Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні,
Дзеля таго і мы, маючы вакруг сябе такі лік сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і прасьледуючы нас грэх, павінны цярпліва імкнуцца да вызначанай нам мэты наперагонкі,
гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага.
беручы прыклад з ажывіцеля, крыніцу веры, Езуса, і Завяршыцеля які замест магчымай радасьці, перанёс крыж, ня гледзячы на ганьбу, і сеў праваруч трона Божага.
Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную варожасць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане.
Разважце тады пра Яго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную нянавісьць адносна да Яго, каб і вы аслабелі, калі вам сілы душы ня стане.
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху,
Вы яшчэ не сапраціўляліся аж да крыві, змагаючыся супроць грэху,
і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як сынам, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе дакарае;
але забыліся аб перасьцярозе, якую вам, як дзецям напамінае, кажучы: "Сыне мой, не забывайся пра кару Госпада, ня падай духам, калі Ён цябе выпрабоўвае,
Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае».
каго бо Госпад любіць, таго і карае, сьцябае кожнага, каго за сына прыймае".
Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не караў?
Трымайцеся дысцыпліны. Як з дзецьмі абходзіцца з вамі Бог; Які ж бо гэта быў сын, каб яго бацька не навучаў?
Але калі вы застанецеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
Але, калі вы не навучаны будзеце, а ўсе павінны быць дысцыплінаванымі, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.
Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць?
Адсюль, калі вы бацькоў сваіх мелі ўзгадавальнікаў цела нашага і шанавалі іх, дык ці шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу душ, каб добра жылі.
І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Яго святасці.
І тыя, праўда, навучалі нас па сваёй волі ў кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас удзельнікамі сваёй сьвятасці.
Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць мірны плод справядлівасці.
Усякае пакараньне цяпер выдае ня радасным, а сумным, але пасьля павучаным дасьць духа справядлівасьці.
Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя»,
Дзеля таго "выпрастуйце апушчаныя рукі і самлелыя калені"
і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў».
і простыя рабіце крокі нагамі вашымі, каб кульгавы не блудзіў хто, а нават паздаравеў.
Імкніцеся да міру з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога.
Будзьце ў згодзе з усімі і ўсьвячайцеся, без гэтага бо ніхто ня ўбачыць Бога.
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто Ласкі Божай, каб які горкі корань, узрастаючы ўверх не заглушыў яе, бо праз гэта спракудзіліся многія.
каб не стаў хто распуснікам або бязбожнікам, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства.
Каб ня стаў хто чужаложнікам або зьдзічэлым, як Эзаў, які за адну страву адрокся свайго перашародства.
Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенне, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі.
А ведаеце ж, што пасьля, жадаючы атрымаць багаславенства, быў адхілены, бо ня меў ласкі пакуты, хоць і шукаў яе са сьлязамі.
Бо вы прыступіліся не да гары дакранальнай і палаючага агню, і цемры ды змроку і буры,
Вы не прыступіліся да гары дакранальнай і палаючага агня, і шалеючага ветру ды туману і буры
і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася больш да іх слова.
і гуку трубы і гоману слоў, якія яны пачуўшы, прасіліся, каб ня чуць такой мовы.
Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана, або забіта стралою».
Бо не пераносілі таго, што ім гаварылася: Нават каб жывёла дакранулася да гары, то і тая павінна быць укаменавана.
І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні».
І так страшным было тое, што бачылася. Маісей сказаў: Перапалоханы я і трасуся.
Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння
Але вы прыступіліся да гары Сыёну і горада Бога Жывога, Нябеснага Ерузаліму і безьлічы Анёлаў,
і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці,
і да сьвятыні першародных, яія запісаны ў небе, і да Бога, Судзі ўсіх і да душаў справядлівых сьвятых,
і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што лепш за кроў Абэля прамаўляе.
і да Медыятара — Пасярэдніка Новага Пагадненьня, Езуса, да крыві апырсканьня лепш, мацней заклікаючай, чым кроў Абеля.
Глядзіце, не адвярніцеся ад Гаворачага. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з нябёсаў гаворыць.
Глядзіце, не адвярніцеся ад заклікаючай крыві. Калі ж тыя не пазбегнуць кары, адвярнуўшыся ад Яго, Які навучаў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго. Які да нас з неба гаворыць.
Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба».
Голас Ягоны страсянуў тады зямлёю, а цяпер прыракае, кажучы: "Яшчэ раз страсяну і ўстрасу ня толькі зямлю, але і неба".
Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне расхістанага як створанага, каб заставалася непахіснае.
Што кажа "яшчэ раз", дык гэта значыць зьмяненьне зрухомых рэчаў, каб засталіся толькі такія, што не зьмяняюцца.
Дык вось, прымаючы валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з багабойнасцю і страхам.
Дык вось, каб атрымаць вечнае валадарства, стараймася жыць у ласцы, якой падабаючыся Богу, стараймася служыць Яму са страхам і пашанаю. Бо Бог — гэта агонь ператраўляючы.
Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.