Дзеі 20 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.
 
Калі заваруха спынілася, Павал паклікаў вучняў, падбадзёрыў, разьвітаўся і падаўся ў дарогу ў Мацэдонію.

Калі ж прайшоў тыя мясціны і ўмацаваў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
 
Калі праходзіў гэтыя мясьціны, даваў многа павучэньняў, затым прыбыў у Грэцыю.

І, калі прабыў там тры месяцы, то юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.
 
Прабыў там тры месяцы ды калі сабраўся плысьці ў Сырыю, жыды прыдумалі супраць яго змову. Дык рашыўся вяртацца праз Мацэдонію.

Праводзілі яго Сапатэр з Бэрэі, Арыстарх і Секунд з Тэсалонікі, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў — Тыхік і Трафім.
 
Яго праводзіў Сопатэр, сын Пырруса з Бэрні, а з Тэсалёніі Арыстарх, Сэкундуе, Гаюс з Дэрбэ і Цімафей, а з Азіі — Тыхік і Трафім.

Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,
 
Тыя пайшлі наперад ды чакалі на нас у Троадзе.

а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
 
Мы паплылі з Філіпп па сьвяце Праснакоў ды па пяці днях з іх прыбылі у Троаду, дзе прабылі сем дзён /днёў/.

У першы дзень пасля суботы, калі сабраліся вучні на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, гутарыў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.
 
У першы дзень па шабаце /нядзелі/, калі сабраліся мы на ламаньне хлеба /на Імшу/, Павал, каторы назаўтра меў выбрацца у дарогу, гаварыў да іх ды прадоўжыў гаворку да поўначы.

І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраны.
 
Многа лямпаў гарэла ў сьвятліцы, дзе былі мы сабраўшыся.

А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.
 
Адзін юнак, на імя Эўтых, сядзеў на /у/ вакне заснуўшы глыбокім сном /змораны сном/ зваліўся з трэцяга паверху на ніз. Паднялі яго нежывога.

Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».
 
Тады Павал сыйшоў на ніз, лёг на яго, абняў яго, і сказаў: "Не трывожцеся, ён жывы." /душа ў ім/.

І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.
 
Затым узыйшоў на гару /верх/, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да сьвітаньня. А потым выбраўся ў дарогу.

А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.
 
А жывога юнака прывялі на вялікую ўсіх радасьць.

Мы ж, сеўшы на карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.
 
Мы жа сеўшы ў карабель, паплылі ў Ассас, адкуль мелі ўзяць Паўла, бо так распарадзіўся, хочучы ісьці пехатой.

Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену
 
Калі пераняў нас у Ассос, узялі яго і адправіліся у Мітэлену.

і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос і, пабыўшы ў Трагілеце, на наступны дзень дабраліся да Мілета,
 
Адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра проці Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос. На другі дзень дабраліся да Мілету,

бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці адзначыць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
 
бо Павал рашыў абмінуць Эфэз, каб не марудзіць у Азіі, бо сьпяшыў па магчымасьці сьвяткаваць Пяцьдзесятніцу ў Ерузаліме.

З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.
 
3 Мілету паслаў ён у Эфэз прызыў сабрацца да старэйшын прэзбітэрам Касьцёла.

А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вамі ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
 
А калі яны сабраліся да яго, казаў ім: "Ведаеце, я кім я быў між вас ад першага дня ды ўвесь час, калі прыбыў у Азію.

служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў многіх слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў юдэйскіх;
 
Як служыў я Госпаду з усёю пакораю, у слязах і ў выпрабаваньнях, каторыя нападкаў з прычыны подступаў жыдоўскіх.

як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
 
Я нічога не прапусьціў карыснага, каб вас не павучаць, ды вучыў вас публічна і па дамах,

сведчучы як юдэям, так і грэкам навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
 
заклікаючы так жыдоў, як і Грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Езусу.

І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.
 
А цяпер прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што мяне там напаткае.

У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.
 
Акрамя таго, што чакаюць мяне путы і гора — упеўняе мяне Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах.

Але я не дбаю лішне пра сваю душу, абы толькі ў радасці завяршыць шлях мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.
 
Але я не даражуся лішня сваім жыцьцём. Важна, каб я завяршыў бег і паслугіваньне, якое атрымаў ад Госпада Езуса: вясьціць Эвангелію ласкі Божай.

І цяпер, вось, ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства Божае.
 
Я цяпер ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з каторымі я спатыкаўся, прапаведаючы Каралеўства Божае.

Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,
 
Дзеля таго запэўняю вас сягоньня: Я невінаваты ў нічыёй крыві.

бо я не ўхіляўся, каб прапаведаваць вам усю волю Божую.
 
Бо я не ўхіляўся баязьліва вясьціць вам усю волю Божую.

Зважайце ж на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы епіскапамі, каб пасвіць царкву Бога, якую Ён здабыў Сваёй Крывёй.
 
3ьвяртайце ўвагу на саміх сябе і на ўвесь статак, над каторым устанавіў вас Дух Сьвяты біскупамі, каб кіравалі вы касьцёлам Бога, каторы ён здабыў Сваёю Крывёй.

Бо я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка,
 
Ведаю, што па маім адыходзе ўварвуцца між вас дзікія ваўкі, каторыя не пашкадуюць статку /стада/.

ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.
 
Ды спаміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць навучаць крывадушна, каб пацягнуць за сабой вучняў.

Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.
 
Таму пільнуйцеся, памятаючы, што я праз тры гады днём і ноччу не пераставаў упамінаць кожнага з вас.

І цяпер, браты, даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць вам спадчыну з усімі святымі.
 
А цяпер паручаю вас Богу ды слову ягонай ласкі, Каторы мае моц збудаваць вас ды даць спадчыну з усімі сьвятымі.

Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.
 
Не квапіўся я на нічыё серабро, ані на золата, ані на адзеньне.

Самі ж ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.
 
Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на мае патрэбы ды маіх сяброў.

Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: “Шчаслівей даваць, чым браць”».
 
Ва усім даказаў вам, што так працуючы трэба ўспамагаць кволых, памятаючы на словы Госпада Езуса, кажучага: Лепш даваць, чым браць."

Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.
 
Па гэтых словах паў на калені ды маліўся разам з усімі.

І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
 
Тады ўсе пачалі ў голас плакаць. Кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго.

сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.
 
Сумуючы дзеля слоў яго, што больш не ўбачаць вобліку яго. Затым правялі яго да карабля.