4 царстваў 3 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
А Ярам, сын Ахава, заваладарыў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і валадарыў дванаццаць гадоў.
Егорам Агавёнак загаспадарстваваў над Ізраелям у Самары асьмінанцатага году Ясапата, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў двананцаць год.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як бацька ягоны і маці ягоная. І ён прыбраў слуп Баала, які зрабіў бацька ягоны.
І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, хоць ня так, як ацец ягоны й маці ягоная: ён выкінуў стоўп Ваала, каторы быў зрабіўшы ацец ягоны.
Толькі да грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён прыляпіўся і не адступіў ад іх.
Адылі да грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў у грэх Ізраеля, ён прыліп, не адхінуўся ад іх.
А Мэша, валадар Мааву, быў гадоўцам авечак і даваў валадару Ізраіля сто тысячаў авечак і воўну са ста тысячаў бараноў.
І Меша, кароль Моаўскі, быў собсьнікам авец, і здаваў каралю Ізраельскаму па сто тысячаў ягнят і па сто тысячаў бараноў з воўнаю.
І сталася пасьля сьмерці Ахава, што валадар Мааву збунтаваўся супраць валадара Ізраіля.
Але сталася: як Агаў памер, то кароль Моаўскі паўстаў супроці караля Ізраельскага.
І валадар Ярам у той дзень выйшаў з Самарыі і палічыў усяго Ізраіля.
І вышаў кароль Егорам у тым часе із Самары, і палічыў усіх Ізраялян.
І пайшоў, і паслаў да Язафата, валадара Юды, кажучы: «Валадар Мааву збунтаваўся супраць мяне. Ці пойдзеш са мною ваяваць супраць Мааву?» Той сказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як народ твой, так і народ мой, як коні твае, так і коні мае».
І пайшоў, і паслаў да Ясапата, караля Юдэйскага, кажучы: «Кароль Моаўскі паўстаў супроці мяне; ці пойдзеш з імною на вайну супроці Моава?» Ён сказаў: «Узыйду; як ты, так і я; як твой люд, так і мой люд; як твае коні, так і мае коні».
І сказаў: «Якім шляхам мы пойдзем?» А той сказаў: «Шляхам праз пустыню Эдом».
І сказаў: «Якою дарогаю ўзыйсьці нам?» Ён сказаў: «Дарогаю пустыні Едомскае».
І вырушылі валадар Ізраіля, валадар Юды і валадар Эдому. І ішлі яны па шляху сем дзён, і не было вады для войска і жывёлы, якая ішла з імі.
І пайшоў кароль Ізраельскі, і кароль Юдэйскі, і кароль Едомскі. І кружынялі дарогаю сем дзён, і ня было вады войску й статку, што быў зь імі.
І сказаў валадар Ізраіля: «Бяда! бо паклікаў ГОСПАД трох валадароў, каб аддаць іх у рукі Мааву».
І сказаў кароль Ізраельскі: «Бяда! згукаў СПАДАР трох каралёў гэтых, каб аддаць у руку Моава».
І сказаў Язафат: «Ці няма тут прарока ГОСПАДАВАГА, каб праз яго спытаць ГОСПАДА?» І адказаў адзін са слугаў валадара Ізраіля, і сказаў: «Тут Элісэй, сын Шафата, які паліваў вадой рукі Ільлі».
І сказаў Ясапат: «Ці няма тут прарокі СПАДАРОВАГА, каб нам папытацца ў СПАДАРА ім?» І адказаў адзін із служцоў караля Ізраельскага, і сказаў: «Тут Елісэй Шафацёнак, каторы паліваў ваду на рукі Ільлі».
І сказаў Язафат: «Ён мае слова ГОСПАДА». І пайшлі да яго валадар Ізраіля, і Язафат, і валадар Эдому.
І сказаў Ясапат: «Ёсьць у яго слова СПАДАРОВА». І зышлі да яго кароль Ізраельскі а Ясапат а кароль Едомскі.
І сказаў Элісэй валадару Ізраіля: «Што табе і мне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Ці не паклікаў ГОСПАД трох валадароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааву?»
І сказаў Елісэй каралю Ізраельскаму: «Што імне й табе? пайдзі да прарокаў айца свайго й да прарокаў маці свае». І сказаў яму кароль Ізраельскі: «Не; бо СПАДАР згукаў сюды трох каралёў гэтых, каб аддаць іх у руку Моава».
І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, валадара Юды, не зьвярнуў бы ўвагі на цябе і ня глянуў бы.
І сказаў Елісэй: «Жыў СПАДАР войскаў, перад каторым я стаю! калі б я не паважаў Ясапата, караля Юдэйскага, то ня глянуў бы на цябе й ня бачыў бы цябе.
А цяпер прывядзіце да мяне гусьляра». І сталася, калі гусьляр зайграў, лягла на Элісэя рука ГОСПАДА,
Цяпер гукнеце імне гусьляра». І як гусьляр граў на гусьлях, то была на ім рука СПАДАРОВА.
і ён сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Выкапайце ў гэтай лагчыне роў за ровам”.
І ён сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Рабіце на гэтай даліне равы, равы";
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Ня ўбачыце ветру, і ня ўбачыце дажджу, а лагчына гэтая напоўніцца вадою. І будзеце піць вы, і статак ваш, і жывёла вашая”.
Бо гэтак кажа СПАДАР: "Не абачыце ветру й не абачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, і будзеце піць вы й статак ваш і жывёла ваша".
І гэтага яшчэ мала ў вачах ГОСПАДА. І Ён выдасьць Мааў у рукі вашыя.
Але гэтага мала перад ачыма СПАДАРА: Ён і Моава аддасьць у рукі вашы,
І вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады багатыя, і вы сьсячыце ўсе дрэвы добрыя, і засыпеце ўсе крыніцы водаў, і на ўсе палі абрабляныя добрыя накідаеце камянёў».
І вы зразіце ўсі месты ўмацаваныя, і ўсі месты выборныя, і ўсі найлепшыя дзервы сьсячыце, і ўсі жаролы водныя запыніце, і ўсі найлепшыя лапіны палявыя папсуіце каменьням».
І сталася раніцаю ў час складаньня ахвяры, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай, і напоўнілася зямля вадою.
І сталася нараніцы, як абракаюць хлебны аброк, што, вось, палілася вада па дарозе ад Едому, і напоўнілася зямля вадою.
А ўсе Мааўляне пачулі, што надыходзяць валадары, каб ваяваць супраць іх, і склікалі ўсіх, здольных насіць зброю, і сталі на мяжы.
Як увесь Моаў пачулі, што ўзышлі каралі ваяваць ізь імі, тады згуканы былі ад усіх, ад папяразуючага пояс і вышэй, і сталі на граніцы.
І ўсталі рана раніцаю, і ўзыходзіла сонца над вадою, і ўбачылі Мааўляне здалёк ваду чырвоную, як кроў.
І ўсталі яны нараніцы, і сонца зьзяла над водамі, і здаваліся Моаўлянам насупроці іх воды чырвоныя, як кроў.
І сказалі яны: «Гэта кроў! Рэжучыся, рэжуцца валадары, і пазабівалі адзін аднаго. І цяпер [хадзем] па здабычу, Мааўляне!»
І сказалі яны: «Гэта кроў: чыста зьнішчаны каралі, паразілі адзін аднаго; цяпер на здабытак, Моаве!»
І падыйшлі яны да табару Ізраіля, і ўсталі Ізраільцяне, і пабілі Мааўлянаў, і тыя ўцякалі перад абліччам іхнім, а яны ішлі сярод іх і забівалі Мааўлянаў.
І прышлі яны да табару Ізраельскага. І ўсталі Ізраяляне, і білі Моава, і тыя ўцякалі ад іх, а яны далей ішлі на іх і білі Моава.
І зруйнавалі гарады, і закідалі палі добрыя камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і зрэзалі ўсе дрэвы добрыя. Засталіся толькі муры Кір-Харэшэту, і атачылі яго каменякіды, і закідвалі камянямі.
І месты разбурылі, і на кажнае выборнае поле кінулі кажны па каменю, і закідалі яго; і ўсі жаролы водаў запынілі, і ўсі найлепшыя дзервы сьсеклі, ажно засталося толькі каменьне ў Кір-Гарэсэце. І абступілі яго пушчальнікі, і разбурылі яго.
І ўбачыў валадар Мааву, што перамагаюць ворагі ягоныя, і ён узяў з сабой семсот чалавек, якія трымаюць меч, каб прабіцца да валадара Эдому, але ня змог.
І абачыў кароль Моаўскі, што бітва перамагае яго, і ўзяў із сабою сямсот чалавекаў, меч агаляючых, каб прабіцца скрозь караля Едомскага, але не маглі.
І ўзяў ён сына свайго першароднага, які пасьля яго меў валадарыць, і склаў яго ў ахвяру цэласпаленьня на мурах. І паўстала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адыйшлі ад яго, і вярнуліся ў зямлю сваю.
І ўзяў ён сына свайго першака, каторы меў гаспадарстваваць замест яго, і аброк яго на ўсепаленьне на сьцяне. І было вялікае абурэньне на Ізраялян, і яны адступілі ад яго, і зьвярнуліся да зямлі свае.