4 царстваў 7 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў Элісэй: «Слухайце слова ГОСПАДА. Гэта кажа ГОСПАД: “Заўтра ў гэты час сэя найчысьцейшай мукі будзе за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю [будуць] за адзін сыкль у браме Самарыі”».
І сказаў Елісэй: «Слухайце слова СПАДАРОВА: гэтак кажа СПАДАР: «Заўтра гэтаю парою мера найлепшае мукі будзе па сыклю, і дзьве меры ячменю — па сыклю, ля брамы самарскае».
І адказаў збраяносец, на руку якога абапіраўся валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае». І [Элісэй] сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш!»
І адказаў каралеўскі ахвіцэр, на каторага руку кароль апіраўся, чалавеку Божаму, і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР і зрабіў адтуліны на небе, і тады ці можа гэта быць?» І сказаў тый: «Вось, абачыш ачыма сваімі, але з гэтага ня будзеш есьці».
І былі чацьвёра пракажоных каля ўваходу ў браму. І сказалі яны адзін аднаму: «Навошта мы тут сядзім, [чакаючы] сьмерці?
І чатыры чалавекі пракажаныя былі ў варотах брамы, і гукалі адзін аднаму: «Чаго нам сядзець тут, пакуль памрэм?
Калі скажам: "Хадзем у горад", у горадзе голад, і мы там памром; калі будзем сядзець тут, [таксама] памром. І цяпер хадзем, пойдзем у табар Сірыйцаў. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць, а калі заб’юць, тады памром».
Калі мы скажам: "Пайдзіма да места", то ў месьце галадоў, і мы там памрэм; калі ж сядзець тут, то памрэм. Дык цяпер пойдзем і здамося табару Арамскаму. Калі пакінуць нас жывых, будзем жыць; а калі заб’юць, памрэм».
І ўсталі яны ў поцемках, каб пайсьці ў табар Сірыйцаў. І дайшлі да краю табару Сірыйцаў, і вось, нікога там няма.
І ўсталі зьмярканьням, пайсьці да табару Арамскага. І прышлі аж да краю табару Арамскага, і вось, няма тамака чалавека.
Бо ў табары Сірыйскім даў Госпад чуць голас калясьніцаў, коней і войска вялікага, і сказалі яны адзін аднаму: «Вось, валадар Ізраіля наняў супраць нас валадароў Хетаў і валадароў Эгіпецкіх, каб ішлі супраць нас».
СПАДАР учыніў тое, што табару Арамскаму пачуўся гук цялежак а гук коні а гук вялікага войска. І сказалі яны адзін аднаму: «Вось, наняў кароль Ізраельскі супроці нас каралёў Гэціцкіх а каралёў Ягіпецкіх, каб ісьці на нас».
І ўсталі яны, і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі намёты свае, коней сваіх і аслоў сваіх у табары, як былі, і ратавалі душы свае.
І ўсталі, і ўцяклі зьмярканьням, і пакінулі буданы свае а коні свае а аслы свае, — увесь табар, як ён быў, і ўцяклі дзеля душаў сваіх.
І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табару, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі, і пілі, і ўзялі там срэбра і золата, і адзеньне, і пайшлі, і схавалі. І вярнуліся, і ўвайшлі ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі, і схавалі.
І прышлі тыя пракажаныя аж да краю табару, і ўвыйшлі да аднаго будана, і елі, і пілі, і вынесьлі стуль срэбра а золата а адзецьці, і пайшлі, і схавалі. Пайшлі яшчэ да другога будана, і там узялі, і пайшлі, і схавалі.
І сказалі яны адзін аднаму: «Ня так мы робім, як трэба. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да сьвятла раніцы, спаткае нас кара. Хадземце, пойдзем і паведамім дому валадара».
І сказалі адзін аднаму: «Ня так мы робім. Дзень гэты — дзень добрых навінаў, а мы маўчым; калі мы будзем чакаць да сьвітаньня, знойдзе нас бяспраўе. Дык пойдзем, і прыйдзем, і накажам дому каралеўскаму».
І прыйшлі яны, і паклікалі вартаўнікоў гораду, і паведамілі ім, кажучы: «Пайшлі мы ў табар Сірыйцаў, і вось, там няма нікога, і няма голасу Сірыйцаў а толькі коні і аслы прывязаныя, і намёты, як былі».
І прышлі, і пагукалі брамніка месцкага, і наказалі ім, кажучы: «Мы хадзілі да табару Арамскага, і вось, няма там ані чалавека, ані голасу людзкога, адно коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і буданы, як яны ё».
І вартаўнікі закрычалі, і паведамілі дому валадара.
І ён пагукаў брамнікаў, і яны азнаймілі ўнутры дому каралеўскага.
І ўстаў валадар уначы, і сказаў слугам сваім: «Скажу вам, што зрабілі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і яны выйшлі з табару, каб схавацца ў полі, кажучы: “Калі яны выйдуць з гораду, мы захопім іх жывымі і ўвойдзем у горад”».
І ўстаў кароль ночы, і сказаў служцом сваім: «Скажу вам, што робяць із намі Арамляне. Яны ведаюць, што мы галадуем, дык вышлі з табару, каб схавацца ў полю, кажучы: "Як яны выйдуць ізь места, мы захопім іх жывых і ў места мы ўвыйдзем"».
І адказаў адзін са слугаў ягоных, і сказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў [горадзе], бо толькі яны засталіся з усяго мноства Ізраіля, якое загінула, і пойдзем, і ўбачым».
І адказаў адзін із служцоў пры ім, і сказаў: «Хай возьмуць пяць із засталых коні, што засталіся ў ім. Вось, яны, падобна да ўсяе множасьці Ізраельскае, каторыя засталіся ў ім; вось, яны, як уся множасьць Ізраеля, што гіне; пашлем іх і абачым».
І ўзялі дзьве калясьніцы з коньмі, і валадар паслаў іх у табар Сірыйскі, кажучы: «Ідзіце і паглядзіце!»
І ўзялі двое цялежак із коньмі. І паслаў кароль за войскам Арамскім, сказаўшы: «Пайдзіце, паглядзіце».
І пайшлі яны за імі аж да Ярдану, і вось, уся дарога поўная адзеньня і рэчаў, якія кідалі Сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і паведамілі валадару.
І ехалі за ім аж да Ёрдану, і вось, уся дарога поўная адзецьця а судзьдзя, каторыя пакідалі Арамляне ў сваім пасьпеху. І зьвярнуліся пасланцы, і наказалі каралю.
І выйшаў народ, і рабаваў табар Сірыйцаў. І была сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю за адзін сыкль, паводле слова ГОСПАДА.
І вышаў люд, і разглабаў табар Арамскі, і была мера найлепшае мукі па сыклю, і дзьве меры ячменю па сыклю, подле слова СПАДАРОВАГА.
І валадар прызначыў таго збраяносца, на руку якога абапіраўся, [вартаваць] каля брамы. І народ затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прамовіў чалавек Божы, прамаўляючы, калі прыходзіў валадар да яго.
І прызначыў кароль каралеўскага ахвіцэра, на каторага руку апіраўся, да брамы; і растаптаў яго люд у браме, і ён памер, як сказаў чалавек Божы! каторы гукаў, як зыходзіў да яго кароль.
І было, калі чалавек Божы прамовіў да валадара, кажучы: «Заўтра ў гэты час дзьве сэі ячменю будуць у браме Самарыі за адзін сыкль, і адна сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль,
Як казаў чалавек Божы каралю там, кажучы: «Дзьве меры ячменю па сыклю, і мера найлепшае мукі па сыклю будуць заўтра гэтаю парою ля брамы Самарскае»;
адказаў збраяносец чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае», а той сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш».
Тады адказаў гэты каралеўскі ахвіцэр чалавеку Божаму і сказаў: «Вось, калі б СПАДАР зрабіў адтуліны на небе, і тады, ці можа гэта быць?» А ён сказаў: «Абачыш сваімі ачыма, але есьці гэтага ня будзеш».
І сталася так, і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.
Так і сталася яму; і затаптаў яго люд у варотах, і ён памер.