Дзеі 16 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын веруючай жанчыны юдэйкі і бацькі грэка;
 
Затым прыбыў ён у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань /хрысьціянін/ імем Цімафей; маці яго была веручая жыдоўка, а бацька Грэк.

браты з Лістры і Іконіі добра пра яго сведчылі.
 
Браты з Лістры і Іконіі добра аб ім сьведчылі.

Яго Паўла захацеў узяць у дарогу з сабой і, прымаючы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцовасцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў грэкам.
 
Яго Павал захацеў узяць у дарогу з сабой, дык абрэзаў яго дзеля жыдоў, пражываючых у тых мясцовасьцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.

Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузаліме пастановы.
 
Калі праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя Апосталамі і прэзбітарамі ў Ерузаліме пастановы.

І цэрквы ўмацоўваліся вераю, і штодзень раслі лікам.
 
Так Касьцёлы ўмацоўваліся вераю і штодзень расьлі лікам.

Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галатыйскую, бо Дух Святы забараніў ім прамаўляць слова ў Азіі.
 
Затым перайшлі яны Фрыгію, краіну Галяцыю, бо Дух Сьвяты забараніў ім вясьціць слова ў Азіі.

Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, спрабавалі ісці ў Бітынію, і Дух не дазволіў ім.
 
Прыбыўшы непадалёк Мэссіі, прабавалі перайсьці ў Бітынію, але Дух Езуса не пусьціў.

Перайшоўшы Мізію, яны накіраваліся ў Трааду.
 
Перайшоўшы яны направіліся ў Троаду.

І тут уночы Паўлу адкрылася ў з’яве: нейкі мацэдонец стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Мацэдонію, дапамажы нам!»
 
Тут ноччу Павал меў візію: нейкі Македонец стаў перад ім і маліў: "Прыдзі ў Мацэдонію ды памажы нам: "

Як пабачыў ён з’яву, мы, не марудзячы, вырашылі выправіцца ў Мацэдонію, перакананыя, што Госпад паклікаў нас дабравесціць ім.
 
Па візіі мы не марудзячы рашылі направіцца ў Мацэдонію, у перакананьні, што Бог наказваў вясьціць ім Эвангелію.

Выплыўшы з Траады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень — у Неапаль;
 
Выплыўшы з Трады, паплылі мы проста ў Самотрацыю, а на другі дзень у Неаполь;

а адтуль — у Піліпы, галоўны горад той часткі Мацэдоніі, [рымскую] калонію. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.
 
а адсюль на Філіппы, у галоўны горад той часткі Мацэдоніі, што ёсьць калоніяй. У гэтым горадзе правялі мы некалькі дзён.

А ў суботу выйшлі мы за горад да ракі, дзе звычайна моляцца, і, сеўшы, гутарылі з жанчынамі, што сабраліся.
 
У Шабат выйшлі мы за браму каля ракі, дзе спадзяваліся знайсьці месца малітвы. Сеўшы гутарылі мы з сабраўшыміся жанчынамі.

І слухала адна богабаязная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца, каб успрымаць тое, што казаў Паўла.
 
Адна багабойная жанчына, імем Лідзія, родам з Тіятары горада, прадавала пурпур. Госпад адчыніў ёй сэрца так, што яна ўважна слухала слоў Паўла.

І, калі была ахрышчана разам з домам сваім, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце мяне вернай Госпаду, увайдзіце ў дом мой і застаньцеся», і змусіла нас.
 
Калі была ахрышчана разам з сваім домам, папрасіла нас: "Калі маеце мяне за верную Госпаду, увайдзіце ў дом мой і пражывайце", і змусіла нас.

І сталася, што, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа варажбы, і прыносіла яна многа даходу сваім гаспадарам, праракуючы.
 
Аднойчы, калі мы ішлі на месца маленьня, пераняла нас нейкая нявольніца апанавана ліхім духам, каторы варажыў. Прыносіла яна многа даходу сваім панам.

Яна, бегучы за Паўлам і за намі, крычала: «Гэтыя людзі — паслугачы Бога Узвышняга, яны прапаведуюць нам дарогу збаўлення».
 
Яна вось, бягучы за Паўлам і за намі крычала: "Гэтыя людзі слугамі Бога Узвышняга, яны вясьцяць вам дарогу збаўленьня".

І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла ж, у роспачы, павярнуўся і сказаў: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста, выйдзі з яе!», і ў тую ж гадзіну ён выйшаў.
 
Рабіла яна гэта шмат дзён. Незносячы гэтата Павал адвярнуўся і сказаў духу: "Загадваю табе у імя Езуса Хрыста, выйдзі з яе!" У той момант ён выйшаў.

Калі яе гаспадары ўбачылі, што надзея іх даходу знікла, дык, схапіўшы Паўлу і Сілу, завалаклі на рынак да начальнікаў
 
Калі яе паны замецілі, што надзея даходу зьнікла, схапілі Паўла і Сыляса, завалаклі на рынак перад улады,

і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: «Гэтыя людзі, хоць і юдэі, уводзяць у замяшанне наш народ
 
завялі перад прэтор'ямі і заявілі: "Гэтыя людзі, будучы Юдэямі ўводзяць у замяшанне".

і абвяшчаюць звычаі, якія нам не след прымаць ды выконваць, бо мы — рымляне».
 
Ды яны разглашаюць звычаі, каторыя нам Рымлянам нельга прымаць ды трымацца".

І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў хвастаць іх кіямі, сцягнуўшы тунікі.
 
Супраць іх сабіраецца зьбяговішча, натоўп. Дык прэторы загадалі зьдзёрці з іх адзенне і хвастаць розгамі.

І, нанёсшы ім шматлікія раны, укінулі іх у вязніцу, загадваючы варце пільна іх вартаваць.
 
Зьбіўшы іх моцна ўкінулі ў вастрог, загадваючы варце пільна іх старажыць.

Атрымаўшы такі загад, вартавы кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і ногі іх замкнуў у калоду.
 
Атрымаўшы такі загад, вартавы пасадзіў іх ў ванючы вастог і ногі іх замкнуў у калоду.

Апоўначы Паўла і Сіла, молячыся, услаўлялі Бога, і іншыя вязні слухалі іх.
 
Апоўначы Павал і Сыляс маліліся і сьпявалі Богу гімны. Іншыя вязні слухалі іх.

Раптам сталася вялікае трасенне, аж захісталіся падмуркі астрога, і адчыніліся ўсе дзверы, ды з усіх апалі путы.
 
Раптам узьнікла вялікае зямлятрасеньне, што аж захісталіся фундаменты вастрога. У той час адкрыліся ўсе дзьверы ды з усіх апалі калоды.

Калі вартавы абудзіўся і ўбачыў дзверы астрога адчыненыя, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязні паўцякалі.
 
Калі вартавы прачнуўся і ўбачыў дзьверы вастрога адчынены, хваціў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцікалі.

Тады Паўла закрычаў на ўвесь голас, кажучы: «Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут».
 
Тады Павал закрычаў на ўвесь голас: "Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут"

Тады ён, запатрабаваўшы святла, ускочыў унутр ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўлы і Сілы.
 
Тады ён запатрабаваўшы сьвятла ўскочыў у цямніцу ды паў дрыжучы да ног Паўла і Сыляса.

І, вывеўшы іх вонкі, гаворыць: «Гаспадарове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?»
 
І вывеўшы іх на вонкі /двор/ спытаўся: "Гаспадзіны, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?"

І яны сказалі: «Увер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».
 
Адказалі яму: ''Увер у Госпада Езуса, а збавіш сябе і свой дом."

І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.
 
3атым разсказалі слова Госпада яму і усім, што былі ў яго доме.

І, узяўшы іх у тую ж гадзіну ўначы, абмыў раны іх, і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.
 
У тую самую пару ночы ўзяў іх з сабою, абмыў раны і не марудзячы прыняў хрост і разам увесь дом.

І, калі ўвёў іх у дом свой, запрасіў да стала ды з усім домам сваім вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
 
Увёу іх таксама ў свой дом, запрасіў да стала іх ды з усім домам вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.

І, калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктараў сказаць: «Адпусціце гэтых людзей».
 
Калі настаў дзень, прэторы паслалі ліктораў загадаць: "Прасціце гэтых людзей".

Вартавы астрога перадаў Паўлу гэтыя словы: «Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакоі».
 
Вартавы вастрога пераказаў Паўлу гэты загад: "Прэторы прыслалі, каб выпусціць вас.

Але Паўла сказаў ім: «Збіўшы нас прылюдна без суда, хоць мы — рымскія грамадзяне, яны кінулі нас у астрог, а цяпер цішком выпускаюць? О не! Хай прыйдуць і самі выведуць нас».
 
Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакою: "Але Павал сказаў ім: "Публічна, бяз суду бічавалі нас, рымскіх грамадзян, і пасадзілі ў вастрог, а цяпер цішком выкідаюць нас? Гэтак не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас"

Ліктары перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымляне,
 
Лікторы перадалі гэтыя словы прэторам. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэтыя Рымляне.

і, прыйшоўшы, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.
 
Прыйшлі, перапрасілі іх ды вывеўшы прасілі, каб яны пакінулі горад.

Яны ж, выйшаўшы з вязніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, суцешылі іх і выправіліся ў дарогу.
 
Яны ж, выйшаўшы з вязьніцы пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, пацешылі іх і адправіліся ў дарогу.