1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб, як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі.
 
Наапошку, браты, просім а молім вас Спадаром Ісусам, каб, як вы прынялі ад нас, як належа паступаць і гадзіць Богу, так і жывіце, каб вы збыткавалі яшчэ балей;

Бо ведаеце, пэўна, якія мы вам далі пастановы ад Госпада Ісуса.
 
Бо вы ведаеце, што за расказаньні мы далі вам Спадаром Ісусам.

Бо воляй Божай ёсць асвячэнне ваша, каб высцерагаліся распусты,
 
Бо гэта ё воля Божая, — пасьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзержаваліся ад бязулства;

каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане,
 
Каб кажны з вас умеў як дзяржаць судзіну сваю ў пасьвячэньню а сьці,

а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога;
 
А не ў жарсьці жады, як пагане, што ня знаюць Бога.

каб ніхто не ўзвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўцам за ўсё гэта, як мы вам ужо казалі і сведчылі.
 
Не выступайце з права і ня крыўдзьце брата свайго ў справе, бо Спадар помсьнік за ўсе гэта, як мы вам уперад казалі і сьветчылі.

Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці.
 
Бо пагукаў нас Бог не да нечысьціні, але да сьвятасьці.

Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў нам Духа Свайго Святога.
 
Дык хто гэта адхінае, не людзіну адхінае, але Бога, Каторы й даў вам Духа Сьвятога Свайго.

Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаны Богам адзін аднаго любіць.
 
Вось жа празь любосьць братнюю няма патрэбы пісаць вам, бо вы самы навучаны Богам любіць адно аднаго;

Так вы і рабіце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай
 
Бо гэта запраўды вы й робіце ўзглядам усіх братоў па ўсёй Макядоні. Але захочуем вас, браты, рабіць так балей

прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,
 
І рупатліва імкнуцца жыць супакойна, і глядзець сваіх справаў, і рабіць сваімі рукамі, як мы расказалі вам;

ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб ні ў чым не мелі нястачы.
 
Каб вы прыходна жылі перад навоннымі і нічога не патрабавалі.

Не хачу, браты, каб вы не ведалі наконт памерлых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
 
Не хачу ж, браты, каб вы былі ў неведзі ўзглядам сьпячых, каб вы ня смуціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.

Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім.
 
Бо калі мы верым, што Ісус памер і ўскрэс, дык і Бог перазь Ісуса прывядзець ізь Ім заснулых.

Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінуты да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паўміралі.
 
Бо гэта кажам вам словам Спадаровым, што мы жывыя, засталыя да прыходу Спадаровага, ніякім парадкам ня выперадзім заснулых;

Бо Сам Госпад з загадам і пры голасе арханёла ды пры гуке трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя.
 
Бо Сам Спадар із гукам расказаньня, з голасам архангілавым і трубою Божай зыйдзе зь неба, і мертвыя ў Хрысту ўскрэснуць першыя;

Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем падняты ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам.
 
Тады жывыя засталыя ўсхоплены будзем разам ізь імі ў булакох наўпярэймы Спадару ў паветру, і гэтак заўсёды будзем із Спадаром.

Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.
 
Дык цешча адны адных гэтымі словамі.