4 царстваў 4 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Адна ўдава спасярод жонак сыноў прарокаў клікала да Элісэя, кажучы: «Мой муж, слуга твой, памёр. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся ГОСПАДА. Але прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух дзяцей маіх у нявольнікі».
 
І адна жонка із жонак сыноў прароцкіх галасіла перад Елісэям, кажучы: «Слуга твой, муж мой, памер. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся СПАДАРА. Цяпер прышоў пазычэньнік узяць двое дзяцей маіх за слугаў сабе».

І сказаў ёй Элісэй: «Што магу зрабіць для цябе? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» Яна сказала: «Служка твая ня мае ў доме анічога, акрамя збанка з алеем».
 
І сказаў ёй Елісэй: «Што імне зрабіць табе? Скажы імне, што ё ў цябе ў доме?» Яна сказала: «Няма ў служэбкі твае нічога ў доме, апрача гаршка з аліваю».

І сказаў [Элісэй]: «Ідзі, пазыч сабе посуд у-ва ўсіх суседзяў сваіх, посуд пусты, і [набяры] яго нямала.
 
І сказаў ён: «Пайдзі, папрасі сабе судзьдзя вонках, у вусіх суседзяў сваіх, судзьдзя парожнага; прасі ня мала,

І вярніся, і замкні дзьверы за сабою і сынамі тваімі, і налівай у-ва ўсе гэтыя пасудзіны, а напоўненыя адстаўляй».
 
І, увыйшоўшы, запры дзьверы за сабою а за сынамі сваімі, і налівай у вусе судзьдзе; поўныя адсунь.

І яна пайшла ад яго, і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі, і яны падносілі ёй посуд, а яна налівала.
 
І пайшла ад яго, і заперла дзьверы за сабою а за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

І сталася, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ пасудзіну». Але ён сказаў ёй: «Ня маю больш посуду». І спыніўся алей.
 
І было, як напоўнена было судзьдзе, што яна сказала сыну свайму: «Падай імне яшчэ судзіну». Ён сказаў ёй: «Няма болей судзінаў». І перастала цячы аліва.

І пайшла яна, і паведаміла чалавеку Божаму, а ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку твайму. А ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».
 
І прышла яна, і азнайміла чалавеку Божаму. Ён сказаў ёй: «Пайдзі, прадай алівы і заплаці даўгі свае; а ты а сыны твае будзеце жыць астачаю».

І сталася, што аднаго дня Элісэй праходзіў праз Шунэм. І там багатая жанчына затрымала яго, каб паеў хлеба. І колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў туды падсілкавацца хлебам.
 
І было аднаго дня: прайшоў Елісэй да Шунем, і там пачэсьлівая жонка дужа прасіла яго есьці хлеб; і, як ён праходзіў, заўсёды заходзіўся туды есьці хлеб.

І сказала яна мужу свайму: «Вось, я ведаю, што той чалавек Божы, які заўсёды праходзіць каля нас, — сьвяты.
 
І сказала яна мужу свайму: «Вось жа, я ведаю, што чалавек Божы, каторы кажначасна праходзе міма нас — сьвяты ён.

Дык зробім верхні пакойчык, і паставім у ім ложак, стол, зэдлік і сьвечнік, і станецца, калі ён зойдзе да нас, застанецца там».
 
Калі ласка, зрабіма яму невялічкі пакой над сьцяною, і пастановім там ложак а стол а седава а сьветач; і як ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіцца туды».

І сталася аднаго дня, што ён зайшоў туды, і падняўся ў верхні пакойчык, і там заначаваў.
 
І было аднаго дня: ён прышоў туды, і зайшоўся да пакою, і лёг там.

І сказаў ён слузе свайму Гехазію: «Пакліч Шунамянку гэтую». І ён паклікаў яе, і яна стала перад абліччам ягоным.
 
І сказаў Ґігазу, дзяцюку свайму: «Гукні гэту Шунямлянку». І гукнуў яе, і яна стала перад ім.

І сказаў [Элісэй слузе]: «Скажы ёй: “Вось, ты так рупішся пра нас з такой руплівасьцю. Што зрабіць для цябе? Можа, пагаварыць пра цябе з валадаром або з начальнікам войска?”» А яна сказала: «Я жыву сярод народу свайго».
 
І сказаў яму: «Скажы ёй: вось, ты так надта парушаешся за нас; што зрабіць бы табе? Ці ня трэба пагукаць празь цябе з каралём альбо з вайводцамі?» Яна сказала: «Не, сярод люду свайго я жыву».

І ён сказаў: «Дык што зрабіць для яе?» І Гехазі сказаў: «На жаль, яна ня мае сына, а муж ейны стары».
 
І сказаў ён: «А што ж зрабіць ёй?» І сказаў Ґігаз: «Ды вось, сына няма ў яе, а муж ейны стары».

І [Элісэй] сказаў: «Пакліч яе!» І ён паклікаў яе, і яна стала каля дзьвярэй.
 
І сказаў ён: «Гукні яе». Ён гукнуў яе, і яна стала ў дзьвярох.

І ён сказаў: «У вызначаны час паводле часу жыцьця ты будзеш песьціць сына». І яна адказала: «Гаспадару мой, чалавек Божы, не падманвай служкі тваёй».
 
І сказаў ён: «На толета, подле часу жыцьця, ты будзеш абыймаць сына». І сказала яна: «Не, спадару мой, чалавеча Божы, ня хлусі служэбцы сваёй».

І зачала жанчына, і нарадзіла сына ў вызначаны час паводле часу жыцьця, як прамовіў да яе Элісэй.
 
І зацяжарыла жонка, і нарадзіла сына на толета, подле часу жыцьця, як сказаў ёй Елісэй.

І рос той хлопчык. І сталася аднаго дня, што пайшоў ён да бацькі свайго, да жняцоў,
 
І падрасло дзецянё. Аднойчы пайшоў ён да айца свайго, да жнеяў.

і сказаў ён бацьку свайму: «Галава мая! Галава мая!» І [бацька] сказаў слузе: «Занясі яго да маці ягонай!»
 
І сказаў айцу свайму: «Галава мая! галава мая!» І сказаў тый паслугачаму свайму: «Занясі яго да маці ягонае».

Забраў яго [слуга] і занёс да маці ягонай. І ён сядзеў на каленях у яе да паўдня, і памёр.
 
І панёс яго, і прынёс яго да маці ягонае; і ён сядзеў на ўлоньню ў яе аж да паўдня, і памер.

Яна ўзыйшла, і палажыла яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабою [дзьверы], і выйшла.
 
І ўзышла яна, і палажыла яго на ложку чалавека Божага, і заперла яго, і вышла.

І паклікала яна мужа свайго, і сказала: «Прыйшлі мне, калі ласка, аднаго са слугаў і асьліцу, і я пайду да чалавека Божага, і вярнуся».
 
І гукнула мужа свайго, і сказала: «Прышлі імне аднаго зь дзяцюкоў і адну з асьліцаў; я пабаржджу да чалавека Божага й зьвярнуся».

І ён сказаў ёй: «Навошта ідзеш да яго сёньня? Не маладзік [цяпер], не субота» Але яна сказала: «Супакой [няхай будзе]».
 
Ён сказаў: «Нашто табе давядацца да яго? сядні не маладзік ані сыбота». І яна сказала: «Добра (гэбр. супакой)».

І яна асядлала асьліцу, і сказала слузе свайму: «Вядзі і ідзі! Не затрымоўвайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».
 
І асядлала асьліцу, і сказала дзяцюку свайму: «Вядзі і йдзі; не задзержуй мяне яздой, пакуль не скажу табе».

І пайшла, і прыйшла да чалавека Божага на гару Кармэль. І сталася, калі чалавек Божы ўгледзеў яе здалёк, ён сказаў слузе свайму Гехазію: «Вось, тая Шунамянка.
 
І паехала, і прыехала да чалавека Божага, на гару Карміл. І як абачыў чалавек Божы яе насупроці сябе, то сказаў паслугачаму свайму Ґігазу: «Вось, Шунямлянка тая;

Пабяжы насустрач ёй і скажы ёй: “Ці супакой у цябе? Ці супакой у мужа твайго? Ці супакой у сына твайго?”» І яна сказала: «Супакой».
 
Пабяжы ж да яе наўпярэймы і скажы ёй: "Ці супакой табе? ці супакой мужу твайму? ці супакой дзецяняці?"» Яна сказала: «Супакой».

І прыйшла яна на гару да чалавека Божага, і абняла ногі ягоныя, а Гехазі падыйшоў, каб адсунуць яе, але сказаў чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа ейная ў горычы, а ГОСПАД схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».
 
І прышла да чалавека Божага на гару, і ўхапілася за ногі ягоныя. І дабліжыўся Ґігаз, каб адпіхнуць яе; але чалавек Божы сказаў: «Пакінь яе, душа ў яе зьнемарашчана, а СПАДАР схаваў ад мяне й не сказаў імне».

А яна сказала: «Ці я прасіла гаспадара майго пра сына? Ці ж я не казала: “Не падманвай мяне”?»
 
І сказала яна: «Ці прасіла я сына ў спадара майго? ці не казала я: "Не ашукай мяне?"».

І [Элісэй] сказаў Гехазію: «Падперажы сьцёгны твае, і вазьмі кій мой у руку тваю, і ідзі! Калі сустрэнеш каго, не вітайся з ім, а калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І паложыш кій мой на аблічча хлопчыка».
 
І сказаў ён Ґігазу: «Паперажы сьцёгны свае, і вазьмі посах мой у руку сваю, і пайдзі. Калі стрэнеш каго, не здаровай яго, і калі хто будзе цябе здароваць, не адказуй яму. І палажы посах мой на від хлопчыку».

І маці хлопца сказала: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе!» І [Элісэй] устаў, і пайшоў з ёю.
 
І сказала маці малца: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая, што не пакіну цябе!» І ён устаў, і пайшоў за ёю.

А Гехазі выперадзіў іх і палажыў кій на аблічча хлопца, але не было ані голасу, ані знаку [жыцьця]. І Гехазі вярнуўся да яго, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».
 
Ґігаз пайшоў сьпераду іх, і палажыў посах на від хлопчыку. Але ня было ані голасу, ані ўвагі. І вышаў наўпярэймы яму, і наказаў яму, кажучы: «Не прачыхаецца хлапец».

І ўвайшоў Элісэй у дом, і вось, хлопчык ляжыць мёртвы на ложку ягоным.
 
І ўвыйшоў Елісэй у дом, і вось, хлопчык памерлы ляжыць на ложку ягоным.

І ўвайшоў ён, і замкнуў дзьверы за сабою, і маліў ГОСПАДА.
 
І ўвыйшоў, і запер дзьверы за абодвымі, і памаліўся СПАДАРУ.

І падыйшоў, і лёг на хлопчыка, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і вочы свае да вачэй ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і прыціснуўся да яго, і грэў цела хлопчыка.
 
І ўзышоў, і лёг над дзецянём, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і расьцягнуўся на ім, і ўгрэлася цела дзецяняці.

І вярнуўся, і хадзіў па доме туды і сюды, і ўзыйшоў, і прыціснуўся да яго, і хлопец пазяхнуў сем разоў і расплюшчыў хлопец вочы свае.
 
І зьвярнуўся, і прайшоўся ў доме туды-сюды; потым ізноў уступіў і расьцягнуўся на ім. І чхнуў хлопчык разоў сем, і адчыніў хлопчык вочы свае.

І паклікаў [Элісэй] Гехазія, і сказаў: «Пакліч Шунамянку гэтую». І той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго, і ён сказаў: «Вазьмі сына твайго».
 
І гукнуў ён Ґігаза, і сказаў: «Гукні гэту Шунямлянку». І тый гукнуў яе. Яна прышла да яго, і ён сказаў: «Падыймі сына свайго».

І яна ўвайшла, і ўпала да ног ягоных, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго, і выйшла.
 
І падышла, і пала яму ў ногі, і пакланілася аж да зямлі. І падняла сына свайго, і вышла.

А Элісэй вярнуўся ў Гільгал. І быў голад у зямлі. І сыны прарокаў сядзелі перад абліччам ягоным, і ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».
 
Елісэй жа зьвярнуўся да Ґілгалу. І была галадоў у зямлі тэй; і сыны прароцкія сядзелі перад ім. І сказаў ён дзяцюку свайму: «Пастанаві вялікі казан і звары страву сыном прароцкім».

І выйшаў адзін з іх у поле назьбіраць зеляніны. І знайшоў ён дзікую расьліну, і назьбіраў з яе дзікіх пладоў поўны плашч свой. І ён вярнуўся, і накідаў іх у кацёл з поліўкай, а ён ня ведаў, што гэта была [за расьліна].
 
І вышаў адзін ізь іх на поле зьбіраць дзікое карэньне, і знайшоў дзікое віно, і зьбер зь яго дзікіх ягадаў поўны свой прыпол. І прышоў, і пакрышыў іх у казан із страваю, бо яны ня зналі іх.

І налілі людзям есьці. І калі яны паелі поліўку, закрычалі і сказалі: «Сьмерць у катле, чалавек Божы!» І не маглі есьці.
 
І налілі ім есьці. Але як яны пачалі есьці страву, то ўзьнялі крык і казалі: «Сьмерць у казане, чалавеча Божы!» І не маглі есьці.

І сказаў [Элісэй]: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён [яе] ў кацёл, і сказаў: «Наліце людзям». І елі, і ў катле не было нічога ліхога.
 
І сказаў ён: «Падайце мукі». І ўсыпаў яе ў казан, і сказаў: «Налівай людзём, хай ядуць». І ня было нічога благога ў казане.

І прыйшоў чалавек з Баал-Шалішу, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршынаў: дваццаць хлябоў ячменных і сьвежае збожжа ў мяху. І сказаў [Элісэй]: «Дайце людзям, і няхай яны ядуць».
 
І прышоў чалавек із Ваал-Шалішы, і прынёс чалавеку Божаму хлеб із пачаткаў — дваццаць ячменных букаткаў і каласоў нявымалачалых. І сказаў Елісэй: «Аддай людзём, хай ядуць».

І сказаў паслугач ягоны: «Як я дам гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і няхай ядуць, бо гэта кажа ГОСПАД: “Ешце і застанецца [яшчэ]”».
 
І сказаў паслугачы ягоны: «Што тут я дам сту чалавекам?» І сказаў ён: «Аддай людзём, хай ядуць; бо гэтак кажа СПАДАР: "Пад’ядуць і застанецца"».

І ён даў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося паводле слова ГОСПАДА.
 
Ён падаў ім, і яны пад’елі і яшчэ засталося, подле слова СПАДАРОВАГА.