4 царстваў 21 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хефцыба.
 
Двананцаць год было Манасу, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Гэфцыба.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА паводле агідаў народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
 
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых.

І ён вярнуў і адбудаваў узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, якую быў зрабіўшы Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
 
І ўзноў збудаваў узвышшы, каторыя Гэзэка, ацец ягоны, зьнішчыў, і пастанавіў аброчнікі Ваалу, і пасадзіў гай, як пасадзіў Агаў, кароль Ізраельскі, і кланяўся ўсяму войску нябёснаму, і служыў ім.

І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё».
 
І збудаваў аброчнікі ў доме СПАДАРОВЫМ, праз каторы СПАДАР сказаў: «У Ерузаліме палажу імя Свае».

І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
 
І пабудаваў аброчнікі ўсяму войску нябёснаму на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА.

І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
 
І правёў сына свайго перазь цяпло, і назіраў булакі, і варажыў, і завёў выгуканьнікаў мерцьвякоў, і знахараў паболеў; шмат нягоднага зрабіў у ваччу СПАДАРОВЫМ, каб гневаць Яго.

І паставіў ён выяву Астарты, якую зрабіў, у Доме [Божым], пра які ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтым Доме і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё на вякі.
 
І пастанавіў выразаны балван Астарты, каторы зрабіў у доме, праз каторы сказаў СПАДАР Давіду а Салямону, сыну ягонаму: «У доме гэтым а ў Ерузаліме, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых, Я кладу імя Свае навекі;

І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой».
 
І ня дам болей валачыцца назе Ізраеля ізь зямлі, каторую Я даў бацьком іхным, калі толькі яны будуць рупіцца рабіць подле ўсёга тога, што я расказаў ім, і подле права, каторае расказаў ім Масей, слуга Мой».

Але яны ня слухалі Яго, і зьвёў іх Манаса, каб рабілі горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
 
Але яны не паслухалі; і зьвёў іх Манас рабіць ліха гарэй за тыя народы, каторыя выгубіў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых.

І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР слугамі Сваімі прарокамі, кажучы:

«За тое, што Манаса, валадар Юды, робіць брыдоты, горшыя, чым усё, што рабілі Амарэйцы перад ім, і ўвёў у грэх нават Юду ідаламі сваімі,
 
«За тое, што зрабіў Манас, кароль Юдэйскі, такія агіды, горш за ўсе тое, што рабілі Аморэі, што былі перад ім, і ўвёў Юду ў грэх балванамі сваімі,

дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду ліха на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе [пра гэта], зазьвініць у абодвух вушах ягоных.
 
За тое, — так казаў СПАДАР, Бог Ізраеляў, — вось, Я ўвяду такое ліха на Ерузалім а на Юду, праз каторае, хто пачуе, зазьвініць у вабодвым вушшу ў тога;

І Я працягну над Ерусалімам [меральны] шнур Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном.
 
І расьцягну над Ерузалімам павароз Самарскі і вагу дому Агавовага, і вытру Ерузалім так, як выціраюць чару, — вытруць а перакуляць яе;

І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам іх у рукі ворагаў іхніх, і стануцца яны рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх.
 
І кіну астачу спадку Свайго, і аддам іх у руку варагоў іхных, і будуць на глабаньне а расхапленьне ўсім варагом сваім,

За тое, што яны рабілі ліхоту ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”».
 
За тое, што яны зрабілі благое ў ваччу Маім і гневалі Мяне адгэнуль, як вышлі бацькі іхныя зь Ягіпту, і дагэтуль».

Таксама Манаса праліваў вельмі шмат крыві нявіннай, аж напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўвёў Юду, робячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
 
І таксама нявіннае крыві разьліў Манас вельма шмат, ажно напоўніў Ерузалім ад аднаго канца да другога, звыш свайго грэху, што ён уцягнуў Юду ў грэх — рабіць благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ.

А іншыя дзеяньні Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі ягоныя, якімі грашыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Засталыя справы Манасавы, і ўсе, што ён зрабіў, і грэх ягоны, у чым ён ізграшыў, ціж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх.

І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. І стаў валадаром пасьля яго Амон, сын ягоны.
 
І супачыў Манас із айцамі сваімі, і пахаваны ў садзе ля дому свайго, у садзе Уззы. І загаспадарстваваў Амон, сын ягоны, замест яго.

Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Імя маці ягонай — Мэшулемэт, дачка Харуца з Ётбы.
 
Дваццаць два гады было Амону, як загаспадарстваваў, і два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Мешулемеф Гаруцышка, зь Ётбы.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны,
 
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабіў ацец ягоны Манас.

і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім.
 
І хадзіў па ўсёй дарозе, па каторай хадзіў ацец ягоны, і служыў балваном, каторым служыў ацец ягоны, і кланяўся ім;

І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА.
 
І пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і не хадзіў дарогаю СПАДАРОВАЮ.

І змовіліся супраць Амона слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным.
 
І змовіліся слугі Амонавы супроці яго, і забілі караля ў доме ягоным.

Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і паставілі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага.
 
Але люд зямлі перабіў усіх змоўнікаў супроці караля Амона; і ўстанавіў за караля люд зямлі Ёсю, сына ягонага, замест яго.

А іншыя дзеяньні Амона, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Засталыя справы Амонавы, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?

І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. І стаў валадаром пасьля яго Ёсія, сын ягоны.
 
І пахавалі яго ў гробе ягоным, у садзе Уззы. І загаспадарстваваў Ёся, сын ягоны, замест яго.