Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старэйшыны народа на раду супраць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
І, звязаўшы Яго, завялі і перадалі правіцелю Понцію Пілату.
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старэйшынам,
кажучы: «Зграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбонку, бо гэта плата крыві».
І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца «поле крыві».
Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
І калі Яго вінавацілі першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
І, калі ўсе яны сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
Калі ён сядзеў на судзілішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога Гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
А першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
Гаворыць правіцель: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві Справядлівага Гэтага. Гэта ваша справа».
І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
Тады жаўнеры правіцеля, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
І, раздзеўшы Яго, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Цар Юдэйскі!»
І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць «месца чэрапа»,
і далі Яму піць воцат, змяшаны з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя. Каб збылося сказанае праз прарока: «Падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя».
І, седзячы, сцераглі Яго там.
І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старэйшынамі народа, казалі:
«Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Калі Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
Таксама і лотры, з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі цела.
І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстым палатном,
і паклаў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
А на другі дзень, які ёсць пасля дня Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,
кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец Гэты яшчэ жывы сказаў: “Праз тры дні Я ўваскрэсну”.
Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб уначы не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: “Ён паўстаў з мёртвых”, бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.