4 царстваў 14 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды.
 
Другога году Ёаша Ёагазёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі.

Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.
 
Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Егоаддынь, зь Ерузаліму.

І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як Ёаш, бацька ягоны.
 
І рабіў ён добрае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, ня так, адылі, як ацец ягоны Давід. Ён у вусім рабіў так, як ацец ягоны Ёаш.

Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.
 
Адно ўзвышшы ня былі яшчэ аддалены: люд абракаў яшчэ аброкі і кадзіў кадзіла на ўзвышшах.

І калі ўмацаваў ён валадараньне сваё ў руцэ сваёй, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.
 
Як умацавалася каралеўства ў рукох ягоных, тады ён зрабіў сьмерць служцом сваім, што забілі караля, айца ягонага.

Але сыноў іхніх не забіваў паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць забіваныя за сыноў, а сыны ня будуць забіваныя за бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».
 
Але дзяцём убіўцаў не зрабіў сьмерці, бо напісана ў кнізе Закону Масеявага, у каторай расказаў СПАДАР, кажучы: «Ня маюць быць караны сьмерцяй айцове за дзеці, і дзеці ня маюць быць караны сьмерцяй за айцоў; але кажны за свой выступ мае быць караны сьмерцяй».

Ён пабіў дзесяць тысячаў Эдомцаў у Саляной Даліне і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў імя яе Ёктээль, і так ёсьць да сёньня.
 
Ён паразіў дзесяць тысячаў Едомлян на даліне Салонай, і ўзяў Сэлу вайною, і назваў імя яе Ёкфеель, каторае аж дагэтуль.

Тады паслаў Амазія пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачым абліччы [адзін аднаго]!»
 
Тады паслаў Амася паслоў да Егоаша, караля Ізраельскага, сына Егоагаза Ежанка, кажучы: «Выйдзі, глянем у від адзін аднаму».

І паслаў Егааш, валадар Ізраіля, Амазіі, валадару Юды, кажучы: «Цярніна на Лібане паслала да кедра на Лібане, кажучы: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі зьвяры палявыя, якія на Лібане, і вытапталі цярніну.
 
І паслаў Егоаш, кароль Ізраельскі, да Амасі, караля Юдэйскага, кажучы: «Цернь, каторая на Лібане, паслала да кедры, каторы на Лібане ж, кажучы: "Аддай дачку за жонку сыну майму". Але прайшлі дзікія зьвяры, каторыя на Лібане, і стапталі гэтую цернь.

Ты пабіў Эдома, і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме тваім! Навошта ты выклікаеш ліха, каб упаў ты і Юда з табою?»
 
Ты чыста разьбіў Едомлян, і сэрца твае загардзела. Хваліся й сядзі ў доме сваім. Нашто табе выгукаць ліха? Упадзеш ты й Юда з табою».

Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізраіля, і ён і Амазія, валадар Юды, пабачылі абліччы [адзін аднаго] ў Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.
 
Але не паслухаў Амася. І ўзышоў Егоаш, кароль Ізраельскі, і глянулі ў від адзін аднаму, ён і Амася, кароль Юдэйскі, у Вефшэмішу Юдэйскім.

І Юда быў пабіты Ізраілем, і ўцёк кожны ў намёт свой.
 
І разьбіты былі Юда Ізраелям, і ўцяклі кажны да будану свайго.

І Егааш, валадар Ізраіля, схапіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы, і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў
 
І Амасю, караля Юдэйскага, сына Егоаша Агазёнка, захапіў Егоаш, кароль Ізраельскі, у Вефшэмішу, і прышоў да Ерузаліму, і разбурыў сьцяну Ерузалімскую ад брамы Яхрэмавае аж да брамы Рагавое на чатырыста локцяў.

і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара, і [ўзяў] закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
 
І ўзяў усе золата а срэбра а ўсе судзьдзе, што знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ а ў скарбніцах дому каралеўскага, і закладнікаў, і зьвярнуўся да Самары.

А іншыя дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Засталыя справы Егоашавы, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, і як ён ваяваў з Амасям, каралём Юдэйскім, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?

І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі з валадарамі Ізраіля. І стаў валадаром пасьля яго Ерабаам, сын ягоны.
 
І супачыў Егоаш із айцамі сваімі, і пахаваны ў Самары з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Еровоам, сын ягоны, замест яго.

А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля.
 
І жыў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі, па сьмерці Егоаша Егоагазёнка, караля Ізраельскага, пятнанцаць год.

А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Засталыя справы Амасіны ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?

І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.
 
І зрабілі змову супроці яго ў Ерузаліме, і ўцёк ён да Лахішу. І паслалі за ім да Лахішу й забілі яго там.

І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.
 
І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерузаліме з айцамі сваімі ў месьце Давідавым.

А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца Амазіі, бацькі ягонага.
 
І ўзяў увесь люд Юдэйскі Азару, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягоната Амасі.

Ён адбудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як супачыў валадар [Амазія] з бацькамі сваімі.
 
Ён забудаваў Елаф і зьвярнуў яго Юдзе, просьле тога як кароль быў супачыўшы з айдамі сваімі.

У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год.
 
Пятнанцатага году Амасі Ёашонка, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Еровоам Ёашонак, кароль Ізраельскі, у Самары, і гаспадарстваваў сорак адзін год.

І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
 
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад усіх грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.

Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.
 
Ён зьвярнуў граніцу Ізраеля ад уходу да Гамафу аж да мора пустыні, подле слова СПАДАРА, Бога Ізраелявага, каторае Ён праказаў слугою Сваім Ёнаю Акіфаёнкам, прарокам із Ґафгеферу;

Бо бачыў ГОСПАД горкую нядолю Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю.
 
Бо СПАДАР бачыў гароту Ізраеля, вельма гаркую, ажно не заставалася ані замкнёнага, ані засталага, і ня было памачніка ў Ізраелю.

І не прамовіў ГОСПАД, каб выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, і выратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша.
 
І не казаў СПАДАР, што вытра імя Ізраялян з-пад нябёсаў, і выбавіў іх рукою Еровоама Ёашонка.

А іншыя дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат Юдэйскі, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Засталыя справы Еровоамовы, і ўсе, што ён зрабіў, і дужасьць ягоная, як ён ваяваў, і як зьвярнуў Ізраелю Дамашк а Гамаф Юдэйскі, ціж яны не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?

І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, і стаў валадаром пасьля яго Захарыя, сын ягоны.
 
І супачыў Еровоам із айцамі сваімі, з каралямі Ізраельскімі. І загаспадарстваваў Захара, сын ягоны, замест яго.