Мацьвея 12 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

У той час праходзіў Ісус у суботу праз ніву; вучні ж Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
 

Убачыўшы гэта, фарысеі сказалі Яму: «Вось жа, вучні Твае робяць, чаго не належыць рабіць у дні суботнія».
 

Тады Ён сказаў ім: «Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся, ды тыя, што з ім былі?
 

Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх есці не належала ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі святарам?
 

Ці хіба не чыталі ў законе, што ў суботу святары ў святыні парушаюць шабат і застаюцца без віны?
 

Але кажу вам, што тут ёсць большы за святыню.
 

Калі б вы ведалі, што значыць: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, дык не асуджалі б бязвінных.
 

Бо Гаспадаром суботы ёсць Сын Чалавечы».
 

І, калі адышоў адтуль, прыйшоў Ён у іх сінагогу.
 

І вось, чалавек сухарукі. І спыталі ў Яго, кажучы: «Ці выпадае аздараўляць у суботу?», каб абвінаваціць Яго.
 

Ён жа сказаў ім: «Ці будзе сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і, калі яна ўваліцца ў роў у суботу, ці ж не возьме ён яе і не выцягне?
 

У колькі ж разоў даражэйшы чалавек за авечку? Таму можна дабро рабіць і па суботах».
 

Потым гаворыць таму чалавеку: «Выцягні тваю руку». І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.
 

А фарысеі, выйшаўшы, учынілі раду супраць Яго, якім чынам загубіць Яго.
 

А Ісус, даведаўшыся пра гэта, пайшоў адтуль. І следам за Ім ішлі многія, і Ён аздараўляў іх усіх
 

і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,
 

каб споўнілася тое, што было сказана Ісаем прарокам, які казаў:
 

«Вось жа, Паслугач Мой, Якога Я выбраў, Улюбёнец Мой, у Якім мае ўпадабанне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесціць народам суд.
 

Не будзе спрачацца і не будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
 

Трысціны надламанай не зломіць і льну тлеючага не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
 

ды ў Яго імені народы надзею мець будуць».
 

Затым прывялі да Яго апанаванага дэманамі, сляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
 

І ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»
 

А фарысеі, чуючы гэта, казалі: «Ён ніяк іначай не выганяе дэманаў, як толькі з дапамогай Бэльзебула, князя дэманаў».
 

Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Любое валадарства, падзеленае само ў сабе, апусцее, і любы горад ці дом, раздзелены сам у сабе, не выстаіць.
 

А калі шатан шатана выганяе, то і яго раздзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца царства яго?
 

І калі Я з дапамогай Бэльзебула выганяю дэманаў, дык з дапамогай каго выганяюць сыны вашы? Вось чаму яны будуць вашымі суддзямі.
 

Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Валадарства Божае.
 

Або як можа хто-небудзь увайсці ў дом асілка і забраць рэчы яго, калі спачатку не звяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.
 

Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не збірае, той раскідае.
 

Таму кажу вам: кожны грэх і блюзненне будуць людзям адпушчаны, але блюзненне на Духа не будзе адпушчана.
 

І, калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе яму даравана, а хто скажа супраць Духа Святога, не будзе яму даравана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
 

Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва ліхім і плод яго ліхім, бо паводле плода пазнаецца дрэва.
 

Род змяіны! Як жа вы можаце добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо ад паўнаты сэрца і вусны гавораць.
 

Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.
 

Але кажу вам: за любое пустое слова, якое прамовяць людзі, здадуць яны справаздачу пра тое ў судны дзень.
 

Бо па словах сваіх будзеш ты апраўданы і па словах сваіх будзеш асуджаны».
 

Тады адказалі Яму некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: «Настаўнік, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак».
 

А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Род ліхі і чужаложны знака патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.
 

Бо як Ёна быў у чэраве вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
 

Мужы з Нінівы паўстануць перад судом разам з родам гэтым ды асудзяць яго, бо яны навярнуліся згодна пропаведзі Ёны; а вось, тут большы за Ёну!
 

Царыца з поўдня паўстане перад судом з родам гэтым ды асудзіць яго; бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона; а вось, тут большы за Саламона!
 

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных месцах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
 

Тады кажа: “Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў”. Ды, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, падмеценым і прыбраным.
 

Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, жывуць там. І будзе пазнейшае чалавеку таму горшым за першае. Так будзе і гэтаму роду крывадушнаму».
 

Калі Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго сталі звонку, хочучы з Ім пагаварыць.
 

І сказаў Яму хтосьці: «Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы пагаварыць з Табой».
 

А Ён, адказваючы таму, хто звяртаўся да Яго, гаворыць: «Хто Маці Мая і хто браты Мае?»
 

І, паказваючы рукой Сваёй на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая і браты Мае.
 

Бо калі хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у небе, той Мой брат, і сястра, і маці».