Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што пагане таксама прынялі слова Божае.
 
Апосталы і браты прабываючыя ў Юдэі, даведаліся, што і пагане прынялі слова Божае.

І калі Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,
 
Дзеля таго калі Пётр прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абразаньня (жыды) дакаралі (закідалі) яго:

кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».
 
кажучы: "Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі".

Пачаўшы, Пётра стаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:
 
Тады Пётр пачаў выясьняць па парадку:

«Быў я ў горадзе Ёпе на малітве і ўбачыў з’яву ў захапленні, як нейкая пасудзіна, падобная на вялікі абрус, за чатыры канцы спускалася з неба, аж спусцілася каля мяне.
 
"Калі будучы ў горадзе Ёппэ я маліўся, у захапленьні ўбачыў як нейкі прадмет падобны на вялікае палатно з чатырма канцамі спускалася з неба і спусьцілася каля мяне.

І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ёй чатырохногіх зямлі, звяроў, і гадаў, ды птушак нябесных.
 
Прыглядаючыся да яго пільна, заўважыў на ім чацьвяраножных жывёлін хатніх і палявых зьвяроў, рэптыліяў — паўзуноў ды нябесных птушак.

І пачуў я голас, які казаў мне: “Устань, Пётра, забівай і еж!”
 
Ды пачуў я голас, кажучы мне: "Устань, Пётра, забівай і еш!"

Я адказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны”.
 
Я адказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе! Я ніколі штосьці панага або нячыстага не ўзяў у свае вусны".

Але голас з неба азваўся мне паўторна: “Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!”
 
Але голас з неба адазваўся паўторна: "Што Бог ачысьціў. Ты не называй нячыстым!"

І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.
 
Так паўтарылася тры разы ды зноў усё было ўзята ў неба.

І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.
 
І зараз жа перад домам, у якім мы прабывалі, паявілася трох мужчын, пасланыз з Цэзарэі да мяне.

І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.
 
Сказаў жа мне, каб я не сумневаючыся пайшоў з імі. Разам са мной пайшла таксама тых шэсьць братоў. І мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.

І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў яму: “Пашлі ў Ёпу мужчын і пакліч Сімона, званага Пётрам.
 
Ён вось нам расказаў. Як увідзіў анёла, як з'явіўся ў яго доме і сказаў: "Пашлі ў Ёппу (Яфу) і пакліч Сымона, званага Пятром.

Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
 
Ён павучыць цябе, як збавіш сябе і ўвесь дом свой".

Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.
 
Калі я пачаў навучаць, Дух Сьвяты сыйшоў на іх, як і на нас на пачатку (раней).

І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым”.
 
Прыпомніў я тады словы, сказаныя Госпадам: "Ян хрысьціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".

Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»
 
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як нам, каторыя ўверылі ў Госпада Езуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу.

Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на жыццё».
 
Пачуўшы гэта — усе ўспакоіліся, ды славілі Бога, і казалі: "Дык і паганам даў Бог ласку наварачэньня на (вечнае) жыцьцё".

А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі юдэям.
 
Тыя, што былі разсеяны дзеля прасьледаваньня, узьнікішага за Сьцяпана, дабраліся аж да Феніцыі, Кіпру.

З іх жа некаторыя былі кіпрыйцы і цырэнцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі прамаўляць да грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.
 
3 іх жа, некаторыя былі Кіпрыйцы і Цырынейцы. Яны прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і Грэкаў. Прапаведалі Добрую Навіну пра Госпада Езуса.

І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.
 
А рука Госпадава была з імі, многа ўверыла і навярнулася да Госпада.

І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу пайсці ажно ў Антыёхію.
 
Вестка пра гэта дайшла да вушэй Касьцёла ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі ў Госпадзе.
 
Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеяньне ласкі Божай, уцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпаду.

А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.
 
Быў ён чалавекам добрым і поўным Духа Сьвятога і веры. Тады вялікая грамада прыхінулася да Госпада.

Пасля Барнаба накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.
 
3атым направіўся ў Тарс, каб адшукаць Шаўла.

І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.
 
А калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію ды цэлы год працавалі разам у Касьцёле, навучаючы вялікі натоўп людзей. У Антыёхіі першы раз вучняў назвалі хрысьціянамі.

У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.
 
У той вось час з Ерузаліму ў Антыёхію прыбылі прарокі.

І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за цэзара Клаўдзія.
 
Вось адзін з іх, імем Агоб прадсказваў праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад. Голад быў за Клаўдзія.

Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.
 
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасьці ўспамагчы братоў, пражываючых у Юдзе.

Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу старэйшым праз Барнабу і Саўла.
 
Так яны і зрабілі, пасылаючы, запамогу праз Барнабу і Шаўла.