1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,
Зарокшыся, восьжа, ўсякае злосьці, ўсякага хітрунства й крывадушнасьці ды завісьці, ўсякага ліхамоўства,
як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,
як сьвежанароджаныя немаўлята чыстаслоўнага малака пажадайце, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленне;
бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.
вы бо скаштавалі, як салодкі ёсьць Госпад (Пс. 33:9).
Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,
Прыступаючы к Яму, жывому каменю, 30людзьмі адкіненаму, але Богам выбранаму й цэненаму,
і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.
і самі вы будуецеся на ім як жывые каменні ў дом духоўны, сьвятое сьвятарства, каб узносіць Богу мілыя праз Езуса Хрыстуса ахвяры.
Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне кутні Камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
Бо ў Пісанні сказана: Вось кладу на Сыоне крайвуглавы камень, выбраны, цэнны; і хто ў яго ўверыць, не асароміцца (Із. 28:16).
Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,
дык вось, Ён для вас, веручых, цэннасьць, а для няверучых — камень, будаўнікамі адкінены, але стаўшыся галавою вугла (Пс. 117:22),
камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.
камень спатыку і скала бянтэгі тым, што паткаюцца аб слова, ня веручы таму на што і пастаўлены.
А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзівоснае сьвятло Сваё,
Але вы — род выбраны, ўладарскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчалі дасканальнасьці таго, каторы паклікаў вас із цемры ў чароўнае сьвятло сваё (Із. 43:20);
некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.
вы, што калісь ня былі народам, а цяпер народ Божы, калісь нямілаваныя, а цяпер міласэрдзя удастоеныя.
Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы,
Мае дарагія, прашу вас, як прыбышоў і падарожных, паўстрымоўвайцеся ад пожадзяў цела, што бурацца проці душы (Гал. 5:16);
і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.
і трымайцеся годна ў сужыцьці з паганамі, каб яны за ачарнянне вас як злыдняў, з бачаных у вас добрых паступкаў, хвалілі Бога ў дзень наведзінаў.
Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],
Будзьце, восьжа, падданымі ўсякай уладзе людзкой, дзеля Бога: ці то каралю, як верхаводзячай уладзе,
ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы тым, якія робяць дабро.
ці пасланым празь яго намесьнікам (князём) для карання праступнікаў, а заахвоты дабро дзеючых;
Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,
такая бо воля Божая, каб вы робячы дабро, затыкалі вусны невуцтву бязглуздых людзей,
як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слугі Божыя.
як вольныя, але не як засланяючыя воляй зло, толькі як слугі Божыя.
Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, валадара шануйце.
Усіх паважайце, брацкасьць любеце, Бога бойцеся, караля ганаруйце.
Слугі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спагадным, але і круцельскім.
Слугі, будзьце зь ветлай боязьзю паслухмянымі гаспадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і прыкрым.
Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.
Тое бо, калі хто з думкаю аб Богу зносіць гора, церпячы несправядліва, ёсьць мілым Богу.
Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.
Бо штож за слава, калі вы церпіце, як вас б’юць па твары за праступкі? Толькі калі цярпецімеце робячы дабро, дык гэта будзе ласкай у Бога.
Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.
Натое-ж вы пакліканы, бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб і вы йшлі па сьлядох ягоных.
Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.
А ён-жа граху ня ўчыніў, ані здрада не апынілася на вуснах ягоных (Із. 53:9);
Ён, зьневажаны, не зьневажаў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто судзіць справядліва.
калі Яго зьняважалі, не адузаемняўся зьнявагай, калі цярпеў, не праклінаў, але здаваўся на Таго, Хто судзіць справядліва.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.
Ён сам у целе сваім занёс грахі нашы на дрэва (крыжа), каб мы умёршы для граху, жылі для справядлівасьці. Крывёй (ран) яго аздароўлены (Із. 53:12).
Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.
Бо-ж вы былі як авечкі блукаючыя, але цяпер вярнуліся да пастыра і біскупа душ вашых (Із. 4−6).