачыце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека, каб сьцяць галаву маю? Глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзьверы і перахапіце яго ў дзьвярах. Ужо чуваць тупат ног гаспадара ягонага за ім».
 
Елісэй жа сядзеў у сваім доме, і старцы сядзелі ў яго. І паслаў кароль чалавека ад сябе. Уперад чымся прышоў пасланец да яго, ён сказаў старцом: «Ці бачыце, што гэты сын убіўцы паслаў зьняць ізь мяне галаву? Глядзіце, як прыйдзе пасланец, зачыніце дзьверы й прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось, ці ня тупат ног спадара ягонага за ім!»

І калі ён яшчэ гаварыў з імі, вось, валадар зыйшоў да яго і сказаў: «Вось, колькі ліхоты ад ГОСПАДА! Што яшчэ маю чакаць ад ГОСПАДА?»
 
Яшчэ гукаў ён ізь імі, і вось, пасланец зыходзе да яго; і сказаў: «Вось, якая бяда ад СПАДАРА! чаго імне наперад ждаць ад СПАДАРА?»