1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб, як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі.
На канец, браты, просім вас і заклінаем у Госпадзе Езусе, каб як мы вас навучылі, як вам належыць жыць і падабацца Богу, каб так і жылі вы і больш багацелі ласкай.
Бо ведаеце, пэўна, якія мы вам далі пастановы ад Госпада Ісуса.
Помніце пэўне, якія я вам даў прыказаньні ад Госпада Езуса.
Бо воляй Божай ёсць асвячэнне ваша, каб высцерагаліся распусты,
Воляй жа Божай ёсьць сьвятасьць ваша:
каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане,
высьцерагацца распусты, кожны з вас павінен трымаць цела сваё — начыньне — у сьвятасьці і ў пашане,
а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога;
ане ў разьвязнасьці, як паганцы, яны бо ня знаюць Бога,
каб ніхто не ўзвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўцам за ўсё гэта, як мы вам ужо казалі і сведчылі.
хай ніхто не выносіцца і не крыўдзіць на справе брата свайго, бо мсьціцелем у гэтых справах Госпад, як вам ўжо казалі і сьведчылі.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці.
Не паклікаў бо нас Бог да нячыстасьці, а да сьвятасьці.
Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў нам Духа Свайго Святога.
Дык хто гэта адкідае, той не адно толькі чалавекам пагарджае, але і Богам, Ён бо даў Духа свайго Сьвятога для нас.
Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаны Богам адзін аднаго любіць.
Адносна міласьці братняй ня маем патрэбы вам пісаць; самі вось вы навучыліся ад Бога адзін другога любіць.
Так вы і рабіце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай
Так вы і паступайце адносна ўсіх братоў у ва ўсёй Македоніі. Просім тады вас, браты, каб яшчэ з большай сілай
прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,
намагаліся і ў супакою жыць, што належыцца-спаўняць, зарабляць на пражыцьцё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,
ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб ні ў чым не мелі нястачы.
ды каб дастойна адносіліся вы да тых, каторыя жывуць па-за вамі (чужымі) і каб не квапіліся вы на нішто чужое.
Не хачу, браты, каб вы не ведалі наконт памерлых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі што да памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, яны бо не маюць надзеі.
Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім.
Калі ж верым, што Хрыстус памёр і паўстаў з умёршых, так і Бог тых, якія паўміралі (заснулі) ў Езусе, Ён вядзе разам з Ім.
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінуты да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паўміралі.
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым: што мы, якія жывём і пакінуты на прыход Госпадаў, не папярэдзім тых, што паўміралі.
Бо Сам Госпад з загадам і пры голасе арханёла ды пры гуке трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя.
Бо сам Госпад (Езус) на голас Арханёла ды на загад і на зык трубы Божай сойдзе з неба, а памёршыя ў Хрыстусе ўстануць першымі.
Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем падняты ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам.
Потым мы жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем паднятыя ў паветра на аблокі насупроць Хрыстуса ды так заўсёды будзем з Госпадам.
Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.
Вось так адны адных пацяшайма гэтымі словамі.