2 царстваў 22 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша
І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.
І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.
Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты вызваліў мяне.
Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.
Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,
путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.
У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных.
І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.
Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.
І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.
Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.
І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.
І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.
І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.
Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,
вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.
І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.
І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,
бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.
Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,
Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.
І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.
З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,
для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,
бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.
Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.
Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.
Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?
Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.
Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.
Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.
І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.
Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.
Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.
Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.
Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі супраць мяне.
Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.
Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.
Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.
Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.
Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.
Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,
Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,
бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».